Пакуль кроў не азмрочыла розум

Для сепаратыстаў аб'ектыўным з'яўляецца толькі тое, што супадае з іхнымі перакананнямі: Нацгвардыя і «Правы сектар» — фашысты, якія ненавідзяць насельніцтва Данбасу, бо яно рускамоўнае і праваслаўнае. Ты з чымсьці не згодны? Значыць, вораг.



Калі я вярнуўся дадому з Украіны пасля трохмесячнай камандзіроўкі, у мяне спачатку нібыта ўсё выветрылася з галавы. Як быццам і не было гэтых трох месяцаў. Мне кажуць — давай, расказвай.
У галаве пракручваюцца пейзажы з тэрыконамі на даляглядзе, блокпосты на дарогах, і ты намагаешся разгледзець здалёк, які ў іх там сцяг, бачыш чорна-сіне-чырвонае палотнішча — і ўсё ўнутры сціскаецца... Хіба гэта са мной было? Нейкія карцінкі з дурнога сну. Няма пра што расказваць.

Ці раптам з'явіцца зусім іншае адчуванне. Я тут нешта раблю, хаджу, размаўляю і ўсё такое іншае, а насамрэч — гэта сон, я ж недзе ў іншым месцы знаходжуся. Сябра жартам выказвае здагадку — зараз ачуняеш на блокпосце, а цябе сепаратысты б'юць нагамі: «На табе, сволач бандэраўская! На! Атрымай!..» Ага, кажу, або ляжу ў бальнічнай палаце пасля аперацыі, яшчэ ад наркозу не адышоў. А ў самога ад уласных слоў халадок па спіне прабягае.
 

Усім выйсці, рукі на машыну

Гэта было вар'яцкай ідэяй — ехаць ноччу ў Данецк на таксі. Аднаму з французаў тэрмінова трэба было патрапіць дадому, бо ў яго ўжо быў квіток на ранішні цягнік, у маскоўскага калегі ўключыўся рэжым «дзе наша не прападала», усе ўжо былі стомленыя пасля цяжкага дню, таму лёгка паддаліся спакусе хутчэй патрапіць дадому.

Толькі італьянец адчайна лаяўся на італьянскай, але яму давялося падпарадкавацца — нас было шасцёра, ён адзін. Козіма настойліва заклікаў застацца яшчэ ў Краснаармейску, у горадзе за 70 кіламетраў ад Данецку. Тут, за 20 кіламетраў, на чыгуначным вакзале ў Ясінаватай, ён крычаў: «Слухайце, ну куды вы, давайце хаця б паямо, кавы вып'ем, падумаем! Dai cazzo! Vaffanculo! Puttana Eva!..» Ён меў рацыю, тут варта было брудна лаяцца. Мабыць, за ягоную абачлівасць воляю лёсу іх таксі на блокпосце не спынілі.

Нашае спынілі. Па абодва бакі людзі з аўтаматамі. Усім выйсці, рукі на машыну, стаяць, баяцца. Хто такія? Адкуль? З якой мэтай? Прад'явіце дакументы.

Добра, што хлопцы загадзя, хто ў майткі, хто ў шкарпэткі, пахавалі карткі памяці з адзнятым за дзень матэрыялам з прэзідэнцкіх выбараў у свабодных ад сепаратыстаў раёнах Данецкай вобласці. Напярэдадні было аб'яўлена, што ўсе, хто прыме ўдзел у выбарах у любой якасці — галасавальніка ці назіральніка, будзе разглядацца як «вораг народу». У іх на картках, апроч выбараў, яшчэ і батальён «Днепр», удзельнікі дабрапольскай Самаабароны, цяжка паранены ўкраінскі салдат, у кагосьці быў здымак побач з агітацыйным плакатам лідара «Правага сектару» Дзмітрыя Яраша. А ці добра схавалі гільзы, падабраныя на месцы бою ў Дабрапольскім раёне?

