МУС: Гамафобская заява адпавядае заканадаўству
Стваральнікі петыцыі «За сапраўдную міліцыю – для ўсіх!» атрымалі адказ ад Міністэрства ўнутраных справаў. Яго змест адпавядае публічнай пазіцыі кіраўніка ведамства Ігара Шуневіча, лічаць аўтары звароту.
«Адказу па сутнасці няма. Чакаем рэакцыі Генеральнай пракуратуры».
У адказе МУС, падпісаным начальнікам упраўлення Г.Г.Еўчарам, у прыватнасці гаворыцца:
«У адпаведнасці з заканадаўствам органы ўнутраных справаў абараняюць жыццё, здароўе, гонар і годнасць грамадзянаў ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў незалежна ад грамадзянства, сацыяльнага, маёмаснага і іншага становішча, расавай і нацыянальнай прыналежнасці, полу, узросту, адукацыі і мовы, адносім да рэлігіі, палітычных і іншых перакананняў».
20 траўня МУС апублікаваў зварот «Мы за сапраўднае», які стаўся рэакцыяй на вясёлкавы сцяг над амбасадай Вялікай Брытаніі ў Менску. Такі жэст дыпламатаў быў прымеркаваны да Міжнароднага дня барацьбы з гамафобіяй. Айчынныя праваахоўнікі палічылі гэта непрымальным:
«Прадстаўнікі аднаполых адносін люта адстойваюць сваю пазіцыю, нягледзячы на асновы і традыцыі, якія склаліся ў грамадстве. Як ні круці, але аднаполыя адносіны – гэта падробка. А сутнасць падробкі заўсёды аднолькавая – абясцэньванне ісціны. ЛГБТ-супольнасць, і ўся гэтая барацьба за «свае правы», і сам дзень супольнасці – усяго толькі падробка!»
У петыцыі «За сапраўдную міліцыю – для ўсіх!», якая з’явілася як адказ на пазіцыю беларускіх сілавікоў, грамадская супольнасць патрабавала «праверыць законнасць падобных выказванняў» і прыбраць матэрыял са старонкі МУС.
belsat.eu