Незалежны прафсаюз рыхтуецца да акцый пратэсту
Актывіст незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) у Рэчыцы Аляксандр Навуменка падаў заяўку ў мясцовы райвыканкам на правядзенне ў райцэнтры 1 чэрвеня пікету пратэсту супраць крымінальнага пераследу лідараў Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка.
Мэта мерапрыемства — «выраз публічнага пратэсту з патрабаваннем спынення крымінальнага пераследу лідараў незалежнага прафцэнтра».
Як паведаміў "Гомельскай Вясне" заяўнік мерапрыемства, «з сённяшняга дня прафсаюз РЭП пачынае падачу заявак на правядзенне акцый пратэсту супраць крымінальнага пераследу незалежнага прафсаюза, які эфектыўна працуе па ўсёй краіне».
Нагадаем, прад'яўленае крымінальнае абвінавачваньне Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прадугледжвае два віды пакарання — абмежаванне волі да 5 гадоў або пазбаўленне да 7 гадоў волі. Прававы інспектар працы прафсаюза РЭП па Гомельскай вобласці Леанід Судаленка выказаў думку аб тым, што ў гэтай палітычнай справе ўлада ўжо прыняла рашэнне — прысуд калегам чакаецца суровы.
Паводле звестак прадстаўніка прафсаюза РЭП у гомельскім рэгіёне Віктара Казлова, у рэгіёне супраць пераследу прафсаюза і яго лідараў будуць пратэставаць усе без выключэння прафсаюзныя пярвічкі і асобныя актывісты прафсаюза.
Нагадаем, 8 траўня лідарам Беларускага прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад'яўленае канчатковае абвінавачанне ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса РБ).
Праваабаронцы лічаць гэтую справу палітычна матываванай. Як адзначыў сябра Рады ПЦ "Вясна” Валянцін Стэфановіч, справа ўзбуджана "ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды асацыяцый, а таксама актыўнай дзейнасцю прафсаюза РЭП па абароне сацыяльных і палітычных правоў грамадзян Беларусі".