Нацыянальны ўніверсітэт хочуць зарэгістраваць у Беларусі
Аргкамітэт па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта плануе стварыць канцэпцыю будучага ўніверсітэта, зыходзячы з некалькіх магчымых варыянтаў яго функцыянавання.
budzma.org
23 лістапада прайшло паседжанне аргкамітэта па стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з беларускай мовай навучання. У ім бралі ўдзел сустаршыні ўніверсітэта Аляксандр Мілінкевіч, Алег Трусаў і Уладзімір Колас, а таксама М.Пастухоў, П.Церашковіч, І.Дубянецкая, В.Рымашэўскі, Л.Баршчэўскі, А.Сядзяка, А.Жылко, У.Мацкевіч, А.Анісім.
Падчас паседжання былі абмеркаваны канцэптуальныя падыходы, а таксама механізмы і варыянты стварэння ўніверсітэта ў сённяшняй сітуацыі. Большасць сяброў аргкамітэта выказалася за тое, што названая ўстанова мусіць быць зарэгістраваная ў Беларусі, хоць некаторыя перакананы ў тым, што гэта немагчыма і высілкі, прыкладзеныя ў гэтым накірунку, будуць патрачаныя марна і толькі адымуць час.
Усе прысутныя фактычна пагадзіліся на тым, што ўніверсітэт – гэта найперш супольнасць, якую аб’ядноўваюць такія рэчы, як свабода думкі, імкненне да набыцця ведаў, паведамляе аргкамітэт.
Сябры аргкамітэта вырашылі стварыць канцэпцыю будучага ўніверсітэта, зыходзячы з некалькіх магчымых варыянтаў яго функцыянавання, і сабраць пакет дакументаў, неабходных паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь для рэгістрацыі ўніверсітэта.
Наступнае паседжанне аргкамітэта пройдзе праз тыдзень.