Хронікі рэпрэсій. Тэрмін для былога журналіста дзяржТБ, крыміналка за зрэзаную георгіеўскую стужку
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 23 сакавіка.
Палітзняволенаму журналісту Дзмітрыю Семчанку прысудзілі тры гады калоніі. Менавіта такі тэрмін учора запрасіў для Дзмітрыя пракурор.
Дзмiтрый — журналіст і тэлевядоўца, які раней займаў пасаду ў частцы «прэзідэнцкага пула» тэлеканала АНТ. 15 верасня Семчанку затрымалі разам з ягонай жонкай і прысудзілі яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пазней стала вядома, што супраць яго распачалі крымінальную справу.
Яго абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы). Прысуд вынес суддзя Яўген Пісарэвіч.
У Жлобінскім
раённым судзе працягваецца судовы канвеер па крымінальных справах, узбуджаных
за ўдзел у акцыях пратэсту, якія адбываліся 9 і 10 жніўня 2020 года. 6 сакавіка
судзілі Таццяну Дземчанку за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба
парушылі грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Суддзя
Яўген Ерафееў прызначыў ёй адзін год «хатняй хіміі».
Таццяна — адна з пяці затрыманых у Жлобіне пад час міліцэйскай аблавы, якая адбылася 13 снежня снежня мінулага года. Тады былі затрыманыя таксама знаёмыя паміж сабой Марына Ляхновіч, Вадзім Кір'янаў, Настасся Татарынава і Кірыл Камароў. Усіх іх змясцілі пад варту.
Вядома, што Настассю Татарынаву асудзілі 2 сакавіка, Вадзіма Кір’янава — 21 сакавіка, аднак вынікі гэтых судовых працэсаў пакуль невядомыя.
Стала вядома пра затрыманні ў Пінску. Схапілі як мінімум трох чалавек, але, магчыма, колькасць затрыманых нашмат большая.
У Гродне на працы затрымалі двух мясцовых жыхароў. Іх абвівацілі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Таксама масавыя затрыманні адбыліся ў Гомелі, Мазыры і Калінкавічах. Імаверна, лукашэнкаўскія сілавікі ладзяць «хапуны» з меркаванняў «прафілактыкі» ў сувязі з Днём Волі, які будзе адзначацца 25 сакавіка.
У Оршы за
некалькі дзён было затрымана і адміністрацыйна асуджана каля двух дзясяткаў
чалавек. Прычынай у асноўным былі публікацыі ў сацсетках. У выніку рэйду агулам было затрымана як мінімум 12 чалавек (аднаго схапілі ў Сянно). Усім затрыманым мужчынам аршанскія суддзі
прызначылі адміністрацыйныя арышты ад 10 да 15 сутак, а кожную жанчыну штрафавалі
аднолькава на 1850 рублёў.
Вядома, што першым, хто трапіў пад рэпрэсіі, быў аршанец сябра аргкамітэта па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Аляксандр Школьнікаў. Пазней з'явілася інфармацыя пра яго затрыманне і ператрус у яго кватэры. Аляксандр — інвалід па зроку, аднак да суда міліцыянты адправілі яго ў ізалятар часовага ўтрымання. Суд арыштаваў Школьнікава мінімум на 10 сутак.
Супраць заснавальніка і галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча завялі крымінальную справу. У чым вінавацяць рэдактара, невядома — з адваката была ўзятая падпіска аб неразгалошванні. Манцэвіча затрымалі падчас хвалі ператрусаў у рэгіянальных медыя 15 сакавіка. З таго часу ён застаецца за кратамі. Цяпер Аляксандра перавядуць у следчы ізалятар.
У судзе
Ленінскага раёна асудзілі Уладзіміра Веразубава паводле ч. 1 арт. 342 КК
(арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак,
альбо актыўны ўдзел у іх). Суддзя Юлія Шчоткіна прызначыла Уладзіміру тры гады
абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Уладзіміра абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў Мінску ў 2020 годзе і перакрыцці руху грамадскага транспарта. Таксама мужчыну паставілі ў віну выкарыстанне бел-чырвона-белай стужкі і жэста перамогі. Уладзіміра апазналі па фотаздымках, якія ён рабіў на акцыі пратэсту і затым апублікаваў на сваёй старонцы ва «УКантакце».
