Наступленне на незалежных
Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» шкадуе пра рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі, які адмовіў у задавальненні іску Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) да Міністэрства юстыцыі.
Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» шкадуе пра рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі, які адмовіў у задавальненні іску Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) да
Міністэрства юстыцыі.
«Учарашнім рашэннем суд адхіліў пратэст БАЖ супраць забароны Мінюста выдаваць сябрам асацыяцыі пасведчанні з надпісам «Прэса», — зазначаецца ў заяве міжнароднай
арганізацыі. — Гэта азначае: журналісты-фрылансеры і журналісты, што супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, якія не атрымалі акрэдытацыю, пазбаўлены дакумента з пацвярджэннем іх прыналежнасці да
прафесіі».
«Рэпарцёры без межаў» лічаць рашэнне Вярхоўнага суда Беларусі «яшчэ адным крокам у наступленні на незалежных журналістаў напярэдадні выбараў».
«У канцы 2009 года былі прыкметы таго, што беларускія ўлады дазволяць незалежнай прэсе працаваць свабодна, але зараз сітуацыя пагаршаецца напярэдадні мясцовых выбараў, якія пройдуць 25
красавіка, а таксама ў сувязі з будучымі выбарамі прэзідэнта», — гаворыцца ў заяве.
Нагадаем, рашэнне па іску БАЖ Вярхоўны суд вынес 22 сакавіка. Асацыяцыя журналістаў абскардзіла папярэджанне, вынесенае арганізацыі Мінюстам 13 студзеня.
Прычынай для папярэджання стала размяшчэнне на вокладцы пасведчання сябра БАЖ надпісу «Прэса», што, на думку чыноўнікаў, парушае нормы закона аб СМІ. Апрача таго, дзейны пры БАЖ
цэнтр прававой абароны СМІ, зазначалася ў папярэджанні Мінюста, не прадугледжаны статутам грамадскага аб’яднання, а «задачы гэтага фарміравання, выкладзеныя ў палажэнні пра яго,
выходзяць за межы статутных задач ГА «БАЖ».
Паводле інфармацыі БАЖ