Чысткі ў Гродне. З-за чорных спісаў, якіх ніхто не бачыў, звальняюць работнікаў культуры

«Вычышчаюць у асноўным людзей, у якіх ярка выяўленая жыццёвая пазіцыя. Гэта тыя людзі, у якіх фантазія ярчэй развітая, вобразнае мысленне, крэатыўнасць. Сыходзяць больш яркія. Застаецца сярэднестатыстычныя звяно, паслухмяная маса, якая хоча дажыць да пенсіі ці не думаць пра заўтрашні дзень», — лічыць вядучы, які страціў працу. 

grodno_chistyj_gorod.jpg

Рэдакцыя Hr*dna.life паглядзела, як работнікі сферы культуры губляюць працу праз «чорныя спісы».

Вядучы мерапрыемстваў з Гродна Іван (імя зменена) шмат гадоў супрацоўнічаў з буйнымі дзяржаўнымі і прыватнымі прадпрыемствамі і фірмамі. Цяпер ён збіраецца зачыняць індывідуальнае прадпрымальніцтва. Доўгі час з ім адмаўляюцца супрацоўнічаць заказчыкі. З падобным сутыкнуліся яго калегі. Адзін з іх стаў таксістам, другі — кур'ерам, трэці — газавіком. Віной усяму — «чорныя спісы», якіх ніхто не бачыў, але ўсе пра іх кажуць.

Паводле слоў Івана, ніхто «чорных спісаў» не бачыў, але на практыцы шэраг вядучых сутыкнуліся з адмовамі працаваць з імі. Спісы нібыта ёсць у намдырэктара ўстаноў па ідэалагічнай працы. Менавіта яны вырашаюць, ці можна супрацоўнічаць з чалавекам.

— Звычайна ніякіх выразных фармулёвак не даюць. Калі ты даўно працаваў з гэтай арганізацыяй, напрыклад, з намеснікам дырэктара або прафкамам і маеш чалавечыя ўзаемаадносіны, табе могуць сказаць «Прабач, мы на жаль не можам [даць табе працу], па пэўных прычынах». Усе адказваюць вельмі расплывіста, — распавядае Іван аб сітуацыі, з якой сутыкнуўся.

З падобным сутыкаліся і іншыя вядучыя. У чэрвені 2022 года адной з гродзенскіх школ зацікавіліся гарадскія ўлады. Ім стала вядома, што свята ў выпускнікоў правёў шоўмэн Андрэй Ірха. Выпускнікоў і іх бацькоў выклікалі ў пракуратуру. Адміністрацыя патлумачыла, што 10 чэрвеня ў самой школе працавалі мясцовыя вядоўцы, а Андрэй працаваў 11 чэрвеня, калі выпускны быў па-за школай, распавёў тады шоўмэн. Пасля гэтага увага ўладаў да школы знікла. Нумар школы і падрабязнасці інцыдэнту Андрэй не раскрыў.

Андрэя Ірху некалькі разоў затрымлівалі і штрафавалі — на акцыі пратэсту і за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў». У канцы 2021 года блогер распавядаў, што не будзе працаваць на Новы год у рэстаране TURAN і не зможа правесці запланаваныя ў рэстаране мерапрыемствы. На думку блогера, ён трапіў у лік «непажаданых» да супрацоўніцтва.

tochka_k_r_47_800x533.jpg

Кагосьці «забаранілі», хтосьці з'ехаў

— Можа, ты каментар дзесьці не там напісаў, можа, ты засвяціўся дзесьці, актыўна сябе праявіў на маршы. Можа, проста ты да гэтага працаваў у дзяржустанове і твой кіраўнік даў на цябе характарыстыку, што ты маеш ярка выяўленую пазіцыю, — лічыць Іван.

Як правіла, арганізатары і вядучыя ў Гродне сапраўды сумяшчалі працу ў дзяржустановах і з прыватнымі заказчыкамі. Менавіта пасля звальнення з дзяржструктур яны атрымлівалі адмовы па працы.

