Нюансы «сямейнага капіталу»: каму дадуць і як атрымаць
Каб атрымаць падтрымку ад дзяржавы, шматдзетныя бацькі павінны звярнуцца з заявай у выканкам па месцы жыхарства. Інакш грошы з казны на іхны рахунак не пералічаць.
Прэзідэнт падпісаў указ аб абяцаным сямейным капітале. Пра гэта 10 снежня паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы. Дакумент запрацуе з 1 студзеня 2015 года.
Што такое сямейны капітал
Гэта грашовая сума ў памеры 10 тысяч долараў, якая будзе выдзяляцца сем'ям, у якіх нарадзілася трэцяе, чацвёртае і гэтак далей дзіця. Грошы будуць выдаваць у безнаяўнай форме і залічаць
на рахунак у банку менавіта ў доларах. На рахунак будуць налічваць працэнты, памер якіх вызначыць міністэрства фінансаў. Падаходным падаткам сямейны капітал абкладацца не будзе.
Хто мае права
Тыя, у каго трэцяе, чацвёртае і гэтак далей дзіця народзяцца з 1 студзеня 2015 года па 31 снежня 2019 года. Таму, калі сям'я стане шматдзетнай ў гэтым снежні, то права на сямейны капітал
яна мець не будзе. Усім дзецям у сям'і павінна быць да 18 гадоў. Скарыстацца сямейным капіталам можна толькі адзін раз.
Як атрымаць
Нават калі з нараджэннем дзіцяці вы ўклаліся ў тэрміны, гэта яшчэ не значыць, што на ваш рахунак у банку аўтаматычна будуць залічаны 10 тысяч долараў. Ва ўказе прапісана, у якія тэрміны трэба
звяртацца за дзяржпадтрымкай.
«Права на зварот за прызначэннем сямейнага капіталу можа быць рэалізавана на працягу 6 месяцаў з дня нараджэння (усынаўлення) трэцяга і наступных дзяцей».
Гэта значыць паспець звярнуцца за сямейным капіталам трэба не пазней, чым праз паўгода пасля папаўнення ў сям'і. Той, хто гэтага не зробіць, права на падтрымку дзяржавы страціць.
Як скарыстацца
Пасля таго як дзіцяці споўніцца 18 гадоў, грошы можна будзе выдаткаваць на навучанне, паляпшэнне жыллёвых умоў, атрыманне паслуг у сферы аховы здароўя або сацыяльнага абслугоўвання. Акрамя
гэтага, грошы можна выкарыстоўваць для назапашвання пенсіі маці або датэрмінова на медыцынскія паслугі (па пераліку Міністэрства аховы здароўя). На рукі грошы выдаваць не будуць: каб іх патраціць,
трэба зноў звярнуцца ў выканкам. Важны момант: калі сям'я не звернецца ў выканкам на працягу трох гадоў пасля 18-годдзя дзіцяці, сямейны капітал вернуць у бюджэт краіны.
finance.tut.by