Зганьбіў «гонар і годнасць» расійскага войска. Як КДБ і ГУБАЗіК здзекаваліся з беларуса

Многія беларусы, рызыкуючы сабой, фіксавалі перамяшчэнне расійскай тэхнікі. Вось такі наш беларускі адказ і пасільны ўклад на шляху да свабоды, лічыць адзін з затрыманых за фатаграфаваньне вайскоўцаў РФ Алег Барадзін.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__18_.jpg

Жыхар Гомля Алег Барадзін лічыць, што фота- і відэафіксацыя расейцаў на беларускай тэрыторыі можа стаць унёскам беларусаў у барацьбу Ўкраіны супраць расейскай агрэсіі. Пра гэта ён распавёў «Свабодзе».           

За год з пачатку шырокамаштабнай агрэсіі Расеі сотні беларусаў затрымлівалі за падтрымку Ўкраіны. Людзей хапала міліцыя і КДБ за допісы ў сацыяльных сетках, за пашкоджаньне абсталяваньня чыгункі, фіксаваньне расейскай тэхнікі. Адным з затрыманых за здымкі вайскоўцаў з Расеі ў Беларусі быў Алег Барадзін. Ён пазьбег калёніі і расказаў «Свабодзе», як усё адбывалася.

«КДБ палічыў мяне не такім небясьпечным і перадаў на расправу ў ГУБАЗіК»

Алег Барадзін жыў у Гомлі, працаваў дырэктарам мэблевай вытворчасьці. 29 сакавіка 2022 году яго затрымалі супрацоўнікі КДБ, кажа суразмоўца.

«Затрымалі карэктна, каля офісу маёй фірмы. Завезьлі да сябе на допыт, які цягнуўся шэсьць гадзінаў. Стаўленьне было перадузятым, допыт — нэрвовым. Шукалі маю датычнасьць да «рэйкавай вайны». У тэлефоне нічога такога не знайшлі, таму перадалі мяне ГУБАЗіКу», — успамінае Алег.

01000000_0aff_0242_ee92_08db29ff21cc_cx0_cy16_cw0_w1597_n_r1_st_s.jpg

Ён удакладняе, што за некалькі дзён да затрыманьня пачысьціў свой тэлефон ад «кампрамату».

«Нагодай для затрыманьня стала тое, што 16 сакавіка я сфатаграфаваў двух расейскіх ваякаў у цэнтры Гомля. Яны ішлі на падпітку і цягнулі пакет з алькаголем і закускай. У КДБ заявілі, што я сваімі дзеяньнямі зганьбіў «гонар і годнасьць» расейскага войска ў асобе гэтых ваякаў. Даволі спрэчнае пытаньне, хто і каго зганьбіў», — кажа жыхар Гомля.

У ГУБАЗіКу Алега, як ён расказаў, абвінавацілі ў падпісцы на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

«Супрацоўнік ГУБАЗіКу быў шчыра зьдзіўленыя, што КДБ перадала мяне ім. Палічылі, відаць, не такім небясьпечным. Дапыталі, зьнялі відэа бяз так патрэбнага ім пакаяньня з майго боку», — дадаў Алег.

Ён кажа, што міліцыянты глядзелі на яго зь «вялікай абыякавасьцю», ажывіліся толькі тады, калі даведаліся, што Алег — дырэктар мэблевай фірмы.

«Адзін з супрацоўнікаў тады сказаў: "Нах... табе гэта трэба? Чаго табе не хапала?"», — успамінае беларус.


«Ад кайданкоў у мяне запясьці былі парваныя і намуляныя да мяса»

У адзьдзеле міліцыі ў Алега здымалі адбіткі пальцаў.

«Калі я спытаўся пра магчымасьць памыць рукі, апэратыўнік засьмяяўся: "Навошта? Фарба добрая, потым са скурай сама зьлезе"».