Я лезу дастаць пашпарт, як раптам рука мярцвее — днём я дзесьці падабраў прыгожа сплеценую, доўгую жоўта-блакітную стужку. І сунуў яе ў тую ж кішэню, дзе ляжаў пашпарт. Ну ўсё, думаю, хлопец, тушы святло. Чаго ўжо тут бэкаць-мэкаць, прыдумляючы адмазкі, несалідна неяк.
Ажно тут праз блокпост спрабуе на вялікай хуткасці праскочыць легкавушка. Сепаратысты, якія збіраліся нас абшукваць, кідаюцца яе спыняць. Адзін застаецца. Убачыўшы, што мае калегі павярнулі галовы, каб паглядзець, што будзе з той машынай, ён, перадзёрнуўшы затвор і пераводзячы ствол з аднаго на іншага, закрычаў: «Не бегаць мне тут вочкамі, не бегаць! Перастраляю зараз на...!»

Карыстаючыся момантам, са спрытнасцю фокусніка я выцягнуў з кішэні пашпарт. Заставалася спадзявацца, што на вокладку з Пагоняй і ўкладзены ўнутр абразок, падпісаны па-ўкраінску каталіцкай манахіняй Бернадэттай з Наваград-Валынскага, увагі яны не звернуць.

Падышоў камандзір. Яму паведамілі: «Тут у нас замежныя грамадзяне». Першым ён узяў пашпарт у мяне і адразу выгукнуў: «О, Беларусь! Дык якія ж гэта замежныя грамадзяне, вы што, адурэлі зусім?! Свае людзі!» Але аднаго беларускага пашпарта не хапіла, каб зняць з нас усе падазрэнні. У нас яшчэ было два французскіх і адзін брытанскі пашпарт.

Я ліхаманкава спрабаваў адказаць сабе на пытанне, ці будзе прыроўнены да «ворага народу» журналіст, які асвятляў прэзідэнцкія выбары. Але ніякай легенды ў нас не было, спроба імправізацыі магла завесці невядома куды, дый што тут скажаш — ездзілі на пікнік? Як перакладчык, я мусіў адказваць за ўсіх. Толькі пакуль я думаў, на пытанні пачаў адказваць брытанец Філіп, прычым на дастаткова чыстай рускай мове: «Мы назіралі... мы асвятлялі сітуацыю падчас выбараў».

У адказ камандзір блокпоста ўскіпеў: «У нас не было ніякіх выбараў! Тут вайна ў нас, разумееш, ты!..» Неасцярожна кінутае слова «назіраць» і руская мова брытанца выклікалі ў сепаратыстаў прыступ агрэсіўнай падазронасці: «Дык вы з АБСЕ, назіральнікі? А на халеру табе перакладчык, калі ты сам усё разумееш і гаворыш па-руску? Можа, вы шпіёны?!» Твары скамянелі. Затворы адзін за другім клац-клац.

Добра, што ў фотаапаратах хлопцы пакінулі не чыстыя карткі памяці, а з нявіннымі здымкамі, зробленымі ранкам. На ўчастках малалюдна, выбарчыя скрыні амаль пустыя. «Глядзі ж, дык яны праўду паказваюць — што ніхто на гэтыя выбары не прыйшоў!» — радасна выгукнуў адзін з сепаратыстаў.


Праўда — гэта тое, у што ты верыш


Адносіны з праўдай тут вельмі простыя. Калі штосьці ўпісваецца ў тваю карціну рэальнасці — значыць, праўда. У адным з данбаскіх гарадкоў, дзе праходзілі выбары, мы гутарылі з даволі вялікай групай маладзёнаў, якія разам прыйшлі галасаваць, здымалі іх. Дык міліцыянт і жанчына — чальцы выбарчай камісіі, якія спачувалі сепаратыстам, пачалі перашэптвацца: «Бач ты, замежнікі гэтыя ім заплацілі, каб яны галасаваць прыйшлі. Карцінку ілжывую стварыць хочуць». Нават выштурхнулі нас з выбарчага ўчастку з нейкай надуманай прычыны.

