На «бацюшку са свастыкай» завялі справу за сексуальны гвалт у дачыненні дзіцяці
Шэраг беларускіх тэлеграм-каналаў пачалі намякаць, што «бацюшка са свастыкай» Канстанцін Бурыкін мог мець сексуальную сувязь з непаўналетнімі.
Напачатку траўня пра гэта паведаміў канал «Кульгавы д'ябал», напісаўшы, што ў дачыненні Бурыкіна праводзіцца праверка па артыкуле 157 Крымінальнага кодэкса — гэта заражэнне СНІДам. «Гаворка пра кагосьці з дзяцей», — удакладнілі аўтары.
А 25 чэрвеня падобную інфармацыю агучыў блогер NEXTA, напісаўшы са спасылкай на матэрыялы пракуратуры, што Бурыкін цягам некалькіх год «ажыццяўляў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару ў дачыненні непаўналетняга».
Асоба пацярпелага (ці пацярпелай) не называецца.
У Следчым камітэце «Нашай Ніве» пацвердзілі інфармацыю аб існаванні яшчэ адной справы ў дачыненні Бурыкіна.
«УСК па Мінску расследуецца крымінальная справа па ч. 3 арт. 167 (гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характара ў дачыненні заведама малалетняга) у дачыненні Канстанціна Бурыкіна», — сказала прадстаўніца СК Юлія Ганчарова.
Інфармацыю пра магчымае заражэнне СНІДам яна пацвердзіць не можа: «хутчэй за ўсё, аўтары памыліліся і замест «167» напісалі «157», — адрэагавала яна на допіс у тэлеграм-канале.
Такім чынам, у дадатак да тэрміна за незаконнае захоўванне зброі, Бурыкіну пагражае пакаранне за яшчэ два крымінальныя артыкулы — растрата і «сексуальныя дзеянні».
«Бацюшка са свастыкай» — грамадзянін Расіі. Пасля адбыцця пакарання ён мае быць дэпартаваны з краіны.
Бурыкін быў вядомы з часоў сваёй актыўнасці ў неанацысцкай арганізацыі «Рускае нацыянальнае адзінства», або РНЕ.
У 2014 годзе стаўся скандал, калі раскрылася, што ў святара з тых часоў на плячы застаецца свастыка. Тады Бурыкін у інтэрв'ю СМІ адрокся сваіх былых захапленняў.
Пры гэтым ён захоўваў кантакты з прарасійскай арганізацыяй «Румол», на базе ягонага прыходу гэтая суполка праводзіла спаборніцтвы.
«Бацюшка» не меў духоўнай адукацыі, а святарскі сан атрымаў разам з абяцаннем збудаваць храм у Гатаве — рабочым прыгарадзе Мінска.
Паводле nn.by