Мінінфарм расказаў, чаму ў Беларусі спыненае вяшчанне RTVI
Міністэрства інфармацыі прыняло рашэнне аб адмове ў выдачы новага дазволу на распаўсюд у Беларусі замежнай тэлепраграмы RTVI, гаворыцца ў паведамленні на сайце Мінінфарма ў панядзелак.

«Падставай для адмовы стала неадпаведнасць рэчаiснасцi звестак, указаных у заяве, пададзенай аператарам электрасувязі», — удакладнілі ў ведамстве.
Там нагадалі, што тэрмін дзеяння дазволу, выдадзенага Міністэрствам інфармацыі у 2018 годзе названай тэлепраграме, мінае 27 чэрвеня 2021 года.
Як паведамілі раней у кампаніі «Космас ТБ», з 27 чэрвеня будзе спынена трансляцыя тэлепраграмы RTVI.
RTVI — расійскі міжнародны інфармацыйна-забаўляльны тэлеканал, які ажыццяўляе вяшчанне на тэрыторыі шэрагу дзяржаў СНД, Грузіі, краін Балтыі, Германіі, Ізраіля, Вялікабрытаніі, Іспаніі, ЗША, Канады, Аўстраліі і іншых краін. Заснаваны ў 2002 годзе.
interfax.by