«The New York Times»: Лукашэнка душыць іншадумства — і канкуруе ў гэтым з Пуціным
Вядомая амерыканская газета «The New York Times» выпусціла матэрыял пра Беларусь — за атмасфернымі фотаздымкамі, якія цалкам перадаюць настрой людзей унутры краіны.
Нядаўняя выпускніца сярэдняй школы старанна падбірала свой гардэроб, адпраўляючыся на летні фальклорны фестываль. Яна была апранутая ва ўсё белае, як прынята на гэтым мерапрыемстве, і на яе залацістых валасах красаваўся вялікі вянок з кветак. Але калі справа дайшла да выбару пояса для спадніцы, яна абрала карычневую скураную стужку, пазбягаючы чырвонага колеру.
У Беларусі чырвоны і белы колеры з'яўляюцца колерамі пратэснага руху супраць рэжыму Лукашэнкі. І нават найменшая прыкмета пратэсту можа прывесці чалавека ў турму. «Я турбуюся наконт прыцягнення непатрэбнай увагі з боку ўладаў», — сказала «The New York Times» маладая жанчына, якая пажадала застацца ананімнай.
Заявіўшы пра перамогу на шырока аспрэчваемых прэзідэнцкіх выбарах тры гады таму — і жорстка падавіўшы пратэсты, якія рушылі за гэтым, Лукашэнка паклаў пачатак страшным рэпрэсіям.
Ён становіцца ўсё бліжэй да свайго заступніка, прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, і пазіцыянуе сябе як неацэннага ваеннага саюзніка Расіі ў яе вайне супраць Украіны. Лукашэнка таксама душыць іншадумства спосабам, нябачным для большай часткі свету, але канкуруе ў гэтым з крывавым рэжымам Пуціна.
Беларускія сілавікі праводзяць аблавы на дзеячаў апазіцыі, журналістаў, юрыстаў і нават людзей, якія нібыта «здзяйсняюць правапарушэнні» — такія, як каментаванне мемаў у сацыяльных сетках або «абраза Лукашэнкі» ў прыватных гутарках са знаёмымі, якія падслухоўваюцца і пра якія паведамляецца, «куды трэба».
У прыватнасці, актывісты і праваабарончыя арганізацыі заяўляюць, што сілавікі маюць намер знайсці і пакараць усіх людзей, якія ўдзельнічалі ў пратэстах 2020 года. Беларусаў арыштоўваюць за тое, што яны носяць чырвона-белае адзенне, татуіроўкі ў выглядзе паднятага кулака — таксама сімвала пратэснага руху — ці проста за тое, што іх можна ўбачыць на фотаздымках антыўрадавых дэманстрацый трохгадовай даўніны.
«За апошнія тры гады мы прайшлі шлях ад мяккай аўтакратыі да неататалітарызму, — гаворыць Ігар Ільяш, журналіст, які выступае супраць рэжыму. — Яны крыміналізуюць мінулае».
Беларусы, апытаныя «The New York Times», паўтарылі гэтую думку, выказаўшы асцярогу, што нават нязначнае меркаванае парушэнне, звязанае з пратэстамі, можа прывесці да турэмнага зняволення.
Рэпрэсіі прымусілі людзей значна асцярожней ставіцца да адкрытага праяўлення свайго гневу ў дачыненні да ўладаў, кажа Ільяш. Гэта, у сваю чаргу, заахвоціла ўлады засяродзіцца на тых, хто ўдзельнічаў у пратэстах 2020 года — у спробе запалохаць і здушыць іншадумства.
Увага да рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі ўзмацнілася пасля ўварвання Расіі ва Украіну летась і, у прыватнасці, у апошнія месяцы.
У мінулым годзе Беларусь дазволіла Крамлю ўварвацца ва Украіну са сваёй тэрыторыі. Сёлета ў сакавіку Расія абвясціла, што размесціць тактычную ядзерную зброю на беларускай тэрыторыі. Відэадоказы сведчаць пра тое, што ў Беларусі цяпер размяшчаюцца сілы расійскай ваенізаванай групоўкі «Вагнер», а ў чацвер урад заявіў, што сілы «Вагнера» навучаюць спецыяльныя беларускія аператыўныя падраздзяленні непадалёк ад мяжы з Польшчай.
