На смаленскай мяжы затрыманы аўтобус з беларускімі актывістамі
Актывісты збіраліся ўшанаваць у Катыні памяць ахвяраў нацызму і сталінізму.
На смаленскай мяжы спынены аўтобус з актывістамі, прадстаўнікамі розных рухаў і партый, якія ехалі ў Катынь ушанаваць памяць загінуўшых. Прадстаўнік пагранслужбы патрабаваў ад усіх здаць пашпарты,
але грамадзяне Беларусі адмовіліся здаваць дакументы. Затрыманы адзін з членаў групы, у якога была майка з подпісам "Стоп-Пуцін”, паведамляе прэс-служба аргкамітэта Беларускай
хрысціянскай дэмакратыі.
Група выехала сёння раніцай і была спынена ў 12.30. Асобы, якія затрымалі аўтобус, не давалі яму нікуды ехаць і чакалі прыбыцця свайго кіраўніцтва.
Два чалавекі з групы былі затрыманы: Вольга Завадская, маці забітага журналіста Змітра Завадскага, і яшчэ адзін актывіст. Іх павезлі для высвятлення асобы.
Актывіста Яўгена Батуру змусілі зняць майку "Стоп - Пуцін". Ува ўсіх перапісалі пашпарты.
Аўтобус адпусцілі за 20 хвілін да закрыцця мемарыяльнага комплексу "Катынь", у які накіроўваліся актывісты. Трымалі іх з 12:30. Няглядзячы на позні час аўтобус паехаў па ранейшым маршруце. Яго суправаджалі машына расійскай ДПС.
Актывісты збіраліся ўшанаваць у Катыні ахвяраў нацызму і сталінізму.