Неачолены пратэст
Градус настрояў незадаволенасці ў беларускім грамадстве падвышаецца хутчэй, чым на гэта паспяваюць рэагаваць палітыкі. Яны так доўга марылі-гаварылі пра сацыяльны пратэст. І вось пратэст на парозе, людзі наэлектрызаваныя і злыя. Але каму яно трэба?
Градус настрояў незадаволенасці ў беларускім грамадстве падвышаецца хутчэй, чым на гэта паспяваюць рэагаваць палітыкі. Яны так доўга марылі-гаварылі пра сацыяльны пратэст. І вось пратэст
на парозе, людзі наэлектрызаваныя і злыя. Але каму яно трэба?
Сталіца, якая традыцыйна вылучаецца большай інфармаванасцю, палітызаванасцю, непакорнасцю людзей, ужо адзначылася пачаткам сацыяльных успышак. Пакуль лакальнага характару. Папераджальны тэхнічны
страйк на Трактарным заводзе, кухталі міліцыянтам ад раз’ятранага натоўпу жанчын за тое, што паклалі тварам у асфальт мужчыну, які заступіўся за безбілетніка ў аўтобусе. У тэму: буйны
інтэрнэт-партал tut.by правёў апытанне наконт таго, чым ёсць міліцыя для беларусаў. Дык вось толькі 8,48% апытаных мяркуюць, што гэта абарона і ахова. Амаль пятая частка рэспандэнтаў бачыць у
міліцыянтах найперш застрашваючую сілу, і больш за палову — 56,06% — вялізныя расходы дзяржбюджэту. Выглядае на тое, што падарваны не толькі давер да супрацоўнікаў міліцыі, але і
ўпэўненасць у мэтазгоднасці іх утрымання.
На вуліцах, у грамадскім транспарце толькі і чутно абрыўкі размоў пра рост коштаў ды галечу. Імклівае збядненне — як з разбегу ў прорву — не праходзіць дарэмна для масавай псіхікі.
Так, на футбольным матчы «Белшына» — «Дынама», які праходзіў напрыканцы мая, пасля забітага голу спартоўцы падбеглі да трыбуны сваіх фанатаў. Амапаўы
пачалі адганяць фанатаў газам і адштурхоўваць. А адзін ахоўнік парадку нават распыліў балон з газам побач з пяцігадовым хлопчыкам. На што фанаты пачалі скандаваць: «Ненавідзім
рэжым!». Відаць, так і мусіць выглядаць народная падтрымка 79,65% выбарцаў.
Разумеючы, што ўсё цяпер трымаецца на парахавой бочцы, улады прэвентыўна спыняюць любыя спробы сабрацца ў адным месцы больш чым утрох. Каталікі са скандалам адстаялі шматгадовую традыцыю ладзіць
працэсію Божага Цела па цэнтральных вуліцах сталіцы. Мінгарвыканкам спрабаваў скіраваць шэсце ўзбочнымі вуліцамі, мінімізаваць колькасць прыпынкаў вернікаў для малітвы.
Веласіпедыстам (вось ужо дзе сапраўды пагроза і страх рэжыму) не далі правесці ў сталіцы велапрабег «Крытычная маса», у якім удзельнічала больш за 80 чалавек. Пакатушкі скончыліся
для некалькіх чалавек затрыманнямі. «Штраф так давалі: прызнаеш віну — 1 базавая велічыня; не прызнаеш — 3 базавых. Хлопца аднаго пасадзілі да нас у аўтобус, дык той наогул
апынуўся на ровары не ў тым месцы, не ў той час. У Цэнтральным РАУС адкаталі пальчыкі, фота ў анфас, профіль. Сказалі: больш за трох чалавек разам не ездзіць. Карацей, лёгка абышліся»,
— пракаментаваў правядзенне акцыі адзін з яе ўдзельнікаў.
Пра народную «любоў і падтрымку», відавочна, у той ці іншай ступені ведае і кіраўнік краіны. Відаць, гэта і ёсць матывам ягоных абвінавачванняў людзей ва ўсіх бедах Беларусі: і
крызіс, і паніку стварылі самі. У пацверджанне гэтай ідэі Аляксандр Лукашэнка, спасылаючыся на закрытае сацапытанне, заявіў, што чвэрць насельніцтва Беларусі вінаваціць сябе ў цяжкай эканамічнай
сітуацыі, што склалася ў краіне, і толькі 10% — прэзідэнта. Паводле слоў Лукашэнкі, нашы грамадзяне вінавацяць перш за ўсё кіраўніцтва Нацбанку і асабіста кіраўніка банка Пятра Пракаповіча
за дзеянні ці бяздзеянне, якія прывялі да гэтай сітуацыі. «Радуе тое, што ў пратэстных акцыях гатовыя прыняць удзел 3–5%», — супакойваючы электарат заявіў кіраўнік
Беларусі.
Аднак у сацыяльных сетках пачалі пладзіцца суполкі з заклікам штодня прыходзіць на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў, каб аднойчы набраць крытычную пратэстную масу. Абмеркаванні сітуацыі ўсё часцей
зводзяцца да пытанняў: «Дзе лідары і хто гатовы стаць на чале незадаволеных?» У гэтым святле піяраўскі візіты Уладзіміра Някляева на сталічны рынак ёсць слушным крокам і інструкцыяй
да дзеянняў тым, хто прэтэндуе на лідарства, — народ вас чакае побач з сабой,у сваіх шэрагах. І тым, хто хоча захаваць за сабой статус лідара, давядзецца прымаць гэты выклік-патрэбу
грамадства. Інакш нішу Кастуся Каліноўскага могуць заняць нованароджаныя лідары, вакол якіх і аб’яднаюцца падманутыя ў сваіх надзеях беларусы. Як тое здарылася ў Мінску, калі за абаронцу
безбілетнага студэнта заступіўся мінак Алег Кудрачоў і быў збіты міліцыянтамі. А натоўп аб’яднаўся, каб адбіць гэтага чалавека ад самаўпраўнасці міліцыі. Гісторыя набыла розгалас, і цягам
аднаго дня для кампенсацыі штрафу, выпісанага Алегу, сабралі амаль два мільёны рублёў.