Насельніцтва Беларусі імкліва старэе

У адпаведнасці са шкалой дэмаграфічнага старэння ААН насельніцтва лічыцца старым, калі доля асоб ва ўзросце 65 гадоў і старэй складае 7% і больш. На пачатак 2014 года ў Беларусі доля гэтай узроставай групы насельніцтва дасягнула 13,9%.



babki.jpg

У Беларусі за апошнія 10 гадоў колькасць людзей сталага ўзросту павялічылася на 74,8 тыс. чалавек, або на 4,2%. Такія дадзеныя прыводзіць Белстат.

Да пажылых адносяцца людзі ва ўзросце 60 гадоў і старэй. На пачатак бягучага года ў краіне пражывала 1 млн. 879,9 тыс. чалавек гэтай узроставай катэгорыі, што складае 19,9% колькасці насельніцтва краіны.

У агульнай колькасці асоб сталага ўзросту жанчын на пачатак гэтага года было 1 млн 224,6 тыс. чалавек, мужчын — 655,3 тыс. чалавек. Калі на пачатак 2005 года на 1.000 пажылых мужчын прыпадала 1.870 пажылых жанчын, то на пачатак 2014 — 1.869.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў жніўні гэтага года на ўліку было 2 млн 549,6 тыс. пенсіянераў, з якіх 2 млн. 84,2 тыс. чалавек — атрымальнікі пенсій па ўзросце. Ва ўзросце 60 гадоў і старэй працоўныя пенсіі атрымлівалі 1 млн. 796,4 тыс. чалавек, з іх 291,3 тыс. чалавек — якія працуюць пенсіянеры. У ўзросце 100 гадоў і старэй працоўныя пенсіі атрымлівалі 552 чалавекі, у тым ліку 495 жанчын і 57 мужчын, паведамляе TUT.BY