Расія выдае лукашэнкаўцам чарговага беларуса, якога рэпрэсуюць за палітыку
45-гадовага беларуса Дзяніса Хахлова 17 жніўня выдвараюць з Расіі ў Беларусь. На радзіме яго чакае крымінальны пераслед за ўдзел у мірным мітынгу 23 жніўня 2020 года — частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Пра гэта распавядае «Вясна».
Рашэнне было
прынята ў Кабардзіна-Балкарыі. Мужчыну павезлі ў аэрапорт горада Нальчыка,
адтуль транзітам праз Макскву яго даставяць у Беларусь. На радзіме Дзяніса
Хахлова чакаюць следчыя па крымінальнай справе.
Раней у дачыненні да Дзяніса Хахлова была спынена экстрадыцыя з Расіі.
5 лютага 2023 года, баючыся палітычна матываванага пераследу на радзіме, беларус выехаў у Расію. Там, у Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы, 11 чэрвеня яго затрымалі ў сувязі са знаходжаннем у міжнародным вышуку, бо ў Беларусі на яго была заведзена крымінальная справа паводле часткі 1 артыкула 342 КК. На час экстрадыцыйнай праверкі Хахлоў быў змешчаны ў ІЧУ горада Нальчыка, аднак ужо 13 чэрвеня экстрадыцыйная праверка завяршылася спыненнем экстрадыцыйных працэдур. Пракуратура Зольскага раёна прыйшла да высновы, што дзеянне, якое ставіцца ў віну Хахлову, не лічыцца злачынствам на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, а таму паводле падчасткі 6 часткі 1 артыкула 464 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РФ экстрадыцыя не дапускаецца.
Аднак Дзяніса Хахлова не вызвалілі. Яго павезлі ў Зольскі раённы суд, дзе яму паведамілі, што на яго склалі адміністрацыйны пратакол паводле часткі 1.1 артыкула 18.8 КаАП РФ за перавышэнне гранічнага тэрміну знаходжання ў Расіі без рэгістрацыі на 1 месяц і 8 дзён. Матэрыялы адміністрацыйнай справы былі прапанаваны яму на подпіс ужо ў самім судзе. Пасля падпісання дакументаў прайшоў суд, які прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння і прызначыў адміністрацыйнае пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага выдварэння ў Беларусь.
Абарона Хахлова абскардзіла пастанову суда аб прызначэнні адміністрацыйнага пакарання, паказваючы на існуючыя рызыкі палітычна матываванага пераследу ў Беларусі, адсутнасць доступу да справядлівага судовага разбіральніцтва, а таксама рызыку катаванняў, жорсткага і бесчалавечнага абыходжання. Акрамя таго, было ўказана, што 5 ліпеня 2023 года Хахлоў падаў заяву аб атрыманні статусу ўцекача на тэрыторыі Расіі, у сувязі з чым, у сілу нацыянальных і міжнародных нормаў, не можа быць выправаджаны з тэрыторыі Расіі да заканчэння разгляду яго заявы. У выпадку немагчымасці адміністрацыйнага пакарання абарона прасіла замяніць адміністрацыйнае выдварэнне на самастойны выезд у трэцюю краіну.
Тым не менш, 6 ліпеня 2023 года Вярхоўны суд Кабардзіна-Балкарскай Рэспублікі пакінуў пастанову без змен, тым самым пакінуўшы ў сіле і рашэнне аб адміністрацыйным выдварэнні ў Беларусь.
«У краіну, дзе майму даверніку пагражае небяспека, — лічыць адвакат Султан Тэльхігаў, — фактычна падмяняючы дадзенай высылкай экстрадыцыю, якая не адбылася».
Што тычыцца заявы Хахлова аб прадастаўленні яму статусу ўцекача, то 17 жніўня яму быў дадзены адказ Міністэрства ўнутраных спраў па Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы, у якім яму адмаўляецца ў прадастаўленні «часовага прытулку» (хоць заява падавалася аб прызнанні ўцекачом). Адразу пасля таго, як адказ яму быў выдадзены на рукі, супрацоўнікі Федэральнай службы судовых прыставаў пасадзілі яго ў машыну і павезлі ў аэрапорт на выдварэнне.
«Заявы майго даверніка аб намеры абскардзіць
адказ МУС па КБР былі пакінуты па-за ўвагай, і ён быў пасаджаны ў машыну для
транспарціроўкі ў аэрапорт Нальчыка. Выдварэнне ў Беларусь будзе транзітным, і
ў раёне 17 гадзін па UTC+3 ён павінен быць дастаўлены ў Маскву, адкуль яго ўжо
павязуць у Рэспубліку Беларусь», — адзначыў Тэльхігаў у сваім звароце да ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Расійскай Федэрацыі Таццяны Маскальковай.