Некалькі соцень чалавек выйшлі на Дзень Волі ў Брэсце (фота)
Некалькі соцень чалавек узялі ўдзел у акцыі на Дзень Волі ў Берасьці. Адбылося шэсце ды мітынг, інцыдэнтаў з праваахоўнікамі не адбылося.

Акцыя доўжылася дзве гадзіны. Яе арганізатарамі выступілі кіраўнікі мясцовых палітычных партый Зміцер Шыманскі (Партыя БНФ), Ігар Маслоўскі (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя Грамада), Уладзімір Вуек (Аб’яднаная грамадзянская партыя), Юры Казакевіч (Руху «За свабоду») і шэрагу іншых грамадскіх арганізацыяў.

Упершыню за 4 гады ўлады дазволілі акцыю апазіцыі менавіта ў цэнтры Брэста. Удзельнікі збіраліся на скрыжаванні праспэкту Машэрава і бульвару Касманаўтаў. Адтуль рушылі пешаходнай вуліцай Савецкай да плошчы Свабоды.
Падчас шэсця гучалі традыцыйныя лозунгі «Жыве Беларусь!», «Не — дэкрэту нумар 3», «Лукашэнка — сыходзь». Пэрыядычна народ пляскаў у ладкі.
У часе шэсця колькасьць удзельнікаў, паводле розных падлікаў, дасягала 500-700 чалавек.

Пару соцень чалавек узялі ўдзел і ў мітынгу на плошчы Свабоды. У часе мітынгу арганізатары зачыталі падрыхтаваныя рэзалюцыі. Сярод іх — рэзалюцыя ў адміністрацыю прэзідэнта з патрабаваннем правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў, рэзалюцыя супраць дэкрэту № 3, рэзалюцыя ў пракуратуру з пратэстам у сувязі з затрыманнямі ўдзельнікаў акцый і журналістаў, рэзалюцыя ў Берасьцейскі гарвыканкам з патрабаваннем вызначыць для мітынгаў і пікетавання вуліцу Савецкую і плошчу Свабоды ў Берасьці, а таксама, рэзалюцыя аб неабходнасці стварэння грамадскай рады пры старшыні гарвыканкаму.

Арганізатары акцыі (зьлева направа) Уладзімер Вуек (АГП), Зьміцер Шыманскі (ПБНФ), Ігар Маслоўскі (БСДПГ)
Акрамя арганізатараў акцыі, далі выступіць і любым жадаючым. Людзі выказваліся пра свята Дня Волі, пра неабходнасць адмены дэкрэту № 3, гучалі словы пра запалохванне народу арыштамі і штрафамі. Апроч пратэстоўцаў да мікрафону выйшаў і старшыня Берасьцейскага гарадскога савету дэпутатаў Мікалай Красоўскі, які заявіў, што ён не прыхільнік «мітынговага спосабу» сустрэч, ды запрасіў людзей абмяркоўваць праблемы на асабістых прыёмах у чыноўнікаў.


У часе выступу Мікалая Красоўскага гучалі воклічы «Ганьба!», яго пачалі асвістваць, але арганізатары папрасілі людзей даць яму выказацца.

З вядомых асобаў на акцыі ў Берасьці прысутнічалі кандыдат на прэзідэнта на выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч і яго жонка Іна Кулей, а таксама кандыдатка на прэзідэнта на выбарах 2015 году Тацяна Караткевіч.

Адметнасцю гэтай акцыі было тое, што на пачатку яе правядзення ў цэнтры Берасьця знік 3G інтэрнэт ад усіх мабільных апэратараў, таму журналісты не маглі ладзіць наўпроставых трансляцыяў. У часе мітынгу абураныя берасьцейцы спрабавалі выказваць абурэнне сытуацыяй з інтэрнэтам прысутным на мітынгу чыноўнікам, але тыя казалі, што гэта ня ў іх кампэтэнцыі.

Пасля сканчэння акцыі інтэрнэт у цэнтры Берасьця запрацаваў.
У цэлым, Дзень Волі ў Берасьці прайшоў мірна, не адбылося затрыманняў і інцыдэнтаў з міліцыяй. Міліцыянты ў форме ўвесь час суправаджалі акцыю, супрацоўнікі ДАІ суправаджалі шэсце, непадалёк месца мітынгу дзяжурыла машына мэдыкаў.

Папярэдняя санкцыянаваная ўладамі акцыя апазыцыі ў цэнтры Берасьця адбылася 1 траўня 2013 году, калі гарвыканкам дазволіў зладзіць дэманстрацыю сацыял-дэмакратам.

Удзельнікі акцыі пастанавілі сабрацца наступны раз на плошчы Свабоды ў Берасьці 1 траўня, каб абмеркаваць адказы ўладаў на рэзалюцыі мітынгу.
svaboda.org