Падары дзіцяці сябра і дапамажы выхаванцам Гродзенскага хоспісу трапіць у Друскенікі

Грамадскае дабрачыннае аб’яднанне “Гродзенскі дзіцячы хоспіс" далучылася да акцыі “Падары дзіцяці сябра" дабрачыннага аўкцыёну сустрэч "МаеСэнс".



untit.jpg

Маленькія пацыенты Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі ў пачатку снежня намалявалі сваіх уяўных сяброў. Гэтыя малюнкі перададзены валанцёрам "Гродзенскага дзіцячага хоспісу", якія паводле малюнкаў робяць цацкі.

Цацкі выставяць на інтэрнэт-аўкцыён, дзе кожны ахвотны зможа набыць іх і падарыць маленькім аўтарам малюнкаў, разам з цацкай падарыўшы і надзею на ацаленне.

Малюнкі цацак з іх коштам з’явяцца на сайтах «МаеСэнс» і «PaRamonak».

Грошы ад правядзення інтэрнэт-аўкцыёну пойдуць на арганізацыю паездкі дзяцей, якімі апякуецца "Гродзенскі хоспіс", у аквапарк у Друскеніках.

Вольга Шульга, дырэктар ГДТ “Гродзенскі дзіцячы хоспіс" распавядае:

— Мы атрымалі 25 малюнкаў. Цяпер нашы валанцёры, бацькі дзяцей і самі дзеці робяць па гэтых малюнках цацкі: робата, жырафа, чарапаху, вожыкаў, сонейка, мядзведзікаў, караблікі... На адным з малюнкаў — мама, так што шыем ляльку ў выглядзе мамы. 

Гэта вельмі складана, добра, што ў нас ёсць крэатыўныя валанцёры і бацькі, якія здолелі ацаніць, з якога матэрыялу і якім чынам гэта можна зрабіць.

Учора размеркавалі заданні паміж сем’ямі, праца павінна быць скончаная да 27 снежня.

Для нас гэта і магчымасць парадаваць хворых дзяцей, і дадатковая магчымасць сабраць грошы на паездку ў аквапарк.

Шэраг дабрачынных акцый па зборы сродкаў для паездкі дзяцей у Друскенікі "Гродзенскі дзіцячы хоспіс" распачаў 2 снежня.

t-styl.info