На беларуска-польскай мяжы зноў затрымалі вялікую групу мігрантаў

Польскія памежнікі затрымалі 49 чалавек за незаконны пераход беларуска-польскай мяжы, паведамляе памежная служба Польшчы.

stra_graniczna.jpg

Супрацоўнікі памежнага паста ў Крынках (горад размешчаны ў Падляскім ваяводстве на мяжы з Брэсцкай вобласцю) выявілі сляды на памежнай паласе, а пазней затрымалі групу нелегальных мігрантаў з 49 чалавек. Сярод затрыманых замежнікаў 34 мужчыны, 5 жанчын і 10 дзяцей. У большасці з іх не было з сабой дакументаў. З затрыманых 42 чалавекі — грамадзяне Афганістана, сямёра — расіяне чачэнскага паходжання.

Па рашэнні суда іх змясцілі ў ахоўныя цэнтры для замежнікаў.

Нагадаем, гэта ўжо другі выпадак на гэтым тыдні масавага пераходу бежанцамі беларуска-польскай мяжы. У аўторак памежнікі затрымалі 40 чалавек. Усе яны былі афганцамі.

Больш складаная сітуацыя склалася на беларуска-літоўскай мяжы. За мінулыя суткі літоўскія памежнікі затрымалі 93 мігрантаў, якія прыйшлі з Беларусі, а ўсяго з пачатку года нелегальна мяжу Беларусі і Літвы перайшлі 1509 мігрантаў.

Паводле TUT.BY.