Мікіта Семяненка зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты

Мінская гарадская выбарчая камісія прызнала памылку Фрунзенскага выбаркаму і зарэгістравала сябра Руху «За Свабоду» Мікіту Семяненку кандыдатам у мясцовы гарсавет. Зарэгістраваны таксама Андрэй Кушняроў.

Мікіта Семяненка і Андрэй Кушняроў

Мікіта Семяненка і Андрэй Кушняроў

Нагадаем, што Фрунзенская раённая выбарчая камісія знайшла ў Семяненкі нібыта незадэклараваную кватэру плошчай 18 кв. м., што стала падставай для ягонай нерэгістрацыі ў якасці кандыдата. Сябра Руху адмаўляў наяўнасць гэтага памяшкання ў сваёй маёмасці і абскардзіў рашэнне.
«У Мінскай гарадской выбарчай камісіі прызналі некампетэнтнасць сябраў Фрунзенскай камісіі. Прадстаўніца гэтай камісіі не прамовіла ні слова пад час паседжання ў абароны сваёй пазіцыі», — пракаментаваў сайту Pyx.by Семяненка.
Па ягоных словах, ужо заўтра, 23 студзеня, у 10 раніцы ён зможа забраць пасведчанне кандыдата ў дэпутаты.
«Я думаю, усё адбылося праз некампетэнтнасць выбарчай камісіі, чальцы якой працуюць на сваіх месцах з 2002 года», — адзначыў сябра Руху «За Свабоду».
Мікіта Семяненка лічыць, што асабістую адказнасць за памылку нясе старшыня выбаркаму Зінаіда Жаголкіна і папрасіў прабачэнне за зварот пра памылку кадастравага агенства. Па ягоных словах, там параілі звяртацца ў суд і патрабаваць аплаціць выдаткі на даведкі з рэгістру.
Ён падзякаваў за дапамогу сябрам Руху «За Свабоду» і сваёй ініцыятыўнай групы, а таксама кампаніі «Права выбару» і сустаршыні БХД Вользе Кавальковай.
Сёння быў таксама зарэгістраваны сябра Руху «За Свабоду» Андрэй Кушняроў. На камісіі, па ягоных словах, доўга чыталі ягоную скаргу, а потым прызналі, што «нельга лічыць не сапраўднымі абодва подпісы, калі адзін чалавек паставіў дату за двух, а гэтага недастаткова для адказу ў рэгістрацыі».
«За» рэгістрацыю прагаласавалі ўсе чальцы камісіі акрамя аднаго, паведаміў Кушняроў сайту Pyx.by.
Шэраг сябраў Руху «За Свабоду» працягвае абскарджваць адмовы ў рэгістрацыі. У прыватнасці, заўтра Мінскі гарадскі суд разгледзіць скаргі Віктара Янчурэвіча і Вольгі Быкоўскай, якім гарадская выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі 20 студзеня.