Мінскія ўлады адмовілі ў правядзенні грамадскіх слуханняў па вадзе

Суд Маскоўскага раёну Мінска 28 сакавіка агалосіў вердыкт па пазове жыхароў Мінску, пададзенага пра падтрымцы аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" і ініцыятывы "Наша Кунцаўшчына", адносна правядзення грамадскіх слуханняў аб якасці пітной вады ў Маскоўскім, Фрунзенскім і Кастрычніцкім раёнах Мінску.



thumbnail_1396012524.jpg

Суд пастанавіў, што Мінгарвыканкам адказаў аўтарам звароту ў тэрміны, прапісаныя ў законе, і згодна сваёй кампетэнцыі. Датычна ж таго, што мінскія ўлады праігнаравалі патрабаванне пра правядзенне грамадскіх слуханняў, суд патлумачыў, што гэта не ў кампетэнцыі Мінгарвыканкаму.

Між тым рэальнага судовага разбіральніцтва не было, інакш як можна патлумачыць заяву пра адсутнасць кампетэнцыі ў Мінгарвыканкама, калі ў арт. 41 Закона аб мясцовым кіраванні і самакіраванні кажацца, што "выканкамы ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам... арганізуюць абмеркаванне на адпаведнай тэрыторыі важных пытанняў мясцовага і рэспубліканскага значэння".

"Мы не патрабавалі выдаткавання нейкіх сродкаў ці нечага завышанага. Мы прапаноўвалі чыноўнікам сустрэцца з людзьмі і абмеркаваць пытанні, якія хвалююць людзей. Але мінскія чыноўнікі, якія жывуць за кошт падаткаў, хаваюцца за паперкамі і дзвярмі, і поўнасцю ігнаруюць інтарэсы простых грамадзян. Мы працягнем гэтую і іншыя кампанію, інфармаваць СМІ і зацікаўленых грамадзян пра яе развіццё, каб стварыць ціск на ўлады, каб абвешчаныя раней планы перавесці да 2018 года Маскоўскі, Фрунзенскі і Кастрычніцкі раёны на артэзіянскія свідравіны, былі выкананыя. Што тычыцца сённяшняга рашэння суду, то мы будзем абскарджваць яго ў Менскім гарадскім судзе", — адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

Нагадаем, у жніўні 2013 года мінчукі пры падтрымцы ініцыятывы "Наша Кунцаўшчына" і аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" сабралі больш за 500 подпісаў з патрабаваннем правесці грамадскія слуханні з прычыны моцнай хларыраванасці пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Мінска.

З тых часоў усе інстанцыі, у якія падаваліся звароты, дасылалі толькі адпіскі, маўляў, вада добрая і няма аб чым турбавацца. Пры гэтым галоўнае патрабаванне правесці шырокія грамадскія слуханні ігнаравалася.

Тады ў Генеральную пракуратуру, Адміністрацыю прэзідэнта і Савет міністраў былі пададзеныя скаргі на дзеянні менскіх чыноўнікаў. Аднак звароты былі проста перанакіраваныя ў Мінгарвыканкам, на дзеянні якога і скардзіліся мінчукі. У выніку ніякага адказу ад менскіх чыноўнікаў па сутнасці так і не было атрымана.

У сувязі з гэтым ад імя 570 падпісантаў была дасланая скарга на Мінгарвыканкам у суд Маскоўскага раёна Мінска з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці чыноўнікаў, якія не па сутнасці і халатна выконвалі свае абавязкі, і галоўнае — дамагчыся правядзення шырокіх грамадскіх слуханняў па праблеме моцнай хларыраванасці пітной вады ў Кастрычніцкім, Маскоўскім і Фрунзенскім раёнах Мінска.

Прэсавая служба БХД