На пяць сутак арыштаваны намеснік старшыні "Маладога фронту" Мікалай Дземідзенка

На пяць сутак арыштаваны намеснік старшыні міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Мікалай Дземідзенка. Як паведамляе сайт "Маладога фронту", супрацоўнік суда Фрунзенскага раёна Мінска вечарам 18 снежня патэлефанаваў жонцы Дземідзенкі Алесе і паведаміў, што адбылося судовая пасяджэнне. У чым абвінавачаны Дземідзенка, невядома.

 



u.jpg

Актывіста затрымалі па дарозе дамоў. Пра гэта ён паведаміў жонцы па тэлефоне. Пазней Дземідзенка зноў патэлефанаваў дамоў і сказаў: з яго ўзята падпіска аб тым, што ён папярэджаны аб недапушчальнасці ўдзелу ў несанкцыянаваных мерапрыемствах 19 снежня, у чарговую гадавіну разгону мірнай дэманстрацыі ў Мінску ў 2010 годзе. Аднак яго, здаецца, не збіраюцца затрымліваць. Тым не менш дамоў ён не вярнуўся, а праз некалькі гадзін стала вядома пра рашэнне суда. 

Сёння, паведамляе сайт "Маладога фронту", да актывісткі арганізацыі Касі Галіцкай прыйшлі прадстаўнікі Цэнтральнага РУУС Мінска. З яе таксама ўзялі падпіску аб тым, што яна папярэджана аб недапушчальнасці ўдзелу ў любых несанкцыянаваных мерапрыемствах 19 снежня. Пры гэтым міліцыянеры здымалі працэс падпісання папярэджання на відэа. Яны правялі агляд кватэры Галіцкай і канфіскавалі старыя агітацыйныя матэрыялы.

Андрэй Серада, БелаПАН