Някляеў: у 2012 годзе хваліцца няма чым

У Мінску 17 снежня кампанія "Гавары праўду!" прэзентавала публічную справаздачу аб сваёй дзейнасці за 2012 год. Адзначыўшы шэраг поспехаў і дасягненняў, лідар кампаніі Уладзімір Някляеў усё ж такі заявіў, што "хваліцца асабліва няма чым", перадае карэспандэнт Тэлеграфа.



35o1rz_w465h262.jpg

"Нічога істотнага, каб змесці рэжым, не было зроблена. Але мы змаглі зрабіць тое, што можна зрабіць", — падкрэсліў палітык.

Паводле яго слоў, у 2012 годзе ГП у межах кампаніі "Грамадзянская дамова" асноўную ўвагу надавала рашэнню лакальных праблем простых грамадзян, прыцягваючы іх тым самым у палітыку. Тым не менш, заявіў Уладзімір Някляеў, "Гавары праўду!" за гэта падвяргалася крытыцы з боку іншых апазіцыйных арганізацый, паколькі займалася "дробязнымі пытаннямі". Пры гэтым, адзначыў ён, крытыкавалі кампанію тыя апазіцыйныя сілы, якія аддаюць перавагу вырашаць "касмічныя пытанні, не робячы пры гэтым ні халеры".
 


Палітык таксама прызнаў, што сёння апазіцыя не ўяўляе рэальнай сілы ў беларускім грамадстве, а 60% грамадзян, якія, па яго словах, не падтрымліваюць ні ўладу, ні апазіцыю, але маглі б стаць рэальнай дзеючай сілай, так і засталіся віртуальнымі, як і сама апазіцыя.
 


У сваю чаргу намеснік старшыні ГП Андрэй Дзмітрыеў заявіў, што беларуская апазіцыя не робіць нават таго, што можна зрабіць, бо гэта патрабуе значна больш намаганняў і штодзённай працы. Ён адзначыў, што, вырашаючы лакальныя праблемы, кампанія імкнецца ўцягнуць у палітыку простых грамадзян, паколькі "толькі праз палітыку можна вырашаць праблемы".
 


"Трэба не ісці да людзей з тым, што важна нам, а абараняць тое, што важна людзям. І толькі тады мы зможам угаварыць людзей, падтрымаць нашы ідэі", — лічыць палітык.
 


Сённяшнюю ж апазіцыю ён параўнаў з прывідам. "Людзі ведаюць, што яна ёсць, але ніколі яе ў сваім жыцці не сустракалі", — дадаў Андрэй Дзмітрыеў.
 


Паводле яго слоў, людзі сёння ўспрымаюць офісы кампаніі "Грамадзянскай дамовы", створаныя ГП у 18 рэгіёнах краіны, як апошнюю надзею, калі ўлады адмаўляюцца дапамагаць. "Мы б хацелі, каб людзі так успрымалі ўсю беларускую апазіцыю", — адзначыў ён, заявіўшы, што грамадства стомлена ад старога тыпу палітыкі.
 


Андрэй Дзмітрыеў таксама заклікаў беларускую апазіцыю да больш частых дыскусій пра будучыню Беларусі. Паводле яго слоў, наяўнасць розных поглядаў у апазіцыі з'яўляецца яе плюсам у параўнанні з уладамі, прадстаўнікі якіх, на яго думку, заўсёды галасуюць аднолькава. "Мы рознакаляровыя. Людзям ёсць з каго выбіраць", — дадаў ён.
 


Заклікаў да актыўных дзеянняў у сваім відэазвароце і лідар моладзевага крыла ГП Павел Вінаградаў, асуджаны раніцай 17 снежня на чарговыя пяць сутак арышту. Ён заявіў, што "паміж азадкам і канапай ніколі не праскоквае нічога талковага". Ён таксама заклікаў смяяцца над злом і высмейваць яго, бо пасля гэтага яно перастае быць страшным.

telegraf.by