На сям’ю Мікіты Емяльянава па-ранейшаму аказваецца ціск
Маці палітзняволенага Мікіты Емяльянава паведаміла праваабаронцам «Вясны», што працяглы час на яе сям’ю аказваецца ціск з боку праваахоўных органаў.
Анастасія Емяльянава кажа пра пагрозы, якія паступаюць ад сілавікоў, з-за яе актыўнай падтрымкі сына, апублічвання інфармацыі і напісання лістоў іншым вязням.
Праз знаёмага маці Мікіты Емяльянава перадалі, што яна мусіць паводзіць сябе асцярожна, бо ў адносінах да яе могуць зрабіць правакацыю, каб “закрыць”, а пра яе “дзейнасць” дакладаюць на “самы верх”. Хто дакладна з’яўляецца “дабразычлівым сябрам”, жанчына не ведае, але мяркуе, што хутчэй за ўсё гэта нейкі супрацоўнік праваахоўных органаў.
“Той чалавек патлумачыў, што мая “дзейнасьць” вельмі раздражняе ўладу, таму ўлады загадалі знайсці любую нагоду, каб "закрыць" мяне ці майго сужэнца. Калі нагоду ня знойдуць — то прыдумаць яе”, — распавяла Анастасія Емяльянава.
Жанчына падкрэсліла, што пагрозы ад уладаў паступалі ў адрас яе сям’і і раней: калі ішло следства па справе Мікіты Емяльянава і Івана Комара.
“Нам казалі, што мы мусім паўплываць на паводзіны нашага сына, таму што падчас следства Мікіта паводзіў сябе "няправільна". І нам пагражалі, каб мы не давалі інтэрв’ю прэсе.
Зараз з прычын, якія так раздражняюць улады, і што можна назваць "маёй дзейнасцю", я магу здагадвацца, — гэта ліставанне з палітвязнямі і прадастаўленне інфармацыі для Радыё Свабода", — адзначае маці палітвязня.
Анастасія Емяльянава кажа, што піша лісты да антыфашыста Іллі Валавіка, праваабаронцы Міхаіла Жамчужнага і Святаслава Барановіча, які заступіўся за анархістаў у сакавіку 2017 года падчас “дармаедскіх пратэстаў”.
“Раней я пісала Вадзіму Бойку да таго, калі ён выйшаў на волю. Таксама я перапісвалася з Піліпам Шаўровым, калі ён сядзеў у СІЗА падчас следства, і прыносіла два разы Піліпу перадачкі на Валадарку. Зараз і ён на волі. ІІ адзін раз я пісала Івану Комару, але адказу не атрымала. У апошнім сваім лісце Ілля Валавік мне напісаў, што мой ліст "вельмі доўга ішоў да яго і прайшоў праз шмат рук перад тым, каб трапіць да яго”, — кажа маці Мікіты Емяльянава.
Яна адзначае, што змест яе лістоў з большага пазнавальна-забаўляльны, нічога палітычнага ці крытыкуючага ўладу ў іх няма. Жанчына і надалей плануе працягваць перапіску з вязнямі.
Нагадаем, 12 лютага 2020 года суд Савецкага раёна Мінска асудзіў 19-гадовых анархістаў Мікіту Емяльянава і Івана Комара на сем гадоў пазбаўлення волі кожнага ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Іх асудзілі за дзве акцыі: Мікіта Емяльянаў кінуў лямпачку з чырвонай фарбай у будынак Мінгарсуда, дзе ў той дзень мусіў пачацца суд на Дзмітрыем Паліенкам. А пазней двойчы кідаў «кактэйль Молатава» ў дзверы ізалятара на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Іван Комар у гэты момант быў у суседнім скверы.
Свой учынак анархісты патлумачылі тым, што яны выступаюць супраць пераследу палітычных зняволеных. Абодвух прызналі вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: артыкул 341, частка 1 артыкула 14, частка 2 артыкула 218, частка 2 артыкула 295-3.
27 сакавіка Мінскі гарадскі суд змяніў прысуд суда Савецкага раёна: Емяльянаву – 4 гады пазбаўлення волі, Комару – 3 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі.
Праваабарончая супольнасць прызнала Мікіту Емяльянава і Івана Комара палітычнымі вязнямі.
29 траўня Мікіта Емяльянаў быў пераведзены на строгі рэжым турэмнага зняволення. 9 чэрвеня ён этапаваны ў турму №4 г. Магілёва.
Дасылаць лісты Мікіту Емяльянаву можна на адрас: турма №4, вул. Крупскай, 99а, Магілёў, 212011.
spring96.org