Па крымінальных палітычных справах у красавіку асудзілі не менш за 161 чалавека
У красавіку праваабаронцы фіксавалі працяг тэндэнцыі інтэнсіўнага правядзення судовых працэсаў па палітычна матываваных крымінальных справах.
Праваабаронцы ў красавіку фіксавалі працяг тэндэнцыі інтэнсіўнага правядзення судовых працэсаў па палітычна матываваных крымінальных справах. Паводле папярэдніх звестак «Вясны» , колькасць асуджаных за месяц склала мінімум 161 чалавек, з якіх 50 складаюць жанчыны, 111 – мужчыны.
У дачыненні да аднаго абвінавачанага – Аляксандра Кулініча – судовы працэс не адбыўся ў сувязі з яго смерцю ў брэсцкім СІЗА за тыдзень да пачатку пасяджэння.
На момант публікацыі праваабаронцам вядомыя падрабязнасці 44 крымінальных спраў. Распавядаем пра асаблівасці крымінальнага пераследу па палітычных матывах у красавіку.
Мінск і Брэсцкая вобласць — лідары па крымінальных працэсах
Рэгіянальная структура крымінальнага пераследу па палітычных матывах у красавіку выглядала наступным чынам:
- Мінск — 83 чалавекі;
- Гомельская вобласць — 10 чалавек;
- Брэсцкая вобласць — 36 чалавек;
- Гродзенская вобласць — 12 чалавек;
- Магілёўская вобласць — 8 чалавек;
- Мінская вобласць — 10 чалавек;
- Віцебская вобласць — два чалавекі.
Пераслед за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе
Пераважную частку ў структуры рэпрэсій па крымінальных справах па-ранейшаму займаюць суды па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса. З 161 чалавека, падвергнутых судоваму пераследу ў красавіку, у 102 у абвінавачванні меўся склад злачынства, які прадугледжвае адказнасць за «актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».
Правапрымяняльная практыка выкарыстання дадзенага артыкула для пераследу ўдзельнікаў стыхійных сходаў 2020 года ў большай ступені вызначаецца рэгіянальнай спецыфікай. Дадзеная спецыфіка выяўляецца ў тым, што ў пераважнай большасці выпадкаў у Мінску судовыя працэсы заканчваюцца вынясеннем пакарання ў выглядзе «хатняй хіміі». Правядзенне шэрагу групавых працэсаў у Брэсце і Баранавічах па эпізодах, звязаных са стыхійнымі мірнымі сходамі ў дадзеных гарадах у жніўні 2020 года, скончылася ў пераважнай большасці выпадкаў рэальным пазбаўленнем волі для фігурантаў спраў.
Завочныя суды
У красавіку судовы канвеер масава выносіў прысуды ў рамках працэдуры спецыяльнай вытворчасці. Паводле арт. 342 КК да двух гадоў пазбаўлення волі кожнаму былі завочна асуджаныя восем чалавек: Вольга і Яўген Пруднікавы, Анатоль Астроўскі, Віктар Пузан, Аляксандр Тэрлюк, Віталь Пахомчык, Ірына Сталока і Генадзь Гутар. У Мінскім абласным судзе разглядалася справа такой жа катэгорыі ў дачыненні да Ігара Парункевіча, абвінавачанага «распальванні іншай сацыяльнай варожасці», «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці», «гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі» і «абразе Лукашэнкі».
Рэпрэсіі ў дачыненні да сем'яў
На працягу красавіка працягвалася практыка судовага пераследу цэлых сем'яў або груп сваякоў за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. У Дзяржынску паводле арт. 342 КК у судовым парадку пераследаваліся Дзяніс і Вольга Краўчанка, Усевалад і Кацярына Ігнацьевы. У Баранавічах была рэпрэсаваная сям'я Крысціны Дыдышкі-Чаркашынай і Івана Дыдышкі, якіх пакаралі годам пазбаўлення волі з адтэрміноўкай да выканання дзіцяці трох гадоў і двума гадамі пазбаўлення волі адпаведна.
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска слухаліся справы паводле арт. 342 КК у дачыненні да Уладзіслава Наздрына і Гражыны Быкавай-Наздрынай, а таксама Уладзіслава і Ірыны Тамашэўскіх. У судзе Ленінскага раёна Мінска слухалася справа ў дачыненні да Дзіяны і Сяргея Данчанак, у судзе Цэнтральнага раёна Мінска – Анжалікі і Дзяніса Лагун, Аляксандра і Аляксандры Юрэвічаў.
Таксама ў Мінскім гарадскім судзе з канца сакавіка слухаліся справы ў дачыненні да Аляксандра Катовіча, які абвінавачваецца ў «распальванні іншай сацыяльнай варожасці», «удзеле ў дзейнасці экстрэмісцкага фармавання», «паклёпе і абразе Лукашэнкі», і Ларысы Катовіч, якую судзілі паводле артыкула аб «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці».
