«Незвычайна худы і пасівелы». Выйшаў на волю былы следчы, які ў 2020 годзе падтрымаў народ
Як стала вядома «Нашай Ніве», выйшаў на волю некалі высокапастаўлены следчы, былы начальнік упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці СК Аляксандр Сушко. Пасля звальнення з органаў ён працаваў у Group-IB — буйной кампаніі ў сферы кібербяспекі, чыйго заснавальніка нядаўна ў Расіі прысудзілі да 14 гадоў строгага рэжыму за «дзяржаўную здраду».
Аб тым, што Аляксандр Сушко арыштаваны, выданню паведамлялі некалькі не звязаных
між сабой крыніц. Меркавана, арышт адбыўся ў 2022 годзе.
Апошні раз Сушко нешта пісаў у сваім Фэйсбуку летам 2021-га, а лайк пад віншаваннем ад імя ягонай старонкі ставілі летам 2022-га, больш ніякай актыўнасці на яго актуальнай старонцы не было.
Сэнс прэтэнзій да яго быў невядомым.
Да меркаванага затрымання Сушко працаваў у мінскім офісе расійскай Group-IB, а потым, мяркуючы па адкрытай інфармацыі, у яе даччынай кампаніі FACCT (Fight Against Cybercrime Technologies).
Калі быў следчым, Сушко вёў мноства рэзанансных спраў, у прыватнасці, вялікую «справу айцішнікаў», па якой праходзіў, напрыклад, Віктар Пракапеня.
Тады здарылася амаль неверагоднае для беларускай сістэмы — крымінальная справа скончылася нічым. Усіх фігурантаў выпусцілі без суда.
У 2020-м Сушко публічна выступіў за спыненне масавага гвалту і дыялог. Выступаў з узважанай крытыкай дзеянняў праваахоўнікаў.
«[…] Усе, хто стаіць не ў тым месцы, павінны сысці… А чаму, калі гэта і іх зямля, горад? Павінны і ўсё! А куды ісці? Сёння на іншую вуліцу, а заўтра ў гета? Калі гумовыя кулі не дапамогуць, то ў ход пойдуць баявыя? […] Калі ідуць гранаты і кулі ў ход, то людзі палохаюцца, а многія ўцякаюць, і некаторыя адказваюць. Так, такіх можна назваць злачынцамі, але хто тады тыя, хто страляюць першымі? Чаму яны гэта робяць? Загад? Чый і чаму менавіта такі? Хто спыніць гэта? Хто знойдзе ў сабе сілы пагаварыць з народам, які гэтыя пытанні задае? […]», — выказаўся ў Фэйсбуку Сушко, заклікаўшы да дыялогу.
Праз нейкі час ягоны след згубіўся.
І, як цяпер паведамілі тыя, хто знаёмы з блізкімі Сушко, ён на волі, але «ненатуральна худы і пасівелы».
Магчыма, справа супраць яго можа быць звязана з разборкамі з Group-IB у Расіі. Так, заснавальніка кампаніі Іллю Сачкова ў Расіі нядаўна прысудзілі да 14 гадоў калоніі строгага рэжыму па абвінавачванні ў дзяржаўнай здрадзе — ён, нібыта, перадаў замежным спецслужбам нейкую інфармацыю, якая адносілася да дзяржтаямніцы.
Сам Сачкоў быў арыштаваны восенню 2021 года, ён абвінавачваў у сваім пераследзе асобных супрацоўнікаў ФСБ, у якіх да яго персанальная непрыязнасць.
Адначасова з гэтым Сачкоў ганарыўся ў сваіх лістах з
СІЗА, што дзякуючы Group-IB нібыта ўдалося спыніць мноства ўкраінскіх кібератак
на расійскую інфраструктуру.