Намеснік пракурора Ленінскага раёна Мінска заявіў пазоў аб спагнанні з Веразубава на карысць Мінсктранса маёмаснай шкоды памерам 86 515 рублёў. Пазоў будзе разглядацца ў парадку грамадзянскай вытворчасці.
У Гомелі затрыманы мясцовы жыхар, які падрапаў нажом бампер і зрэзаў георгіеўскую стужку з машыны з расійскімі нумарамі. У міліцыю на яго паскрадзілася сама гаспадыня аўто. Супраць затрыманага распачалі крымінальную справу паводле арт. 339 (хуліганства). Прапагандысты пішуць, што ў кватэры мужчыны «па падлозе былі раскіданыя георгіеўскія стужкі, каб па іх таптацца», а на сцяне вісеў сцяг Украіны.
Прысуд палітвязню Юрыю
Касцюку пакінулі без
зменаў. Неўзабаве яго этапуюць у калонію. Восенню мінулага года Юрыя таемна вывезлі з Расіі ў Беларусь і асудзілі да 4 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Пяць
месяцаў ён утрымліваўся ў расійскім следчым ізалятары, яшчэ тры месяцы — у
беларускіх.
Касцюка абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 361-4 КК (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) за тое, што дапамагаў іншым палітвязням атрымліваць дапамогу ад фондаў. Сам Юрый на судзе віну не прызнаў і адмовіўся даваць паказанні.
Апеляцыйную скаргу палітвязня пазаўчора разглядалі ў Вярхоўным судзе, яна пакінута без задавальнення.
Суд Наваполацка прызнаў выкладчыка Полацкага дзяржуніверсітэта Аляксандра Камко вінаватым у правядзенні пікету, і аштрафаваў на 3700 рублёў. Паводле адміністрацыйнага пратакола, Аляксандр Мікалаевіч без атрымання дазволу мясцовых уладаў прыняў удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — пікетаванні, шляхам публікацыі ў «Фэйсбуку» свайго фота з выявай сцяга Украіны і БЧБ-сімволікі.
Мужчына ў судовым пасяджэнні віну не прызнаў. Але пры гэтым не адмаўляў таго, што размясціў у «Фэйсбуку» сваю фатаграфію са сцягам Украіны і БЧБ-сімволікай, з мэтай дэманстрацыі сваёй пазіцыі з нагоды пачатку вайны ва Украіне, аднак сказаў, што не пераследваў мэты праводзіць пікетаванне.
Аднак суддзя прыйшла да высновы, што фотаздымак размешчаны выкладчыкам універсітэта з мэтай прыцягнення ўвагі іншых грамадзян да падзей ва Украіне.
Палітзняволенага
анархіста Сяргея Раманава асудзілі за
«злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Палітвязень быў
затрыманы 29 кастрычніка 2020 года. 22 снежня 2021 года Мінскі абласны суд
прызначыў яму 20 гадоў калоніі. З канца траўня 2022
года Сяргей адбывае тэрмін у ваўкавыскай калоніі № 11, дзе на яго ўвесь час
аказвалі ціск: неаднаразова адпраўлялі ў ШІЗА, а нядаўна на 4 месяцы адправілі
ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). 23 сакавіка ў
Ваўкавыску над ім адбыўся суд паводле ч. 2 арт. 411 КК — злоснае
непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы. Суддзя Мікалай Талашка прызначыў Сяргею 11 месяцаў калоніі. Такім
чынам, агульны тэрмін для Раманава склаў 20 гадоў і 11 месяцаў пазбаўлення
волі.
У Бабруйску зноў
затрымалі журналіста выдання «Коммерческий Курьер» Дзмітрыя Суслава. У чым яго
абвінавачваюць, невядома, але верагодна, што заўтра адбудзецца суд па
адміністрацыйнай справе. Летась Дзмітрыя ўжо затрымлівалі і арыштоўвалі на 15 сутак за рэпост у сацсетках.