— Атрымліваецца, пры выбары выканаўцы адштурхваюцца не ад прафесійных якасцяў, а ад бюракратычных — можна з ім супрацоўнічаць ці нельга, — заключае Іван.

Паводле слоў Івана, адчуваецца вялікі адток артыстаў. Кагосьці «забаранілі», хтосьці з'ехаў. А некаторыя зараз не гатовыя выступаць.

Ніводнага канцэрту за год

Музыкант Аляксандр з Гродна за 2022 год не адыграў ніводнага канцэрта. У яго знікла жаданне займацца музыкай. Выступаць, паводле яго слоў, таксама няма дзе. «[На канцэрты] ходзяць «мянты» і Бондарава (праўладная актывістка-даносчыца). Па адчуваннях здаецца, што ўсе з'ехалі, усё распалася і ўсё бессэнсоўна і жахліва на фоне вайны», — распавёў музыка. Ён не гатовы выступаць, пакуль ідзе вайна.

den_nezavisimosti_2021_prazdnik_koncert_tank_vojna_800x533.jpg

У Беларусі групы распадаюцца з-за релакацыі або пераезду фронтмэна. Некаторыя музыкі едуць цэлымі камандамі. На думку крыніцы, у краіне засталіся толькі кавер-бэнды і «дрэнныя музычныя акцёры», якія не займаюць пазіцыю.

— Я не сацыёлаг, каб распаўсюджваць нейкія лічбы з паветра, але на рок-музыцы ў РБ можна паставіць крыж, — мяркуе адзін з гарадзенскіх музыкаў, вымушаны эміграваць. — Выехала велізарная колькасць: ад глыбокага андэграўнду да Лявона Вольскага. У несвабоднай краіне не можа нічога развівацца.

«Усюдыісныя страшныя спісы»

Цяпер нават для выступу танцавальнай школы ў гандлёвым цэнтры трэба атрымаць дазвол УУС і ўпраўлення культуры, падаць спісы вядучых і арганізатараў. «Калі браць нейкую мастацкую выставу, па той жа схеме: чытаюць, адглядаюць, хто мастак, хто даспадобы, не даспадобы. Усюдыісныя страшныя спісы», — распавёў Іван.

Выстава «СКУЛЬПТУРА» ў Гродне адкрылася і траўні і праіснавала адзін дзень. Да ўладаў звярнулася актывістка Вольга Бондарава. Яна заклапацілася» антыдзяржаўнымі выказваннямі» некаторых удзельнікаў выставы. Куратару Івану Арцімовічу прапанавалі прыбраць частку экспанатаў — ён адмовіўся. Выставу закрылі. А неўзабаве гандлёва-забаўляльны комплекс «Triniti» скасаваў дамову з галерэяй «400 квадратаў».

Па «спісах» ва ўстановах культуры прайшлі звальненні перад рэферэндумам, прысвечаным папраўкам у Канстытуцыю ў лютым 2022 года. Звольненыя кажуць аб «тэчцы», якая ёсць на кожнага. Астатнія падпісваюць дакумент аб тым, што яны не будуць удзельнічаць у мітынгах і падпісвацца на «дэструктыўныя» тэлеграм-каналы.

«Вычышчаюць у асноўным людзей, у якіх ярка выяўленая жыццёвая пазіцыя. Гэта тыя людзі, у якіх фантазія ярчэй развітая, вобразнае мысленне, крэатыўнасць. Сыходзяць больш яркія. І «рухавікі» сыходзяць, якія могуць да нечага штурхаць, прыцягваць. Застаецца сярэднестатыстычнае звяно, паслухмяная маса, якая хоча дажыць да пенсіі або не думаць аб заўтрашнім дні», — лічыць Іван.

Рэестр арганізатараў

Іван лічыць, што вярнуцца ў культуру для яго цяпер немагчыма. У тым ліку з-за неабходнасці атрымаць дазвол на сваю дзейнасць. З 1 жніўня 2022 года праводзіць мерапрыемствы могуць толькі ўключаныя ў рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. У рэестр уключаюць ІП, юрыдычных асоб і замежныя або міжнародныя арганізацыі. Вядзе яго Міністэрства культуры. Выключэнне ёсць для дзяржаўных органаў і мерапрыемстваў. Рэестр стаў яшчэ адным абмежаваннем для арганізатараў мерапрыемстваў.

