Мінскі касцёл Святога Роха адзначыў 150-годдзе
15 лістапада ў мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы адбылося святкаванне 150-годдзя з дня асвячэння касцёла на Залатой Горцы.
Урачыстую імшу з нагоды юбілею храма ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Святочная праграма пачалася малітвай падзякі з нагоды юбілею. Адбыліся гістарычная канферэнцыя «Залатагорская святыня», а таксама прэзентацыя памятнага альбома, прысвечанага
храму. Перад прысутнымі выступіў Залатагорскі хор.
«Сто пяцьдзесят гадоў таму, 1 лістапада 1864, у прыгарадзе Мінска быў асвечаны новапабудаваны храм у гонар Найсвяцейшай Тройцы і святога Роха», — нагадаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас імшы, звяртаючыся да прысутных. Ён дадаў, што ў гэты дзень
сэрцы вернікаў перапоўненыя радасцю, таму што касцёл на Залатой Горцы перажыў цяжкія часы ганенняў і некаторы час выкарыстоўваўся як зала камернай музыкі Белдзяржфілармоніі, але «у рэшце
рэшт зноў з'яўляецца месцам сустрэчы чалавека з Богам».
Мітрапаліт назваў храм на Залатой Горцы «помнікам нашай веры, малітвы і хрысціянскай традыцыі на нашай зямлі», месцам сустрэчы чалавека з Богам — у тым ліку ў канцэртах духоўнай музыкі, музычным фестывалі «Залатагорская ліра».
Іерарх нагадаў, што з гэтай святыні па традыцыі пачынаецца працэсія Божага Цела, тут у Вялікі пост праходзіць інсцэніраваны Крыжовы шлях.
catholic.by