Мы адзін народ?

Чалавек як істота думаючая, але не пазбаўленая асноўных інстынктаў, можа любіць, удасканальваць і бараніць толькі тое месца, якое любяць. Беларусь, на жаль, усё менш падобная на такое месца. Ці ёсць выйсце? Эміграцыя? Бесперспектыўны бунт?.. А што наконт пазітыўных варыянтаў? Здаецца, ёсць і такія.

dzenvoli__1_of_1__14_logo_1.jpg

Сакавік 2017-га не быў простым. Брутальны разгон Дня Волі, арышты па «Справе патрыётаў», бясконцыя суткі для актывістаў і выпадковых мінакоў, маўчанне або няўцямныя тлумачэнні з боку палітычных лідараў…

І ўсё гэта пасля больш як года «лібералізацыі», дрэйфу ў бок Захаду і працы нібыта на збліжэнне грамадства і ўлады, калі хацелася шчыра верыць у слоган: «Мы адзін народ». 

Сёння той самы слоган гучыць усё часцей як пытанне: «Мы адзін народ?» Усё часцей у галовах людзей ды ў асабістых размовах фігуруе адно слова: «страх». Страх апынуцца за кратамі, страх быць адлічаным з вучобы, страх немагчымасці аплаціць крэдыты альбо наўпрост утрымліваць сям’ю на фоне эканамічнага крызісу.

Страх — гэта не толькі паралізуючы інстынкт, але яшчэ і няўпэўненасць у заўтрашнім дні, агульная трывога. Падаецца, што збітыя ўсе арыенціры: чаму ўлада дзейнічае так, а не інакш? Чаму садзяць за краты гэтых, а не тых? Хто наступны? Дзе хоць нейкая легальна пляцоўка для дзейнасці «ў межах закону», тыя «чырвоныя сцяжкі», за якія нельга забягаць?

Добра вядомы эксперымент, пастаўлены некалі над пацукамі. Адна жывёлка падыходзіла да кармушкі, ела, яе не чапалі. Іншая таксама падыходзіла, але яе перыядычна біла токам. Ніякай логікі не было — раз білі, раз не білі. Пацук, які апынуўся ў такім становішчы, таксама не меў адказу на пытанне: «Чаму?». Але падыходзіў: есці хацелася.

У далейшым, тым жа пацукам прапаноўвалі розныя задачы, лабірынты і г.д. Жывёлка, якую біла токам, наўпрост не магла вырашаць прасцейшых задачаў: у ёй жыў страх, няўпэўненасць, якія паралізоўвалі любую актыўнасць. Пацук, якога «не рэпрэсавалі» спраўляўся з задачамі выдатна.

На першы погляд, падаецца, што ў сітуацыі таго няшчаснага пацука апынулася  толькі апазіцыйная частка грамадства, якая ходзіць на мітынгі, ладзіць пратэсты, «муціць ваду», як падаецца ўладам. А што з іншымі? Магчыма, прадпрымальнікі адчуваюць сябе па-іншаму? Магчыма, пенсіянеры альбо выкінутыя з працы ўчорашнія рабочыя прадпрыемстваў? Магчыма, тая адэкватная частка чыноўнікаў дзяржапарату, якія разумеюць неабходнасць пераменаў і эканамічных рэформаў?..

Наўрад ці. Кожны ведае, што «заўтра» — гэта вялікая абстракцыя, пра якую ніхто нічога не ведае. Дакладней, ведае толькі вузкі сегмент беларусаў — вышэйшая ўлада ды набліжаныя для яе асобы. Рэшта застаецца ў «цёмным пакоі» ды можа толькі здагадвацца, ці ёсць побач рубільнік, каб уключыць святло, альбо ён наогул па-за межамі пакоя… Цэлы народ з мехам на галаве. Цэлы народ — герой эксперыменту.

dzenvoli__1_of_1__6_logo_1.jpg

Цяжка назваць такі стан выпадковасцю. Камусьці вельмі выгадна мець амаль 10 мільёнаў суайчыннікаў з паралізаванай воляй і любой творчай энергіяй. Хочаш нешта зрабіць — арганізаваць бізнес, збудаваць дом, стварыць сям’ю, уключыцца ў грамадскую дзейнасць альбо наўпрост выказацца пра тое, што «накіпела»? Страшна. А раптам што якое... Можа атрымаецца, а можа і токам каля кармушкі атрымаеш.

Па такім алгарытме можа існаваць птушкафабрыка альбо «папраўчая калонія». Грамадства і дзяржава — наўрад ці. Ці могуць быць бройлерныя куры патрыётамі сваёй птушкафабрыкі? Ці будуць зэкі бараніць сваю калонію ў выпадку знешняй пагрозы? Рытарычныя пытанні.

Чалавек як істота думаючая, але не пазбаўленая асноўных інстынктаў, можа любіць, удасканальваць і бараніць толькі тое месца, якое любяць. Беларусь, на жаль, усё менш падобная на такое месца.

Ці ёсць нейкае выйсце? Эміграцыя? Бесперспектыўны бунт?.. А што наконт пазітыўных варыянтаў? Здаецца, ёсць і такія. Праблема толькі ў тым, што грамадства такую перспектыву не можа выбудаваць самастойна. Патрэбная як воля «знізу», так і воля «зверху». Кожны павінен пайсці на саступкі, пакуль сітуацыя ўзаемнага недаверу і нават нянавісці не зайшла занадта далёка. Інакш палаючы дом тушыць ужо не будзе каму.

Свабода і дыялог — тыя фактары, якія могуць дапамагчы выйсці з крызісу даверу, разбурыць атмасферу страху, абнуліць затоеныя і надзейна схаваныя крыўды. Так, улада баіцца даваць свабоду свайму ж народу. Бо для ўлады гэта пытанне ўлады, прабачце за каламбур. Маўляў, толькі татальны кантроль выратуе сітуацыю, не дасць «расхістаць човен».

Але каго выратаваў татальны кантроль? Няўжо раздутыя штаты сілавікоў, сістэма даносаў і картатэкаў на кожнага грамадзяніна дапамаглі выстаяць СССР, Румыніі, ГДР?.. У кожным выпадку гэта было пытаннем часу. У сітуацыі надлому людзі палічылі за лепшае адкінуць ідэалы і аўтарытэты, якія ім навязваліся дзесяцігоддзямі. Бо птушкі не могуць быць патрыётамі птушкафабрыкі, зэкі не будуць бараніць свой барак, грамадзяне не гатовыя жыць і, пры патрэбе, паміраць для дзяржавы, якая бачыць іх выключна працоўнай сілай або крыніцай падаткаў.

Здаецца, яшчэ не позна «ўключыць заднюю» ды павярнуцца тварам да людзей. Нават у Франка з Піначэтам гэта атрымалася: рэформы, свабода, мірная перадача ўлады. Бо перадаваць рана ці позна ўсё адно давядзецца. І лепш зрабіць гэта меншай крывёй, не спаліўшы дом, дзе кожнаму з нас яшчэ жыць.

dzenvoli__1_of_1__10_logo_1.jpg