Маці Эдуарда Лобава наведала сына ў івацэвіцкай папраўчай калоніі № 5
Маці актывіста міжнароднай арганізацыі "Малады фронт" (Чэхія) Эдуарда Лобава наведала сына ў івацэвіцкай папраўчай калоніі № 5.
Як паведаміла БелаПАН Марына Лобава, з 16 па 19 лістапада ў яе было доўгатэрміновае спатканне з сынам.
"У яго ўсё нармальна. На ўмовы ўтрымання не скардзіцца. Са здароўем таксама ўсё ў парадку, хоць нядаўна ён быў прастуджаны. Ужо паправіўся. Трымаецца бадзёра, настрой добры",
— сказала Марына Лобава.
У калоніі Эдуард, паводле яе слоў, не працуе. "Працы там няма, застаўся толькі адзін рабочы атрад. Ён шмат чытае, яму выпісана шмат газет, усе прыходзяць. Таксама ў яго шмат кніг.
Піша лісты сваім сябрам, але асабліва нічога новага не напішаш — дні падобныя адзін на адзін, няма падзей, няма новых уражанняў, усё аднастайна. Аб чым можна было напісаць —
ён ужо даўно напісаў", — сказала Марына Лобава.
"Цяпер у яго няма праблем і з адміністрацыяй калоніі, і з іншымі зняволенымі. У калоніі было цёпла, добра паляць. Харчаванне як і ўсюды, не горшае і не лепшае", — паведаміла
маці зняволенага.
Чарговае спатканне з сынам у Марыны Лобавай будзе толькі праз паўгода. "Калі ўсё будзе добра і ў яго не будзе ніякіх парушэнняў", — дадала яна.
Лідар "Маладога фронту" Дзмітрый Дашкевіч і актывіст арганізацыі Эдуард Лобаў былі затрыманыя ў Мінску 18 снежня 2010 года. Паводле інфармацыі ГУУС Мінгарвыканкама, у двары жылога
дома па вуліцы Янкі Брыля яны нібыта збівалі Канстанціна Савіцкага і Алега Малышава. Затрыманне Дашкевіча і Лобава прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі як прэвентыўную меру міліцыі
напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года.
24 сакавіка Дашкевіч быў прыгавораны да 2 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Лобаў — да 4 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
"Міжнародная амністыя" прызнала Дашкевіча і Лобава вязнямі сумлення.
Сяргей Пульша, БелаПАН.