За «праўдзівае» асвятленне прэзідэнцкіх выбараў на Данбасе некаторыя сепаратысты хацелі адразу ж нас адпусціць, але камандзір не хацеў так хутка з намі расставацца. «Я сам фатограф, і добра ведаю, як лёгка схаваць карткі памяці пры патрэбе. Варта іх абшукаць з ног да галавы», — кінуў ён. Тут я сабе яшчэ раз сказаў, што ўсё, хлопец, цяпер дакладна тушы святло.

Праўда, у самога камандзіра раптам з'явіліся нейкія неадкладныя справы, ён адышоў. А падчас паўзы, якая ўзнікла, сепаратысты заўважылі, што адзін з французаў збялеў, трасецца, ледзь не валіцца з ног. Хлопец, які мусіў быць самым стойкім з нас, бо пяць гадоў служыў у французскай паліцыі. Я пачаў тлумачыць, што ў яго квіток на ранішні цягнік, потым на самалёт, ён вельмі перажывае, баіцца, што згараць квіткі, а грошай у яго амаль не засталося. І згадаў, што ён, дарэчы, напалову серб. Папрасіў, каб ён паказаў татуіроўку на плячы ў выглядзе шаўрона сербскай арміі.

«Сербы мусяць ведаць, што такое вайна, мусяць зразумець нас», — сказаў хтосьці з сепаратыстаў. Гэта зняло напругу, за прадстаўніка брацкага народу пачалі перажываць, прасілі супакоіцца. Урэшце нават прапанавалі каву, якую прынеслі яму ў камплекце з георгіеўскай стужкай. Загад камандзіра абшукаць нас з ног да галавы неяк сам сабой забыўся.

Увесь гэты час, пакуль мы былі на блокпосце, а мы там правялі больш за гадзіну, хлопцы з першай машыны не ведалі, што з намі. Апроч таго, што нас затрымалі, аб чым наш вадзіцель сказаў іхнаму. Потым сувязі не было, бо вадзіцель таксама мусіў выйсці з машыны разам з намі.
Абодва таксісты былі прыхільнікамі ДНР, але іхны аказаўся нейкі зусім дурнаваты. Ён хаміў, злараднічаў, пагражаў: «Ага, затрымалі вашых сяброў, значыць, нешта там такое ў іх было. Можа, і ў вас таксама ёсць? Ці не адвезці вас да іх на блокпост?»

Наш таксіст паводзіўся іначай, пачаў выбачацца, калі мы разлічваліся ў Данецку: «Вы ж зразумейце, калі яны знішчаць нас, яны пойдуць на Еўропу, фашысты гэтыя! Вы ж растлумачце ў сябе там, што сітуацыя вельмі сур'ёзная, мы і вас тут абараняем».

Усе мы за гэты час пракручвалі ў памяці жахлівыя карціны з узятымі ў палон, збітымі, закатаванымі... Таму, калі нарэшце сустрэліся ў хостэле, абняліся, нехта нават плакаў.
 

Мы павінны быць проста журналістамі

Перад тым у нас была гісторыя, калі ў Данецку нас браў на прыцэл снайпер каля шпіталю, дзе нібыта знаходзіліся параненыя ўкраінскія вайскоўцы, якіх баявікі ДНР хацелі выкрасці. Мы разбегліся, нас пераследавала па горадзе машына з узброенымі людзьмі, ад якой, блукаючы і задыхаючыся, давялося сыходзіць дварамі і завулкамі. Нервы ва ўсіх былі на ўзводзе. Любая падазроная машына пад вокнамі хостэлу выклікала новы прыступ паранойі.

Адзін француз не вытрымаў, крычаў: «Нельга так пастаянна баяцца! Гэта вы самі паставілі сябе ў такое становішча! Вы баіцеся, бо пачалі ўспрымаць сябе актывістамі ўкраінскага боку. Мы ж павінны быць проста журналістамі... Проста быць аб'ектыўнымі, заставацца па-над сутычкай, тады ўсё будзе добра!»