Пасьля розных «фармальнасьцяў» накшталт суду за дзьве хвіліны Алег атрымаў 15 дзён арышту і трапіў у ізалятар часовага ўтрыманьня.

«Мусіць, тут нічога новага не скажу. Поўны надгляд, разьдзяваньне, потым — кайданкі і пацягнулі ў камэру ў позе гарбуна. Спалі без матрацаў, пасьцельнай бялізны. Ноччу падымаюць на «праверку». Кругласутачна гарыць сьвятло. Холад, ад якога стукаюць зубы. Ацяпленьня не было. Усе перамяшчэньні — у кайданках. Мне здавалася, што канвойныя атрымлівалі задавальненьне, калі хапалі за кайданкі і зь сілай выварочвалі рукі ўгору — так, што храбусьцелі суставы. У мяне ад кайданкоў былі запясьці парваныя і намуляныя да мяса», — кажа Алег.

Рукі Алега Барадзіна пасьля кайданкоў

Рукі Алега Барадзіна пасьля кайданкоў

Ён кажа, што ад аднаго выгляду турэмнай ежы станавілася млосна.

«На сьняданак — каша зь сечкі без аніякага смаку, на абед — пусты суп, макарона, звараная да стану аднаго камяка. Магло быць варанае яйка ці катлета з манных крупаў з дабаўленьнем мяса, на вячэру каша. Гэта проста немагчыма было есьці. Былі выпадкі, калі ў «ежы» былі «каўтуны» з жаночых валасоў, у супе — пакусаныя кавалкі крабавых палачак», — кажа суразмоўца. Ён сьцьвярджае, што за 15 дзён за кратамі страціў 11 кіляграмаў вагі. Алег Барадзін успамінае, як зьдзекліва гучалі заклікі канвойнага атрымаць дабаўку: «Ням-ням! Ежа! Каму дабаўкі? Ежа!».


«Некаторыя канвойныя стараліся стварыць невыносныя ўмовы для «палітычных»

Алег таксама расказвае, што стаўленьне канвойных да «палітычных» было розным. Некаторыя, па словах беларуса, нават маглі перадаць нешта з таго, што прынесьлі сваякі, не падымалі ўначы на «праверку». Іншыя ж стваралі невыносныя ўмовы.

«Не прыносілі туалетнай паперы, напрыклад. Двое новых «палітычных», маладыя хлопцы, стукалі ў дзьверы камэры, крычалі, што ведаюць свае правы, патрабавалі адваката. Канвойныя крычалі, што адаб’юць ім галовы. Потым канвойныя зайшлі ў камэру. Не магу сказаць адназначна, што добра пачуў крыкі, але пасьля таго эпізоду ўжо гэтых хлопцаў не чуваць было», — кажа Алег.

Пазьней ён трапіў у камэру, якую назваў «знакамітай».

«Сьцены былі ў надпісах мылам — «Нежывая Беларусь» і «Жыве». Там быў «патрыятычны» стол, увесь сьпісаны «Верым, можам, пераможам», «Край», «Жыве» і іншымі надпісамі. Калі я чытаў гэтыя надпісы, мяне гэта натхняла, бо ўсьведамляў, колькі нязломных людзей прайшло праз гэтую камэру», — дадаў беларус.

«Самае галоўнае на ІЧУ — гэта людзі, зь якімі ты сядзіш»

У ізалятары Алег пазнаёміўся зь іншымі «палітычнымі», якія трапілі туды за здымкі расейскай тэхнікі ці вайскоўцаў. Адзін зь іх — супрацоўнік IT-сфэры Віктар Кулінка (У жніўні 2022 году атрымаў на судзе 3 гады калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці», таксама за здымкі расейскай тэхнікі. — РС).

«Яго затрымалі разам з жонкай. Забралі ўсю тэхніку, тэлефоны. Жонку, праўда, пасьля допыту адпусьцілі. Справа была ў тым, што Віктар зьняў расейскую тэхніку са свайго вакна ў цэнтры гораду. Таму яго, мусіць, і вылічылі», — мяркуе Алег.

