«Мужаймася, маладыя, і рыхтуймася да волі і свабоды». Цёплыя віншаванні з Раством ад беларускіх палітыкаў і дзеячоў

Івонка Сурвіла, Зянон Пазьняк, Павел Латушка і Святлана Ціханоўская знайшлі для нас шчырыя і натхняльныя словы. 

Ілюстрацыйны здымак НЧ

Ілюстрацыйны здымак НЧ

Івонка Сурвіла: «Прашу нованароджанага Сына Божага, каб вызваліў наш край і наш народ»

«Дарагія мае Суродзічы! Ад імя Рады БНР і ад сябе асабіста, вітаю Вас з Калядамі. Жадаю, каб гэтыя Сьвяты былі для Вас поўныя любові і надзеі на хуткія зьмены. 

Прашу нованароджанага Сына Божага, каб вызваліў наш край і наш народ ад злачынцаў якія перанялі ўладу ў краіне ў свае рукі.

Дарагія Суродзічы, не пакідайце веры ў будучыню! Толькі вера, што кашмар ня вечны, што прыйдзе час, калі і яму прыйдзе канец, дазволіць нам дачакацца нашай вольнай дзяржавы, у якой і нам будзе дадзена “людзьмі звацца”! Прыгожа кажа пра гэта наш Васіль Быкаў: без спадзеву на сьвятло і цяпло, на свой дом і сваю сям’ю - ў гэтым драпежным сьвеце нікому няма і ня будзе жыцьця. 

А мне ўжо восемдзесят гадоў гэты спадзеў памагае жыць! 

Тым, хто быў змушаны пакінуць Бацькаўшчыну, скажу наступнае: памятайце хто Вы! Якая-бы ня была цяжкая эмігранцкая доля, памятайце пра зямлю сваіх продкаў. Так доўга як будзеце адчуваць сваю прыналежнасьць да яе, ніякія цяжкасьці Вас не перамогуць! Бо будзеце ведаць, што ёсьць на гэтай зямлі Ваш “родны кут” і, нават у гэты нялюдзкі час, калі пагражае яму вялікая небясьпека, ён усёж толькі ВАШ і заўсёды будзе толькі Ваш! Сіротай Вы ніколі ня будзеце! 

Безумоўна, нам трэба дагледзець яго, абараніць ад бандытаў, якія толькі і чакаюць на магчымасьць яго прысвоіць. Але я веру, што наш народ не дапусьціць да гэтага. Ён замоцна прывязаны да сваёй зямлі, замоцна яе любіць. Я моцна веру, што наш народ здольны адрадзіць у цэнтры Эўропы нашую ўласную — ветлую і заможную — краіну, якую будзем пакідаць толькі калі захочацца пабачыць рэшту сьвету, але куды будзем абавязкава вяртацца, калі скончым падарожнічаць!

Дык давайце памолімся ўсе разам у гэты Калядні вечар за нашую Бацькаўшчыну, мае дарагія Сябры! Памолімся зь верай што “Ўладар вялікіх сонцаў і сэрц малых” нас пачуе! 

Жадаю Вам утульных Калядаў! Жыве Беларусь!»

Глядзіце таксама

Зянон Пазьняк: «Мужаймася, маладыя, і рыхтуймася да волі і свабоды»

«Дарагія землякі, дарагія беларусы! Віншую ўсіх нас з Нараджэньнем Хрыстовым! Хрыстос спаміж нас! Славім Яго!

Зычым усім нам, беларусам у Бацькаўшчыне і ў выгнаньні, моцнасьці і здароўя, сьмеласьці і адвагі, каб вопыт цяжкага часу загартаваў нашыя душы. Мужаймася. Тыя, што ў рэжымнай нялюдзкай турме, і тыя, што на палях Украіны змагаюцца з расейскім бандытам. Мужаймася, маладыя, і рыхтуймася да волі і свабоды. Мужаймася, хто ў горадзе, і хто ў вёсцы. Ня будзе вечна зло над Беларусяй панаваць. Перамены пачнуцца ўжо неўзабаве. І нішто ня спыніць наш Беларускі Шлях.

Шануйма Госпада і ўсё сваё. Найперш — сваю Беларускую мову і свой Беларускі народ. Нам гэта важна цяпер і заўсёды. І духоўнай зарукай жыцьця хай будзе нам сіла і прыклад Таго, хто прыйшоў на Зямлю, прынёс людзям Збаўленьне і зьмяніў сьвет. 

Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!»

Павел Латушка: «Я веру ў тое, што ў нашым заўтра — усё будзе добра»

«Каляды і Раство — цёплыя і светлыя святы, падчас якіх нараджаюцца важныя ў сённяшні няпросты час пачуцці. Гэта час цудаў, сямейнай цеплыні і добрых спраў. Час, калі ў нашых сэрцах загараецца промень веры ў лепшае будучае.

Я веру, што ў нашым будучым — у нас усё атрымаецца. Я веру ў тое, што ў нашым заўтра — усё будзе добра.

У гэтыя святочныя дні зычу кожнаму беларусу і кожнай беларусцы захоўваць веру і надзею ў сваім сэрцы. Гэтыя пачуцці — каштоўны падмурак для новых планаў, для таго, каб дзейнічаць і дасягаць новых высот і вяршынь.

Віншую са светлымі святамі Каляд і Раства. Няхай у вашых дамах заўсёды пануе атмасфера любові і гармоніі, няхай у сэрцах захоўваецца вера ў лепшае будучае.

Яно абавязкова наступіць».

Святлана Ціханоўская: «Ствараем вялікую сям’ю, дзе кожнаму ёсць месца за калядным сталом».

«Вера ў чалавека, у яго здольнасць змяняць свет да лепшага, заўсёды была нашым наймацнейшым падмуркам. Гэтая вера дае нам сілы ісці наперад, натхняе нас з году ў год. Нават у самыя цяжкія часы яна матывуе нас рухацца далей. Мы працягваем клапаціцца, падтрымліваць адно аднаго – і ствараем вялікую сям’ю, дзе кожнаму ёсць месца за калядным сталом.

З Нараджэннем Хрыстовым!»