На захадзе Беларусі больш доўгажыхароў, чым на ўсходзе
Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС больш за ўсё 100-гадовых жыхароў было на Гомельшчыне.
Святкаванне Масленіцы ў вёсцы Крэва. Фота з архіву bymedia.net
«Блакітныя зоны» – так называюць пяць мясцовасцяў у свеце, дзе людзі жывуць найдаўжэй. У Беларусі ёсць свая «блакітная зона». Ці ўдалося навукоўцам
высветліць сакрэт яе доўгажыхароў?
Апошнія дзесяць гадоў самая малая па насельніцтве Гарадзеншчына нязменна займае першае месца па колькасці жыхароў, якія перакрочылі 100-гадовы рубеж. Belsat.eu высвятляў, ці займаліся гэтым
феноменам навукоўцы.
Загадчык кафедры тэрапіі Беларускай медычнай акадэміі паслядыпломнай адукацыі (БелМАПА), доктар медычныіх навук, прафесар Мар’ян Прыстром у 2009-м выдаў кнігу «Сродкі захавання
здароўя і даўгалецця». У размове з belsat.eu ён сказаў, што не сутыкаўся з навуковымі спробамі высветліць, чаму менавіта Гарадзенская вобласць трымае лідарства ў рэйтынгу
даўгажыхарства:
«Думаю, такіх даследаванняў няма». Сам ён апошнімі гадамі пераключыў навуковыя зацікаўленні на маладзейшую аўдыторыю, у якой усё болей праблемаў са здароўем: «Калі
маладыя не будуць здаровымі, яны і да 100 гадоў не дажывуць», – патлумачыў Мар’ян Прыстром змену прыярытэтаў.
Перад Чарнобылем даўгажыхарамі былі палешукі
Паводле яго, феномен Гарадзеншчыны цяжка абгрунтаваць. На здароўе, пералічвае суразмоўца, вялікі ўплыў маюць навакольнае асяроддзе (каля 40 %) і спадчыннасць (20 %). Рэшта – гэта лад
жыцця (харчаванне, умовы працы і побыту) ды ўзровень сістэмы аховы здароўя. Да аварыі на Чарнобыльскай АЭС, зазначае спадар Прыстром, найбольш 100-гадовых насельнікаў мела Гомельшчына. Паводле гэтага
паказніка Палессе знаходзілася побач з традыцыйнымі савецкімі лідарамі – Нагорным Карабахам і Грузіяй. Тады таксама ніхто не высвятляў, чаму палешукі жылі так доўга.
Уплыў Чарнобылю відавочны, аднак найменш забруджаных сельскагаспадарчых земляў не ў Гарадзенскай вобласці, а ў Віцебскай, якая ў нашым рэйтынгу толькі на чацвёртым месцы. Заходнія даследчыкі
«блакітных зонаў» адным з фактараў, які падаўжае жыццё, называюць рэлігійнасць. Магчыма, гэта датычыць і Гарадзеншчыны, дзе жыве найбольш каталікоў. Сярод прадстаўнікоў гэтай
канфесіі значна больш тых, хто рэгулярна ходзіць у храм, чым сярод праваслаўнай большасці. Пра гэта сведчаць публікацыі Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў і
кафедры сацыялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
«Блакітныя зоны»
Прыкладна сем гадоў таму амерыканскі падарожнік з Мінэсоўты (Minnesota) Dan Buettner пачаў даследаваць мясцовасці, дзе людзі жывуць найдаўжэй і да глыбокай старасці не патрабуюць дагляду, бо
радзяць сабе самі. Ён назваў іх «блакітнымі зонамі» (blue zones) і прыцягнуў да праекту навукоўцаў. Даследаванні сканцэнтраваліся на пяці мясцовасцях: Ікарыі (Грэцыя), Нуары
(Сардынія), Окінаве (Японія), Лёма Лінда (Каліфорнія) і Нікоі (Коста-Рыка) і працягваліся больш за дзесяць год пры падтрымцы таварыства National Geografic.
Цікава, што ніхто з доўгажыхароў не займаўся спортам! Але затое яны шмат хадзілі пешкі, працавалі ў садзе і гародзе. Апрача гэтага, да галоўных фактараў, якія спрыяюць працягламу жыццю, вучоныя назвалі: моцную сям’ю, адмову ад палення, напалову вегетарыянскую дыету, грамадскую актыўнасць і спажыванне бабовых.