На Партыю БНФ падалі ў суд па запазычанасці за Сядзібу БНФ у Мінску

У эканамічным судзе Мінска адбылося падрыхтоўчае пасяджэнне па іску, які пададзены дзяржаўным прадпрыемствам «Домэнергасервіс» на адрас Партыі БНФ з прычыны запазычанасцяў па аплаце арэнды памяшкання, у якім месціцца штаб-кватэра партыі.

11_51_1.jpg


Ісцец патрабуе скасаваць дамову арэнды памяшкання па адрасе Чарнышэўскага, 3 на падставе запазычанасці па арэндзе. У гэтым будынку партыя месціцца ад 2011 года.
Сытуацыю каментуе старшыня БНФ Рыгор Кастусёў:
— Мы маем шэсць дамоваў арэнды на памяшканні Сядзібы. У гэтай справе ісцец просіць скасаваць адну з гэтых дамоваў, якая заключаная партыяй. Падкрэслю, што ўласнік падаў іск у студзені нягледзячы на тое, што партыя выконвае абавязальніцтвы згодна з ўзгодненым гафікам аплаты запазычнасцяў, а таксама аплаціла бягучыя плацяжы.
У судзе падчас распарадчага пасяджэння мы прадставілі доказы аплаты паводле графіку ліквідацыі запазычанасцяў: на 31 снежня згодна з афіцыйнай дамоўленасцю, якая была падпісаная паміж Партыяй БНФ і арэндадаўцам у лістападзе, усе запазычанасці за арэнду з боку цэнтральнай структуры партыі выплачаныя, таксама як і арэнда за снежань. Застаюцца пакуль неаплочаныя плацяжы па мясцовых структурах Партыі БНФ і Грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне” (Мінская абласная і Мінская гарадская арганізацыі), але мы маем цвёрды спадзеў на ліквідацыю гэтых запазычанасцяў. Прынамсі, на гэта дазваляе разлічваць дынаміка ахвяраванняў, якія людзі кожны дзень пералічаюць нам для мэтаў аплаты сядзібы.
Дзякуючы шматлікім ахвяраванням мы сабралі больш за 20 тысяч рублёў на аплату сядзібы. Гэта дазволіла нам аплаціць блізу двух трацінаў ад агульнай сумы запазычнасці. Я шчыра ўдзячны сотням людзей, якія пералічаюць ахвяраванні праз ЕРИП/АРІП — асноўную маса ахвяраванняў складаюць сумы ад палутара да пяцідзесяці рублёў. Гэтая народная падтрымка дазваляе разлічваць, што мы зробім усё магчымае каб захаваць у Мінску адзіную сядзібу пад бел-чырвона-белым сцягам.
Як высветлілася ў судзе, на сёння розныя структуры БНФ па ўсіх дамовах вінныя каля 10 тысяч рублёў. Такім чынам, свае абавязкі па выстаўленых нам прэтэнзіях мы выконваем згодна з заключанага ўвосень пісьмовага пагаднення з арэндадаўцам.
На гэтай падставе мы прапанавалі арэндадаўцу міравое пагадненне на ўмовах: мы ліквідуем запазычанасці — “Домэнэргасэрвіс” адклікае іск. Юрыст істца на дадзеным этапе адхіліў нашую прапанову. Аднак, суд вырашыў разглядаць справу ўжо ў наступным годзе — разгляд справы па іску да Партыі БНФ прызначаны на 16 студзеня. Да гэтага часу мы плануем аплаціць тое, што засталіся вінныя ніжэйстаячыя аргструктуры партыі ды будзем выходзіць на кіраўніцтва “Домэнэргасэрвісу” і на Мінгарвыканкам з тым каб усё ж знайсці паразуменне і дасягнуць міравога пагаднення.
Безумоўна, пагроза пазбаўлення старэйшай апазіцыйнай арганізацыі цэнтральнага офісу — пытанне палітычнае. Бачу трывожнае супадзенне: пагроза высялення Сядзібы БНФ актывізуецца тады, калі ў Маскве на Беларусь наўпрост ціснуць з патрабаваннем здачы незалежнасці Беларусі. Не хацелася б, каб гэтыя крокі ўладаў былі этапам падрыхтоўкі да падпарадкавання краіны знешняму кіраванню з Масквы.  
У якасці прыкметы палітычных акалічнасцяў пададзенага судовага іску старшыня БНФ прывёў той факт, што Партыя БНФ не лічыцца ў спісе недобрасумленных арэндатараў, які публікуе Мінгарвыканкам — у той час як там знаходзяцца шматлікія камерцыйныя арганізацыі, якія маюць значна большыя запазычанасці, а таксама лаяльныя да дзяржавы структуры (напрыклад, Камуністычнай партыі Беларусі) ды прарасійскія арганізацыі (напрыклад, “Братство белорусов и россиян”).
Па словах Рыгора Кастусёва, зараз БНФ мае актывізаваць збор сродкаў дзеля таго каб у судзе абгрунтавана патрабаваць не скасоўваць дамову арэнды: ”Мы заклікаем усіх патрыётаў дапамагчы Сядзібе БНФ сваімі ахвяраваннямі, просім усе ініцыятывы і структуры грамадзянскай супольнасці, якія карысталіся Сядзібай, аказаць падтрымку адной з галоўных незалежных пляцовак".
Як паведаміў Рыгор Кастусёў, ад імя БНФ накіраваны зварот да ўладаў з просьбай прадаставіць паніжальны каэфіцыент 0,1 да стаўкі арэнды памяшкання, які ўжо маюць іншыя палітычныя партыі і аб’яднанні.
Ахвяраванні для аплаты сядзібы БНФ у Менску можна пералічыць праз сыстэму Разлік (АРІП)/“Расчет” (ЕРИП) у любым банку, праз інтэрнэт-банкінг, мабільны банкінг, інфакіёск, у банкамаце і г.д. Здзейсніць аплату можна з выкарыстаннем наяўных ці электронных грошаў, банкаўскіх плацёжных картак. Рэквізіты для пералічэння ахвяраванняў можна знайсці на сайце https://raschet.by/ — у пошуку паслугаў набірайце БНФ, ці код паслугі 4431691
Паводле прэс-рэлізу