Настолка «Стэрэатыпы» прапануе пагуляцца з гендэрнымі клішэ

Мужчына — здабытчык і галоўны ў сям’і? Палітыка — не жаночая справа? Гэтыя і іншыя стэрэатыпы зняпраўдзіць новая настольная гульня.



10417818_10153187188633488_6691968192527424184_n.jpg

Прадстаўніцы Офісу па правах людзей з інваліднасцю, МГА “Гендэрныя перспектывы”, Брэсцкага клубу дзелавых жанчынаў, Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчынаў і БСДП вырашылі прадэманстраваць, як з дапамогай нефармальнай адукацыі можна разбураць навязаныя грамадствам стэрэатыпы.

Настолка “Стэрэатыпы” можа разглядацца як альтэрнатыва традыцыйным семінарам і трэнінгам і даць шмат інфармацыі на тэму гендэрнай роўнасці, перакананыя стваральніцы гульні.

Вольга, адна з аўтарак ідэі, адзначае, што гульня “Стэрэатыпы” можа нарадзіць у людскіх галовах пытанні і тэмы, пра якія тыя раней не задумваліся, і якія ставяць пад сумнеў прынятыя нормы.

Па словах Вольгі, у “Стэрэатыпы” ўжо паспелі згуляць шматлікія моладзевыя, студэнцкія, жаночыя і дэмакратычныя арганізацыі, дзяўчаты нават здолелі правесці гульню ў некаторых дзяржаўных структурах:

Гульня выклікае безліч пазітыўных эмоцыяў, праўда, мужчыны спачатку вельмі крытычна ўспрымаюць усё, што напісана на картках, але, дзякуючы элементу інтрыгі і азарту, уцягваюцца ў гульню.

Мы лічым, што спалучэнне гульні і адукацыйнага моманту дазволіць вырасціць вольную ад гендэрных стэрэатыпаў асобу, сфармаваць новы тып мыслення. Спадзяемся, што пасля гульні людзі стануць больш талерантнымі і будуць імкнуцца да роўнасці мужчынаў і жанчынаў.

Альфа-версія гульні “Стэрэатыпы” складаецца з 34 картак, на якіх намаляваныя стэрэатыпы. Цягам гульні гэтыя стэрэатыпы трэба зняпраўджваць 170-цю фактамі. У часе гульні ўдзельнікі атрымаюць безліч эмоцыяў, будуць спрачацца, пратэставаць, адстойваць сваю кропку гледжання, або нават зменяць меркаванне па нейкім пытанні.

Мэта гульні — разбурыць як мага больш стэрэатыпаў. Перамагае той, хто здолее аспрэчыць і зняпраўдзіць большую колькасць навязаных грамадствам стэрэатыпаў.

Стваральніцы гульні прапаноўваць актывістам і актывісткам у адукацыйных мэтах згуляць у “Стэрэатыпы” у сваёй НДА. Для гэтага трэба звярнуцца на адрасtumidai@gmail.comі дамовіцца на канкрэтную дату. Гульня праводзіцца бясплатна.

Паводле прэс-службы Асамблеі НДА