На мінскім заводзе «Тэрмапласт» супрацоўнікаў звольнілі за адмову ўступіць у лукашэнкаўскі прафсаюз
Дакладна вядома, што звольнілі двух супрацоўнікаў. Пра гэты выпадак распавяла «Н*ша Ніва».
Спачатку намеснік дырэктара па ідэалогіі прапанавала
добраахвотна запісацца ў прафсаюз. Калі ж пачула іх аргументы, што тыя ўжо
з'яўляюцца сябрамі незалежнага прафсаюзу РЭП, кіраўнікі якога знаходзяцца за
кратамі, то паведаміла, што працаваць з такой пазіцыяй на прадпрыемстве нельга,
хоць заводу і бракуе спецыялістаў-наладчыкаў.
У прыватнай размове ідэолаг тлумачыла супрацоўнікам, што
прафсаюз — гэта не яе капрыз, а загад па ўсіх дзяржаўных прадпрыемствах.
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) хоць і фармальна лічыцца
прафсаюзным аб'яднаннем, насамрэч такім не з'яўляецца. Як і саюзы жанчын,
моладзі і ветэранаў, гэта падкантрольная дзяржаве структура, якая абслугоўвае
кіруючы рэжым, у тым ліку вылучаючы сваіх кандыдатаў у выбарчыя камісіі на
псеўдавыбарах, на якіх не вядзецца сумленны падлік галасоў. Узначальвае ФПБ
Міхаіл Орда — давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі, які раней узначальваў
Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.
Звальненні супрацоўнікаў,
якія не падтрымліваюць уладу, сталі сістэмнай з’явай у Беларусі пасля падзей
2020 года. Па сутнасці, яны пераўтварыліся ў асобную форму палітычных рэпрэсій,
бо звольненыя звычайна атрымліваюць у дадатак да працоўнай кніжкі яшчэ і «воўчы
квіток». То-бок адсутнасць магчымасці ўладкавацца па спецыяльнасці на іншым
месцы. Гэта з'яўляецца прамым парушэннем нават дзейнай лукашэнкаўскай Кастытуцыі.
Пры гэтым
лукашэнкаўцы перасталі саромецца такой палітыкі, адкрыта прызнаючыся, што
нелаяльным людзям наўпрост няма месца на рынку працы.
Напрыклад, у
студзені 2022 года міністр культуры Анатоль Маркевіч паведаміў, што з
устаноў культуры звольнілі больш за 300 чалавек за «дэструктыўную пазіцыю».
«Не хаваю, што праводзілі і праводзім сур'ёзную працу па тых
нашых супрацоўніках, работніках, якія займаюць дэструктыўную пазіцыю», — сказаў
кіраўнік Мінкульта.
Паводле
слоў Маркевіча, «на двух крэслах знаходзіцца не
атрымліваецца». «Гэта недапушчальна. Трэба вызначыцца ў рэшце рэшт. З гэтых
меркаванняў больш за 300 чалавек з нашых калектываў папрасілі», — працягнуў ён.
Маркевіч
адзначыў, што лічыць гэта правільным, таму што «работнікі культуры пастаянна
ўзаемадзейнічаюць з людзьмі і шмат у чым фарміруюць грамадскую думку». «Таму
нельга паводзіць сябе па падвойных стандартах. Трэба вызначыцца», — рэзюмаваў
ён.