Невядомыя памянялі замкі ў дзвярах Чырвонага касцёла
Пробашч Касцёла Святога Сымона і Святой Алены ў Мінску ксёндз Уладзіслаў Завальнюк паведамляе, што нехта самавольна памяняў замкі ў дзвярах касцёла, піша Еўрарадыё.
"Прадстаўнікі касцёла атрымалі толькі адзін набор ключоў. Дзе знаходзяцца іншыя ключы і хто нясе адказнасць у гэтай сітуацыі за бяспеку святыні не паведамляецца", — зазначае Завальнюк.
У ліпені стала вядома пра канфлікт вакол будынку Чырвонага касцёла, які разгарэўся ў вернікаў з мінскімі ўладамі. КУП "Мінская спадчына" — "за амартызацыю касцёла і падаткі на карыстанне зямлёй" выставіла касцёлу рахунак — каля $64 тысяч. Вернікі збіраюць подпісы, каб гэтая пазыка была скасаваная.