Зрэшты, потым ён сам прызнаў, што магчымасць аб'ектыўнасці ў гэтай сітуацыі — ілюзія. Бо ў разуменні сепаратыстаў аб'ектыўным з'яўляецца толькі тое, што супадае з іхнымі перакананнямі. Нацгвардыя і «Правы сектар» забіваюць адзін аднаго, авіяцыя бамбіць цывільнае насельніцтва, вакол адны фашысты, якія ненавідзяць насельніцтва Данбасу, бо яно рускамоўнае і праваслаўнае. Ты з чымсьці не згодны? Значыць, вораг.

Наступным днём стрэлам у галаву забілі жанчыну каля чыгуначнага вакзалу на нашых вачах падчас бою за аэрапорт. Верталётаў у небе не было, перастрэлка тут не вялася. Вакол яе мёртвага цела перад камерамі бегаў мужчына і крычаў: «Глядзіце, глядзіце, што гэтыя бандэраўцы нарабілі!»

Ва ўсіх нас склалася ўражанне, што яна была застрэленая адмыслова — каб было сведчанне жахлівых злачынстваў «крывавай хунты». Але ці можна было тое аб'ектыўна высветліць? Пытанне рытарычнае.

Для многіх з нашай каманды гэта стала апошняй кропляй — пачалі раз'язджацца.
 

«Я ведаю праўду і магу даказаць!»

Калі я яшчэ заставаўся ў Данецку, атрымаў смс-паведамленне ад майго калегі і сябра Козімы Атанасіа, італьянскага журналіста, які адсюль спешна выехаў: «Мы ў бяспецы, ужо пакінулі кляты Данбас і зараз знаходзімся ў цывілізаваным месцы. Слава Украіне!»

Слова «сепаратызм» для еўрапейца не з'яўляецца лаянкай, ён гатовы паважаць права на самавызначэнне, калі камусьці вельмі карціць самавызначыцца, таму многія еўрапейскія журналісты, прыязджаючы, напачатку цалкам нейтральна ставіліся да «народных рэспублік». Козіма таксама не прыехаў сюды з упэўненасцю, што Данбас «кляты», а Украіна — «цывілізаваная». Гэтае стаўленне склалася ў яго пасля ўласнага досведу знаходжання тут. Бо з боку сепаратыстаў ён бачыў глупства, агрэсію, падазронасць і кантроль, а з боку ўкраінцаў — прыязнасць і гасціннасць.

Не для ўсіх такі выбар з'яўляецца самавідавочным і адзіным магчымым. Іншы італьянец, саракагадовы Крысціян Малапартэ, які жыў з намі ў хостэле, на поўным сур'ёзе называў Расію «самай дэмакратычнай краінай у свеце», украінскую ўладу — фашысцкай хунтай, а баявікоў ДНР — мірнымі пратэстоўцамі. Ён чакаў моманту, калі зможа ўзняць келіх віна за перамогу Расіі над ЗША, бо ад апошніх усё злое ў свеце, у тым ліку вайна ва Украіне. Нават падумваў аб тым, каб запісацца ў батальён «Восток».

«Я ведаю праўду і магу даказаць!» — казаў ён, адкрываючы сюжэт тэлеканалу «Russia Today» на сваім ноўтбуку. Пры гэтым ён не выглядаў вар'ятам, ведаў некалькі моваў, быў досыць эрудзіраваным, пісаў вершы.

На мой погляд, усё, што ён казаў, было трызненнем сівой кабылы. Але ж мы неяк ужываліся ў адным памяшканні, нават спакойна гутарылі часам. Хацелася б верыць, што ва ўкраінцаў з дыяметральна рознымі поглядамі таксама атрымаецца, кроў не азмрочыць розум канчаткова...