«Аднаму знаёмаму, які шмат арганізоўваў, адмовілі. Чым займацца — аднаму богу вядома», — мяркуе Іван.

Зараз у рэестры з Гродна каля 20 індывідуальных прадпрымальнікаў, некалькі таварыстваў з абмежаванай адказнасцю, мясцовы дабрачынны фонд захавання і развіцця Лютэранскай спадчыны, гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Тытунь», Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.

296a2720.jpg

Як нам цяпер адпачываць?

Працаваць арганізатарам, паводле назіранняў Івана, ёсць для каго. Гарадзенцы ва ўмовах рэпрэсій і вайны не адмаўляюцца ад адпачынку.

— Людзі заўсёды гатовыя [адпачываць] у большай сваёй масе. У старажытным Рыме паэт-сатырык Ювенал сказаў: «Хлеба і відовішчаў». Гэта адзінае, што народу трэба. Каб была даступная ежа, мінімальны набор прадуктаў і забавы. Пры гэтым мерапрыемствы носяць такі ж масавы характар, хоць людзей стала менш хадзіць», — лічыць Іван.

Ён адзначае багацце мілітарызму і ваеннай тэхнікі на святах. Святы суправаджаюць вядомыя гродзенцам па пратэстах цёмныя мікрааўтобусы і аўтобусы, у якіх тады везлі затрыманых. Напрыклад, на апошнім фестывалі нацыянальных культур службу ў горадзе неслі не менш за 200 сілавікоў.

У людзей сапраўды рознае стаўленне да адпачынку. Людзі знаходзяцца ў розных стадыях свайго стану. «Адзін на стадыі, калі яму трэба паклапоціцца пра сябе і адпачыць, а другі — калі трэба рабіць-рабіць-рабіць. Трэці лічыць, што можа быць заўтра жыццё скончыцца — трэба адпачыць. А чацвёрты як забаўляўся, так і забаўляецца, — лічыць псіхолаг з 15-гадовым вопытам, які пажадаў застацца ананімным. — Для таго, каб эфектыўна працаваць, трэба клапоціцца аб сабе і потым дзяліцца гэтым з іншымі».

Тварыць для будучыні

Іван працаваў некаторыя час не па спецыяльнасці і прапіў лёгкія антыдэпрэсанты. У выніку змог знайсці рэалізацыю па-за культурай. Але часам падзарабляе ў сумежных з ёй абласцях.

Для творчых людзей патрэбныя асаблівыя рэкамендацыі, распавёў псіхолаг. Ёсць тры разрэзы: творчая самарэалізацыя, прызнанне і матэрыяльны складнік. Немагчымасць зарабляць на жыццё тым, што табе падабаецца, б'е і па самаацэнцы і па пачуццю бяспекі. Гэтыя людзі прывыклі трансляваць свой унутраны стан. Немагчымасць творча самарэалізоўвацца б'е па гэтым канале. З'яўляецца самаабмежаванне.

Трэба знайсці варыянт, каб праз творчасць «даставаць» з сябе падушаны настрой і канфлікты. Але чалавека, які прафесійна гэтым зарабляе, гэта можа рэтраўмаваць. «Трэба дапамагчы людзям паглядзець, а як яны могуць усё ж такі рэалізоўваць сваё ўнутранае напружанне і пры гэтым атрымліваць прызнанне і «бяспеку» ствараць», — каментуе псіхолаг. Ён раіць «адкладзеную» творчасць — пакуль тварыць «у стол» для будучыні.

— Калі чалавек самадастатковы, ён знойдзе рэалізацыю ў іншай дзейнасці, нават калі яна не будзе мець прамога дачынення да культуры, — лічыць Іван. — Ён знойдзе нейкія моманты, якія будуць яго радаваць, натхняць, зацікавіцца, дзе ён зможа сябе рэалізаваць як чалавек.