Сядзеў ён на ІЧУ яшчэ з адным спэцыялістам IT, затрыманым у Гомлі, Андрэем Уткіным (на судзе ён атрымаў два гады калёніі. — Рэд.).

«Малады, 1991 году нараджэньня, адзіны сын у пажылых бацькоў. Быў затрыманы, зь ягоных словаў, вельмі жорстка, па ўсіх канонах «мянтоўскага цырку», з прымяненьнем зброі, «блазнамі ў бронекамізэльках». Хлопца ўзялі за тое, што зьняў на відэарэгістратар сваёй машыны грузавік расейскіх акупантаў на вуліцы Савецкай у Гомлі. Каб яго затрымаць, міліцыя зладзіла цэлую «спэцапэрацыю». На яго жорстка ціснулі, яму папросту ламалі псыхіку. Хлопец мусіў падпісаць усё, што яму падсоўвалі», — кажа Алег.

Там жа, у ізалятары, Алег пазнаёміўся з чыгуначнікам Аляксандрам Лучыновічам (на судзе атрымаў 2 гады калёніі за «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці». — Рэд.).

«Ён працаваў на чыгунцы. У чыгуначнай форме яго прывезьлі і ў ізалятар. Ён на свой тэлефон здымаў цягнік з расейскай вайсковай тэхнікай і трапіў на камэры назіраньня вакзалу. «Прынялі» яго проста на працы», — дадаў Алег.

Барадзін мяркуе, што самае галоўнае на ІЧУ — гэта людзі, зь якімі ты сядзіш. «Калі сусед маральна зламаны, замкнуты ў сабе, то праведзены зь ім час будзе пакутай. Калі ж чалавек шукае хоць нейкі пазытыў і глядзіць на рэчы з гумарам, хай сабе і чорным, то ўсё пераносіцца лягчэй. У мяне быў такі сусед па камэры Сяргей. Праверку камэры мы называлі «цырк шапіто з клоунамі», вобшук — «аздараўляльнымі працэдурамі а-ля гімнастыка», прыём ежы — «паход у рэстарацыю». Прычым мы так шмат сьмяяліся, што ахоўнік стаяў пад дзьвярыма і падслуховаў», — кажа Алег Барадзін.


«Я быў адзіны, хто выйшаў пасьля «сутак» на волю»

Барадзін расказвае, што быў адзіным затрыманым за здымкі расейскіх салдатаў ці тэхнікі, хто выйшаў пасьля «сутак» на волю.

«Падазраю, што ГУБАЗіК палічыў, што, маючы жонку, дзяцей, фірму ў Гомлі, я нікуды ня дзенуся ад іх, не пакіну Беларусі. Я разумеў, што тут ня скончыцца 15 днямі арышту, мяне будуць «круціць па поўнай». Зьезьдзіў да адвакатаў. Мне там надзеі не далі, сказалі, што я буду сядзець гарантавана. Перапісаў маёмасьць на жонку, даведаўся, што на мяне ўсё ж завялі крымінальную справу, узяў невялікую торбу і паехаў у Маскву», — кажа Алег.

З Масквы ён перабраўся ў Ерэван, адтуль — у Тбілісі. Ад 20 сакавіка Алег з жонкай і дзецьмі ўжо ў Ізраілі.

«Фальсыфікацыя выбараў у Беларусі прывяла да нечаканай народнай хвалі супраціву. Дзесяткі тысячаў затрыманых, садысцкая жорсткасьць міліцыі, катаваньні, гвалт... І апошняя кропля — вайна Расеі супраць Украіны. Многія беларусы, рызыкуючы сабой, фіксавалі перамяшчэньне расейскай тэхнікі, скідалі гэтую інфармацыю ў тэлеграм-каналы. Гэта наш беларускі адказ і пасільны ўклад на шляху да свабоды», — дадаў Алег.