На шалях дыялога

Тэрміны “дыялог, “лібералізацыя, здаецца, прыжыліся не толькі на старонках незалежных, але і дзяржаўных СМІ. Больш таго, яны ўсё лягчэй і часцей зрываюцца з вуснаў чыноўнага люду, прычым не толькі высокапастаўленага. Пакаціліся яшчэ крамольныя слоўцы і ўніз па прыступках вертыкалі.



82aa4b0af34c2313a562076992e50aa3.jpg

Але што за словамі? Працэс пайшоў? Ці славесным звонам усё і абмяжуецца? Ці ў тым і разлік, каб напусціць туману і звесці на нішто, дыскрэдытаваць сапраўдны сэнс і змест рэформ, азначаных гэтымі тэрмінамі. Узгадваецца адпаведны бліскучы ход бюракратыі часоў перабудовы, калі ёй удалося зганьбіць у масавай свядомасці тэрміны “дэмакратыя і “дэмакратызацыя, падмяніўшы іх на (у рускім вымаўленні) “дерьмократию і “дерьмократизацию. Што ў немалой ступені дапамагло ёй павярнуць працэс.

І, падаецца, не выпадкова тэрмін “дэмакратызацыя, які, здавалася б, лагічна напрошваецца ў тандэм да слова “лібералізацыя, чамусьці ўпарта абмінаецца ўладнай бюракратыяй. Ці не таму, што той фокус ужо разгаданы і людзі ўжо добра ўсведамляюць, чым насамрэч з’яўляецца сучасны рэжым, абвешчаны вядомай асобай найлепшай дэмакратыяй у свеце.
Але бог з ёю — тэрміналогіяй. Неверагодныя здольнасці дыктатур да перахопу і выхалошчвання чужых лозунгаў — асаблівасць не толькі беларускай бюракратыі. Галоўнае — што за словамі, як суадносяцца паміж сабой рэальныя тэндэнцыі развіцця дыялога. На карысць сапраўдных перамен ці іх імітацыі і адкату назад?
На дыялог з Захадам, што відавочна ўжо ўсім, улады пайшлі вымушана. Пад ціскам пераважна знешніх фактараў, абумоўленых найперш зменай эканамічнай кан’юнктуры. Прычым у нечаканым для іх спалучэнні — як з Захаду, так і з Усходу. І ў звязцы з абсалютна для іх непрымальнымі патрабаваннямі (з боку Захаду) аб правядзенні дэмакратычных рэформ.
Тым больш, што эканамічны крызіс, адступленне да дыялога выявілі з відавочнасцю і ўнутраныя слабасці, агульную адсталасць, архаізм беларускай мадэлі. Не толькі эканамічнай, але і палітычнай.
Аўтарытарны рэжым не мае права на слабіну. Між тым як уся сітуацыя аказалася непрадбачанай для архітэктараў дадзенай мадэлі. Падкрэсліваю, менавіта архітэктараў, бо гэта мадэль не ёсць вынік творчасці аднаго чалавека, а вынік свядомых намаганняў і вымушаных хадоў менавіта савецкага вырабу кіроўнага класа па ўтрыманню ўлады ў сваіх руках. Новы лідэр — вымушаная неабходнасць. А вось рэферэндум па адмене абмежавання тэрміну абрання адной асобы на пасаду прэзідэнта знаменаваў сабой якраз упэўненасць як новага лідэра, так і абноўленай уладнай бюракратыі ў сваёй поўнай і беззваротнай перамозе, уладкаванні калі не навечна, то надоўга.
Да нечаканай змены сітуацыі і лідэр, і ўся яго ўладная вертыкаль падрыхтаваны не былі і мусілі зноў прыстасоўвацца, лавіраваць і шукаць выратавальныя хады. Дыялог для іх стаўся выклікам і пагрозай, якія, аднак, немагчыма было адрынуць. І беларускай бюракратыі нічога іншага не заставалася, як паспрабаваць ператварыць дыялог у інструмент самаабароны, каб выйграць час, атрымаць крэдыты і з іх дапамогай перачакаць цяжкасці і ўратавацца не проста з найменшымі стратамі для сябе, але і з выхадам на новыя магчымасці, новы лад жыцця — адкрыта, легальна багатых людзей. Адпаведна сваім пасадам і багаццю.
Мяжа перамен вызначана дакладна: эканамічная лібералізацыя пры мінімальных палітычных пераменах. Але… З глыбока захаванай гатоўнасцю бюракратычнай і знітаванай з ёю бізнесэліты на замену лідэра — на свайго. І з прыхаванай жа барацьбой унутраных груповак за паўнату ўлады. “Галубы могуць пайсці і на мінімальную лібералізацыю выбарчага заканадаўства, якая б, аднак, гарантавала ім камандныя пазіцыі. Мадэль так званай “кіруемай дэмакратыі ім бы падышла.
У пэўнай ступені вымушаным быў дыялог і для Захаду, з-за нечаканай устойлівасці беларускага рэжыму да знешняй ізаляцыі і палітычнага ціску (дзякуючы казачным эканамічным прэферэнцыям з боку Расіі). У дыялогу яны ўбачылі інструмент, якім можа падштурхнуць Беларусь да эканамічных рэформ, якія, у сваю чаргу, запатрабуюць і пэўных перамен палітычнай сістэмы. Патрабаванні дэмакратызацыі да афіцыйнага Мінска Еўрасаюз і ЗША са свайго блоку ўмоў пакуль не выключылі. Што яшчэ раз пацвердзіў міністр замежных спраў Германіі Франк-Вальтэр Штайнмайер падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым. “Правядзенне далейшых дэмакратычных рэформ, — падкрэсліў Штайнмайер, — застаецца перадумовай для новага пачатку ў адносінах паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам і для поўнай адмены санкцый.
Пытанне, аднак, у тым, наколькі сябры Еўрасаюза будуць паслядоўныя і адзінадушныя ў гэтых патрабаваннях.
Пакуль што, калі супаставіць канкрэтны змест і крокі дыялога, агульны яго вынік выглядае на карысць беларускіх улад. Але шалі гойдаюцца, працэс у развіцці.
Мал.Слуп у клетку. Студэнцкая работа