Мінінфарм заблакаваў сайт прыхільнікаў легалізацыі марыхуаны
Міністэрства інфармацыі закрыла доступ да сайту кампаніі за дэкрыміналізацыю марыхуаны і кантраляваных рэчываў legalize.by, паведамляе «Радыё Свабода»
Пра гэта “Радые Свабода” даведалася ад уладальніку сайту Пятро Маркелаў, якому на электронную пошту Мінінфарм даслаў копію загаду аб блакіроўцы доступу, падпісанага кіраўніком ведамства Аляксандрам Карлюкевічам.
Паводле Міністэрства інфармацыі, на сайце размешчаны матэрыялы, якія прапагандуюць «небяспечны наркатычны сродак марыхуана», ужыванне якога на тэрыторыі Беларусі забаронена. Прапаганда наркатычных сродкаў у СМІ і інтэрнэце забаронена артыкулам 38 Закону аб СМІ, тлумачаць у міністэрстве.
Пятро Маркелаў кажа, што сайт будзе напаўняцца і далей. Таксама рэдактары сайту будуць абскарджваць загад Міністэрства інфармацыі, «бо там няма ніякай прапаганды».
Заблакаваны сайт напаўняўся англамоўнымі матэрыяламі пра дзейнасць удзельнікаў кампаніі Legalize Belarus. На падтрымку кампаніі рэдактары сайту прапаноўвалі ахвяраваць біткойны.
Пад петыцыяй за дэкрыміналізацыю марыхуаны і іншых кантраляваных рэчываў падпісаліся больш за 2000 чалавек, у тым ліку 1600 — у інтэрнэце. Яны заклікаюць увесці вызначэнне малой колькасці для кожнага кантраляванага рэчыва і адмяніць крымінальную адказнасць за іх абарот у памерах, якія не перавышаюць вызначаныя.
19 красавіка міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што яго ведамства не вітае паслаблення адказнасці паводле «наркатычных» артыкулаў, у тым ліку для спажыўцоў наркотыкаў.
27 красавіка прадстаўнікі руху «Маці 328» абвясцілі галадоўку, патрабуючы змякчэньня «антынаркатычнага» заканадаўства ў дачыненні да тых, хто ўжываў забароненыя рэчывы. 16 траўня на партале pravo.by апублікавалі праект зменаў у «наркатычныя артыкулы» Крымінальнага кодэксу.