Жорсткія рэпрэсіі закранулі таксама і юрыстаў: больш за 500 чалавек былі пазбаўленыя сваіх юрыдычных ліцэнзій або пакінулі прафесію ці з'ехалі з краіны.
Беларусь стала асабліва небяспечнай і для журналістаў. Паводле звестак «Беларускай асацыяцыі журналістаў», цяпер у турме знаходзяцца 36 супрацоўнікаў медыя. У панядзелак арыштавалі 55-гадовага Ігара Карнея. Ён пісаў для «Радыё Свабода», якое Беларусь забараніла як «экстрэмісцкую арганізацыю». Людзі могуць быць прысуджаныя да турэмнага зняволення тэрмінам да сямі гадоў толькі за тое, што падзяліліся яго кантэнтам.
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», сілавікі правялі ператрус у доме Карнея і канфіскавалі яго электронныя прылады. Цяпер ён знаходзіцца ў сумна вядомым мінскім следчым ізалятары на Акрэсціна, і ні яго сям'я, ні адвакаты не маюць да яго доступу.
Рэжым абвясціў большасць незалежных СМІ і БАЖ «экстрэмісцкімі», што робіць сачэнне за імі ў сацыяльных сетках злачынствам.
Жонка Ігара Ільяша, адзначаная ўзнагародамі журналістка Кацярына Андрэева, была прысуджаная да васьмі гадоў турэмнага зняволення па двух асобных справах і цяпер працуе швачкай у папраўчай калоніі, зарабляючы менш за 4 долары ў месяц. У турме яе прымушаюць насіць на грудзях жоўтую бірку, якая сведчыць, што Кацярына — палітычная зняволеная. Мяркуецца, што журналістка выйдзе на волю ў 2028 годзе, і, калі той жа ўрад усё яшчэ будзе ва ўладзе, яна па-ранейшаму будзе лічыцца «экстрэмісткай» і ёй будзе забаронена займацца журналістыкай.
Сам Ігар Ільяш правёў 25 дзён у турме, і, паколькі адна крымінальная справа супраць яго ўсё яшчэ адкрытая, яму забаронена пакідаць краіну. Ён не выходзіць са сваёй кватэры без невялікага заплечніка, у якім знаходзяцца прадметы першай неабходнасці для турмы — на выпадак яго затрымання: зубная шчотка, зубная паста, запасная ніжняя бялізна і шкарпэткі.
Актывісты і апазіцыйныя дзеячы таксама становяцца мішэнямі. У гэтым месяцы ў папраўчай калоніі ва ўзросце 57 гадоў памёр мастакАлесь Пушкін. Лічыцца, што ён стаў трэцім палітвязнем, які загінуў у беларускай турме з пачатку пратэстаў.
Некалькіх самых вядомых палітвязняў краіны — такіх, як Марыя Калеснікава, не бачылі ні іх сваякі, ні адвакаты, ім не дазваляецца пісаць лісты, а гэта азначае, што яны не выходзяць на сувязь ужо некалькі месяцаў.
Праваабарончы цэнтр «Вясна» налічвае сёння ў Беларусі амаль 1500 палітычных зняволеных і яшчэ 1900 чалавек, асуджаных па «палітычна матываваных справах».
«Сілавікі ўсё яшчэ праглядаюць відэа людзей, сацыяльныя сеткі і фотаздымкі з пратэстаў», — кажа Яўгенія Бабаева, супрацоўніца «Вясны», якая вядзе ўлік палітычна матываваных затрыманняў з Літвы.
Яна была арыштаваная ў ліпені 2021 года, у той жа дзень, што і заснавальнік цэнтра Алесь Бяляцкі, а таксама некаторыя іншыя калегі. Яе вызвалілі толькі таму, што яна падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве з сілавікамі, але, паводле яе слоў, пакінула Беларусь у той жа дзень.
