396-ты дзень вайны ва Украіне. Свет не верыць у ядзерны шантаж Пуціна

Заявы расійскага кіраўніка пра размяшчэнне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі асабліва не ўразілі сусветную супольнасць. І тым больш, ніяк не паўплывалі на ход баявых дзеянняў ва Украіне. УСУ працягваюць абараняць сваю зямлю, а наступ Расіі выдыхаецца.

Фота з сайта ukr.net

Фота з сайта ukr.net


Генштаб УСУ

Войскі РФ працягваюць засяроджваць асноўныя намаганні на вядзенні наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. На іх УСУ адбілі больш за 85 атак, паведаміў Генеральны штаб у ранішняй зводцы 26 сакавіка.

Украінскія вайскоўцы правялі паспяховае контрнаступленне на поўнач ад Бахмута Данецкай вобласці і здолелі адбіць частку тэрыторыі ўздоўж трасы Е40.

На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен, прыкмет фарміравання наступальных груповак праціўніка не выяўлена.

На ўсіх напрамках армія РФ абстрэльвала мірныя гарады і вёскі і розных відаў зброі. Усяго за суткі 25 сакавіка акупанты нанеслі 34 авіяцыйныя і чатыры ракетныя ўдары, здзейснілі больш за 70 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, у прыватнасці, па грамадзянскай інфраструктуры населеных пунктаў. Ёсць параненыя сярод мірнага насельніцтва.

«Высокай застаецца верагоднасць нанясення Расіяй ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны», — падкрэслілі ў Генштабе.

З 24 лютага 2022 года па 26 сакавіка 2023 года агульныя страты асабовага складу расійскіх войскаў на тэрыторыі Украіны, верагодна, склалі 170 550 чалавек (+660 за суткі).


Ядзерныя заявы Пуціна

У Пентагоне пракаментавалі заяву Пуціна аб планах размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, адзначыўшы, што пакуль няма прычын для змены гатоўнасці ядзерных сіл ЗША. У Мінабароны ЗША заявілі, што пакуль не бачаць прыкмет гатоўнасці РФ да ўжывання ядзернай зброі.

У Германіі раскрытыкавалі заяву Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. Прыведзенае Пуціным у якасці прыкладу размяшчэнне ядзернай зброі ў краінах NATO «уводзіць у зман і не можа служыць апраўданнем гэтага кроку», заявіў прадстаўнік МЗС Германіі. Міністэрства таксама ўбачыла ў словах расійскага кіраўніка «новую спробу ядзернага запалохвання».

Больш за тое, як падкрэслілі ў Берліне, Беларусь на міжнародным узроўні ў некалькіх дэкларацыях абавязалася быць свабоднай ад ядзернай зброі.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) піша, што Пуцін, верагодна, меў намер размясціць расійскую ядзерную зброю ў Беларусі яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Але пасля ён вырашыў сумясціць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі з пачаткам новай інфармацыйнай кампаніі па запалохванні Украіны і краін ЕС.

У Інстытуце нагадваюць, што Лукашэнка прапанаваў Расіі размясціць ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі яшчэ 30 лістапада 2021 года, а ў лютым 2022 года Беларусь скасавала Канстытуцыйны пункт, які замацоўвае нейтральны статус Беларусі.

У студзені і лютым 2022 года эксперты ISW прагназавалі, што Пуцін можа паспрабаваць размясціць тактычную або стратэгічную ядзерную зброю ў Беларусі ў рамках больш шырокіх намаганняў па паглыбленні расійскага кантролю над Мінскам.

Пуцін, верагодна, устрымаўся ад разгортвання зброі ў Беларусі ў пачатку ўварвання 2022 года, каб захаваць магчымасць размясціць яго ў рамках будучай расійскай інфармацыйнай аперацыі па маніпуляванні Захадам.

Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны (РНБА) УкраіныАляксей Данілаў мяркуе, што размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі — крок да ўнутранай дэстабілізацыі краіны. «Заява Пуціна пра размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі — крок да ўнутранай дэстабілізацыі краіны, максімальна павышае ўзровень негатыўнага ўспрымання і грамадскага адрыньвання ў беларускага грамадства Расіі і Пуціна», — канстатаваў ён.

На думку Данілава, Крэмль узяў Беларусь у ядзерныя закладнікі.

Міжнародная кампанія па забароне ядзернай зброі (ICAN) раскрытыкавала заяву Уладзіміра Пуціна аб тым, што Крэмль дамовіўся з Мінскам аб размяшчэнні расійскай тактычнай ядзернай зброі. «Пакуль прэзідэнт Пуцін валодае ядзернай зброяй, Еўропа не можа быць у бяспецы», — заявілі ў ICAN.

Паводле ВВС; Карэспандэнт; Украінская праўда; РБК-Україна.