Пачобут: «Буду пісаць далей, пакуль не пасадзяць»
Следства супраць журналіста Андрэя Пачобута працягнулі да 21 лістапада. Мера стрымання не мянялася, журналіст застаецца пад падпіскай аб нявыездзе. Андрэй Пачобут пракаментаваў падзеі для Радыё
“Свабода
— Што думаеце пра тое, што следства працягнута? Як гэта ўспрынялося псіхалагічна?
— За гэтым стаяць палітычныя прычыны. Відавочна, улады вырашылі, што ім пакуль такі працэс не патрэбны, і сітуацыя пакуль застаецца ў падвешаным стане. Ну, а я буду пісаць далей, пакуль не
пасадзяць.
— Вядома, што пасля вашага вызвалення з вязніцы, яшчэ ў чэрвені, з вамі не праводзіліся следчыя дзеянні. Якія, на вашу думку, зараз у вашай справе могуць праводзіцца следчыя
дзеянні?
— Я ведаю толькі, што былі канфіскаваныя адразу кампутары, на якіх я працаваў дома, і па іх была праведзена экспертыза. Праўда, з яе вынікамі мяне не азнаёмілі. Але гэта былі тыя самыя
кампутары, якія ў мяне канфіскоўвалі ў папярэдняй справе. Таму думаю, што яны там усё хутка праверылі і ўстанавілі, што можа мець дачыненне да гэтай справы.
— Вас выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. А ці за гэты час даводзілася пакідаць Горадню?
— Так, я абавязаны знаходзіцца на тэрыторыі Горадні і выязджаць нікуды ня маю права. Адзін раз я звяртаўся па дазвол, і мне такі дазвол далі. Я ездзіў летам у Наваградак на пахаванне. Болей
не звяртаўся, хоць па працы патрэбы былі. Але хто мяне будзе пускаць пісаць рэпартажы?
— Памятаю вашы рэпартажы з мінскага суду над Кавалёвым і Канавалавым, матэрыялы з Віцебску. А як цяпер працуеце?
— Сёння ў мяне такой магчымасці няма, але я працую з ньюсамі альбо пішу аналітычныя тэксты.
— Што вас як журналіста найболей вабіць у цяперашніх падзеях у Беларусі?
— Аўтарытэт улады цяпер мінімальны. Наагул, самае дзіўнае, што калі ўзяць сістэму беларускай эканомікі, то паводле ўсіх сусветных нормаў яна не можа існаваць. Але яна ўжо 18 гадоў
функцыянуе, і гэта цікава. І Лукашэнка ўвесь час знаходзіць лазейкі, калі, здавалася, усё ўжо павінна абрынуцца. Але яно ізноў існуе, бо аказваецца, што можна гандляваць распушчальнікамі. І вось
такія схемы эканамічныя — гэта вельмі цікава.
— Напэўна, цяпер застаецца больш часу, каб бавіць яго з сям’ёй?
— Вядома, я значна больш часу стаў аддаваць сям’і, улічваючы тое, што для ўсіх было вельмі складана, калі мяне пасадзілі, дый ізноў могуць пасадзіць. Рэгулярна субота —
выходны дзень, і я яго цалкам аддаю сям’і, а сына кожны дзень важу ў садок.
Справа Пачобута
21 кастрычніка завяршылася папярэдняе следства ў крымінальнай справе супраць журналіста Андрэя Пачобута.
— Следчых дзеянняў за гэты перыяд (пакуль цягнулася следства. — РС) ніхто не праводзіў, мяне нікуды не выклікалі. Я пакуль нічога не ведаю, бо мяне ніхто ні пра што не інфармаваў,
— заявіў «Свабодзе» Андрэй Пачобут.
Андрэя Пачобута, карэспандэнта польскай «Gazety Wyborczej», арыштавалі 21 чэрвеня.
Яго звінавацілі ў паклёпе на прэзідэнта. Падставамі сталі артыкулы Пачобута на сайтах «Хартыя’97» і «Беларускі партызан».
Журналіста могуць пакараць абмежаваннем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленнем волі на такі самы час.
Пачобута адразу пасадзілі ў следчы ізалятар, дзе ён прабыў да 30 чэрвеня. Пасля яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе. Яшчэ ў СІЗА ён адмовіўся супрацоўнічаць са следствам.
5 ліпеня 2011 года суд Ленінскага раёну Горадні апраўдаў Андрэя Пачобута паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзідэнта Беларусі), але прызнаў вінаватым паводле часткі 1
артыкула 367 Крымінальнага кодэксу (паклёп на прэзідэнта).
svaboda.org