У сакавіку гэтага года Алесь Бяляцкі быў прысуджаны да 10 гадоў турэмнага зняволення за «кантрабанду наяўных грошай» і «фінансаванне дзеянняў і груп, якія груба парушалі грамадскі парадак» — гэтыя абвінавачанні разглядаюцца праваабаронцамі як надуманыя і накіраваныя на дыскрэдытацыю арганізацыі.
На першы погляд, наведвальнікам сталіцы краіны давялося б прыгледзецца больш уважліва, каб убачыць якія-небудзь прыкметы таго, што пратэсты ў 2020 годзе наогул мелі месца. Мінск, які ганарыцца сваёй чысцінёй, па-ранейшаму ахайны. Рэкламныя шчыты абвяшчаюць 2023 год «Годам міру і стварэння», а на прыдарожных клумбах кветкі высаджаныя паводле нацыянальных беларускіх матываў.
Але жыхары кажуць, што над горадам і краінай навісла злавесная атмасфера. Камеры з магчымасцю распазнання асоб сочаць за грамадскімі прасторамі і ліфтамі, высочваюць звычайных беларусаў, якія проста жывуць сваім жыццём.
Аднойчы чэрвеньскім вечарам жыхарка Мінска выйшла на шпацыр. Да яе падышла міліцыя і зрабіла ёй вымову за простае адміністрацыйнае парушэнне, менш сур'ёзнае, чым пераход праезнай часткі ў няправільным месцы.
Афіцэр пашукаў яе імя ў базе даных сілавікоў, выявіў доказы папярэдняга затрымання за ўдзел у пратэстах 2020 года. Неўзабаве супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол з абвінавачаннем у тым, што яна лаялася на іх участку — што яна адмаўляе, — і змясцілі яе на 10 сутак на Акрэсціна паводле абвінавачання ў «хуліганстве».
Паводле слоў жанчыны, яна дзяліла маленькую камеру з 12 іншымі жанчынамі. Там не было ні матрацаў, ні падушак, а святло гарэла 24 гадзіны ў суткі. Хоць усе захварэлі (яна падхапіла цяжкі выпадак кавіду), ім давялося дзяліцца зубнымі шчоткамі. Там не было душа, і калі ў жанчыны пачыналася менструацыя, ёй давалі ватныя шарыкі, а не пракладкі ці тампоны.
Рэпрэсіўная машына душыць людзей і падахвочвае многіх з'язджаць. Выпускніца сярэдняй школы, якая адправілася на святкаванне летняга сонцастаяння і дня народзінаў беларускага паэта Янкі Купалы, сказала, што наведала яго праз недахоп публічных мерапрыемстваў пасля 2020 года.
«Нам больш няма куды ісці», — сказала яна, скардзячыся на тое, што кантроль стаў настолькі жорсткім, што нават традыцыйныя песні былі загадзя ўзгодненыя з уладамі. Большасць добрых музыкаў прызнаныя «экстрэмістамі» і юылі вымушаныя пакінуць краіну.
Дзяўчына кажа, што таксама плануе з'язджаць, спадзеючыся працягнуць вучобу на Кіпры або ў Аўстрыі. Прынамсі, палова яе знаёмых ужо з'ехалі з Беларусі.
Іншы наведвальнік фестывалю, 37-гадовы Вадзім, сказаў, што ў яго склалася ўражанне, што прынамсі палова яго сяброў адсядзелі ў турме праз свае палітычныя погляды. Ён кажа, што яго жонка ўжо эмігравала — і ён думае далучыцца да яе.
«Для многіх людзей штуршком да ад'езду стала вайна», — дзеліцца хлопец.
«Раней мы думалі, што гэтая сітуацыя ўрэшце скончыцца, — кажа Вадзім, — але як толькі пачалася вайна, мы зразумелі, што будзе толькі горш».