Найвышэйшую каштоўнасць не так разумеюць

Беларусь некалькі разоў атрымлівала прапановы ўвайсці ў склад Расійскай Федэрацыі. І, хаця беларускі лідар як мага далей імкнецца адцягнуць падзенне ў расійскія абдымкі, у структурах дзяржапарата працуюць людзі, якія папросту не бачаць будучыні Беларусі без Расіі. А заявы Лукашэнкі пра найвышэйшую каштоўнасць — незалежнасць, прапануюць асэнсоўваць інакш.

Беларусь некалькі разоў атрымлівала прапановы ўвайсці ў склад Расійскай Федэрацыі. І, хаця беларускі лідар як мага далей імкнецца адцягнуць падзенне ў расійскія абдымкі, у структурах дзяржапарата працуюць людзі, якія папросту не бачаць будучыні Беларусі без Расіі. А заявы Лукашэнкі пра найвышэйшую каштоўнасць — незалежнасць, прапануюць асэнсоўваць інакш.
«Ціск з боку Расіі ўсё ж такі будзе, хай і ў эвалюцыйным выглядзе, — агучвае свой прагноз інтэграцыйных працэсаў доктар філасофскіх навук, прафесар, намеснік дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Леў Крыштаповіч. — Але гэта логіка дэзінтэграцыі. Мы ж цяпер гаворым пра новы перыяд развіцця постсавецкіх рэспублік. А размовы пра ціск — гэта з мінулага. Наконт беларускай мадэлі, слынных нафтавых афшораў — мы можам разглядаць нашу эканоміку толькі як асколак вялікай эканомікі, і з гэтага пункту гаварыць пра нашу эканамічную мадэль як незалежную немагчыма. Гэта няслушна. Ніводная маленькая краіна не развіваецца самастойна. Таму наша мадэль — гэта найперш інтэграцыя. Што тычыцца нашай вышэйшай каштоўнасці, са слоў Аляксандра Лукашэнкі, — незалежнасці, то прэзідэнта таксама трэба правільна разумець. Мяркую, гэта не супярэчыць інтэграцыі з Расіяй».
Каментаваць поспех такіх малых краін, як Тайвань і Сінгапур, спадар Крыштаповіч адмовіўся. Варта нагадаць, што ў еўрапейскіх маштабах Беларусь — вялікая краіна, а многія паспяховыя краіны ЕС істотна саступаюць у тэрытарыяльных маштабах Беларусі.
Яшчэ адно цікавае меркаванне наконт мэтазгоднасці інтэграцыі з Расіяй для беларускай эканомікі выказвае старшыня арганізацыйнага камітэта па стварэнні РГА «Еўразійскі народны саюз» Юрый Баранчык: «Калі краіна не можа прадаваць свае тавары, то сферы ўплыву сціскаюцца. Адпаведна, кожная краіна зацікаўленая ў заваёве новых рынкаў. Калі паглядзець гісторыю некаторых краін, якія пасля вайны рэзка паднялі сваю эканоміку, то яны на некаторы час увогуле зачыняліся ад астатняга свету, развівалі ў сябе вытворчасці. І, на мой погляд, у кіраўніцтва Беларусі, Расіі, Казахстана ёсць падобная дамова — развіць унутраныя рынкі, а потым пачаць экспансію на трэціх рынках. Мяркую, што ў перспектыве можна чакаць аб’яднання рынкаў ЕС і Еўразійскага саюза».
Малады палітолаг Яўген Прэйгерман падзяліўся сваімі назіраннямі, як расіяне, у тым ліку навукоўцы, успрымаюць ідэю інтэграцыі ў рамках Еўразійскага саюза:
«Нядаўна быў у Маскве на прадстаўнічым мерапрыемстве. І там злавіў сябе на думцы: мы быццам бы «брацкія дзяржавы», але насамрэч мы не блізкія адзін аднаму. Светаўспрыманне ў мяне і ў калег з Расіі абсалютна рознае, я проста быў здзіўлены, што людзі так могуць мысліць. Часта гучыць фраза: «Я не ведаю, як гэта патлумачыць, але адчуваю, што нам трэба аб’ядноўвацца». Людзі заканчваюць аспірантуры, і некаторыя рэчы ад іх на ўзроўні аналізу дзіўна чуць. Напрыклад, «у Беларусі ўсё так добра, бо проста добра. Я праязджаў і бачыў». Або такі варыянт: «Пра што вы там разважаеце? Якая Еўропа?», то бок альтэрнатывы Еўразійскаму саюзу для інтэграцыі Беларусі папросту не бачаць і не разумеюць, у чым праблема. Прафесар Маскоўскага дзяржаўнага інстытута міжнародных адносін просіць прывесці прыклад пазітыўных дзяржаўных трансфармацый. Гавару пра Польшчу, а яна мне адказвае: «Я была ў Лодзі і бачыла, як бяздомным людзям раздавалі ежу». І я думаю: ці з інстытутам нешта не тое, ці са светабачаннем», — рэзюмуе Прэйгерман.