«Пакуль усе не будуць вольныя». 25 сакавіка стартуе яшчэ адзін праект падтрымкі палітвязняў
25 сакавіка, у Дзень Волі, беларусы распачнуць чарговы праект падтрымкі палітвязняў. Яго ладзяць ініцыятывы D*ssidentby і «Краіна для жыцця».
Сутнасць праекту ў тым, як патлумачылі «НЧ» яго аўтары, што медыйныя беларусы будуць станавіцца своеасаблівымі апекунамі палітзняволеных, каб «рэгулярна распавядаць пра іх у сваіх сацыяльных сетках, а таксама дапамагаць ім».
Праект называецца «Пакуль усе не будуць вольныя». Да яго мусяць далучыцца вядомыя беларускія палітыкі, пісьменнікі, блогеры і г.д.
«Сёння, калі свет спрабуе справіцца з усведамленнем вайны ў Еўропе, а таксама яшчэ не ўсвядоміў да канца трагедыю землятрусу ў Турцыі, людзі часткова забыліся на палітвязняў у нашай краіне. На вялікі жаль, працэс барацьбы з дыктатурай у Беларусі не атрымаўся хуткім. Замест чаканага пасля падзей 20-га года спрынту мы атрымалі доўгі крос, з вялікай колькасцю перашкод і падводных камянёў, — гаворыцца ў прэзентацыі праекта. — На гэтым працяглым шляху мы, неабыякавыя і салідарныя, — адзіныя, хто можа быць голасам ізаляваных ад грамадства людзей.
Эфектыўная падтрымка чалавека ў зняволенні не можа быць разавай. Толькі рэгулярнае ўключэнне палітычных актараў, апазіцыйных лідараў, сусветнай супольнасці і дыяспар, а таксама жыхароў/ак краіны можа гарантаваць захаванне фізічнага і псіхалагічнага здароўя дысідэнтаў і іх блізкіх.
Акрамя таго, людзі ўнутры краіны часта запалоханыя і не гатовы гаварыць пра сваіх блізкіх з-за страху пераследу. Тым гучней павінен быць голас тых, хто такую магчымасць мае, знаходзячыся па-за дасяжнасцю крывавых лап дыктатуры.
Як гэтага дасягнуць? Найбольш чуваць у сучасным свеце галасы вядомых беларусаў і беларусак: прадстаўнікоў/іц праваабарончай супольнасці, грамадзянскіх актывістаў/ак, апазіцыйных лідараў/ак і журналістаў/ак. Менавіта яны маглі б узяць папячыцельства над тым ці іншым вязням/вязынкай рэжыма Лукашэнкі, каб абараняць інтарэсы зняволенага/ай на розных медыяпляцоўках, у СМІ, агучваць праблемы не размытых "тысяч палітвязняў", але цяжар канкрэтнага чалавека і яго сям'і».
Інцыятыва D*ssidentby з'яўляецца некамерцыйнай і скіраваная якраз на падтрымку палітвязняў. Падтрымка палягае ў прамой дапамозе вязням праз перадачы, афармленне падпіскі на газеты і часопісы, перавод сродкаў на асабістыя рахункі зняволеных. Таксама D*ssidentby займаецца інфармаваннем пра зняволеных, іх месцазнаходжанні і стане праз сацыяльныя сеткі і адмысловыя мерапрыемствы.
Праект «Краіна для жыцця» быў заснаваны блогерам Сяргеем Ціханоўскім і спачатку дзейнічаў як папулярны YouTube-канал. Пасля Ціханоўскі пайшоў у палітыку, быў затрыманы і асуджаны на вялікі тэрмін па сфабрыкаванай «палітычнай» справе.
Паводле D*ssidentby, сёння ў Беларусі 1739 палітвязняў. У спісах праваабаронцаў — 1454 прозвішчы. Насамрэч, як адзначаюць эксперты, палітычных зняволеных у краіне нашмат больш, бо не ўсе выпадкі незаконнага пераследу апублічаныя.