Паўторныя рэпрэсіі
У структуры крымінальнага пераследу па палітычных матывах па-ранейшаму захоўваецца вельмі негатыўная тэндэнцыя паўторнага і наступнага асуджэння грамадзян, раней падвергнутых рэпрэсіям. Раней асуджаную да паўтара года «хатняй хіміі» і буйнога штрафу ў Івацэвічах ураджэнку Мінска Алену Барысюк судзілі ў судзе Першамайскага раёна Мінска паводле артыкулаў пра «абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады».
Асуджанага ў траўні мінулага года судом Кобрынскага раёна Эдуарда Верамчука паводле артыкулаў пра «абразу Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады» падвергнулі судоваму пераследу ў судзе Маскоўскага раёна Брэста паводле артыкула аб «абразе прадстаўніка ўлады».
З агульнай тэндэнцыі паўторнага і наступнага асуджэння грамадзян па палітычных матывах вылучаецца справа палітвязня Аляксандра Жука, якога па адбыцці пакарання ў выглядзе паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ па «справе карагодаў» асудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у стыхійнай акцыі пратэсту ў Брэсце ў ноч з 10 на 11 жніўня 2020 года, якая адбывалася за месяц да падзей, якія паслужылі падставай да яго першапачатковага пераследу.
Спецыяльная канфіскацыя
У структуры крымінальнага пераследу па палітычных матывах па-ранейшаму захоўваецца адметная асаблівасць у выглядзе прысудаў прадстаўнікам грамадзянскай супольнасці. Менскі гарадскі суд асудзіў Настассю Мацяш да двух гадоў пазбаўлення волі і штрафу сумай 500 базавых адзінак за «правядзенне моўных кансультацый, пераклад, карэктаванне, рэдагаванне тэкстаў, якія надалей выкарыстоўваліся ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання «БЕЛСАТ».
Варта адзначыць, што ўлады, акрамя стаўлення да «экстрэмісцкіх складаў» злачынстваў, выкарыстоўваюць інструмент спецыяльнай канфіскацыі ганарару фігурантаў: у прыватнасці, з Настассі Мацяш спагналі 102 415 рублёў 12 капеек у якасці даходу, атрыманага нібыта злачынным шляхам. Падобны інструмент быў выкарыстаны і ў дачыненні да Ігара Карнея, рэпрэсаванага месяцам раней.
Беспрэцэдэнтны суд за «злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва»
Трэці месяц у Гродзенскім абласным судзе ідзе судовы працэс у дачыненні да Вадзіма Пацэнкі і Аляксея Кулікова, якіх абвінавачваюць у «акце міжнароднага тэрарызму», «распальванні іншай сацыяльнай варожасці», «акце тэрарызму», «агентурнай дзейнасці» і «здрадзе дзяржаве». Дадзеная справа вылучаецца з цэлага масіва палітычна матываваных спраў тым, што ўпершыню фігурантам ставяць у віну склад злачынства з кіраўніка КК «злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва», за які прадугледжана выключная мера пакарання – смяротнае пакаранне.
Разам з тым, варта адзначыць, што радавым аб'ектам злачынства па арт. 126 КК з'яўляецца «мір паміж дзяржавамі і народамі», гэта значыць такія ўзаемаадносіны, якія выключаюць прымяненне сілы ў міждзяржаўных адносінах і накіраваныя на вырашэнне міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі на аснове Статута ААН. Месцам жа здзяйснення злачынства, прадугледжанага арт. 126 КК, з'яўляецца тэрыторыя замежнай дзяржавы або тэрыторыя дыпламатычнага прадстаўніцтва, консульскай установы замежнай дзяржавы, якая знаходзіцца на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Аб'ектыўны бок складу злачынства, прадугледжанага артыкулам 126 КК, выяўляецца ў альтэрнатыўных дзеяннях у выглядзе здзяйснення выбуху, падпалу, затаплення, іншых дзеянняў агульнанебяспечным спосабам альбо якія ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў і наступу іншых цяжкіх наступстваў.
Грамадству больш чым за год не было прадстаўлена вычарпальнай інфармацыі аб тым, якія канкрэтна дзеянні былі здзейсненыя абвінавачанымі, каб іх кваліфікаваць па ч. 3 арт. 126 КК. У фільме «Гаспар на сувязь не выйшаў» ішла гаворка аб кваліфікацыі дзеянняў Кулікова паводле ч. 2 арт. 126 КК. Паводле інфармацыі дзяржаўных медыя, аб'ектамі фатаграфавання Куліковым з'яўляліся дзве нафтабазы, вайсковая частка і Генеральнае консульства РФ у Гродне. Аб якіх-небудзь дзеяннях, якія могуць ахоплівацца аб'ектыўнай бокам складу злачынства, прадугледжанага арт. 126 КК, не паведамлялася.