Мабільныя аператары дапамагаюць спецслужбам сачыць за людзьмі

У новым прэс-рэлізе міжнароднай праваабарончай арганізацыі Аmnesty Іnternational сцвярджаецца, што аўстрыйскія, турэцкія і іншыя тэлекамунікацыйныя фірмы палягчаюць ураду Беларусі ў незаконным сачэнні за людзьмі. Гаворка вядзецца пра працу беларускіх мабільных апэратараў МТС, velcom i life:).

1437150677_proslushka.jpg

Аmnesty Іnternational заяўляе, што ўлады выкарыстоўваюць тэлефонныя сеткі некаторых найбуйнейшых у сьвеце тэлекамунікацыйных кампаній для задушэння свабоды слова і іншадумства.

«У краіне, дзе правядзенне акцый пратэсту ці крытыка прэзыдэнта могуць стаць прычынай арышту, нават пагроза таго, што за актывістамі шпіёняць улады, можа зрабіць іх працу амаль немагчымай», — сказаў супрацоўнік Amnesty International Джошуа Франка.

Тэлекамунікацыйныя кампаніі, у тым ліку тыя, што належаць Telekom Austria Group і Turkcell, зрабілі гэта магчымым, прадставіўшы ўраду практычна неабмежаваны доступ да сродкаў сувязі і зьвестак сваіх кліентаў. Праца ў Беларусі патрабуе прадстаўлення органам дыстанцыйнага доступу да ўсіх сваіх карыстальнікаў тэлефонных і інтэрнэт-камунікацый.

У дакладзе сцвярджаецца што «кампаніі, якія працуюць у Беларусі, абавязаныя даць доступ уладам да ўсіх звестак, якія яны хочуць і калі яны хочуць. Так што, калі КДБ, да прыкладу, хоча шпіёніць за кімсці, ён не павінен паказваць ордэр, ён не павінен прасіць кампанію даць яму доступ», — сказаў Джошуа Франка. Гэтага вымагае беларускае заканадаўства.

Amnesty International піша, што тэлекамунікацыйныя кампаніі маюць вялікую адказнасць, бо тэхналёгіі, як правіла, даюць свабоду слова, але распаўсюджванне камунікацыйных тэхналёгій у Беларусі павялічыла рызыку рэпрэсій і вельмі важна, каб тэлекамунікацыйныя кампаніі супрацьстаялі злоўжыванням тэхналёгіямі сувязі для парушэнняў недатыкальнасці прыватнага жыцця і свабоды выказвання.

У Беларусі, пішацца ў дакладзе, КДБ і іншыя спецслужбы маюць свабодны, нон-стоп дыстанцыйны доступ да камунікацыі ў рэальным часе і да базаў памяці тэлефоннай і інтэрнэт-сувязі.

Даклад заснаваны на інтэрвію з больш чым 50 актывістамі ў галіне правоў чалавека, журналістамі, юрыстамі, прадстаўнікамі палітычнай апазыцыі, спэцыялістамі ў галіне тэхналёгіяў і іншымі ў Беларусі і ў выгнанні ў пэрыяд са жніўня 2015 году да траўня 2016-га.

Актывісты распавялі Amnesty International, як поўная сакрэтнасць вакол назірання прымушае іх меркаваць, што яны знаходзяцца пад наглядам у любы час. Адзін незалежны журналіст, чыя асоба не разгалошваецца, сказаў:

«Большасць людзей баіцца адкрыта гаварыць па тэлефоне. Гэта як частка вашага мыслення... У прынцыпе, калі я размаўляю ў закрытым памяшканні, або па тэлефоне, або пішу лісты па электроннай пошце, я мяркую, што ўсё гэта трапляе ў КДБ».

Актывісты расказалі Amnesty International, як пошук крыніц фінансавання пры дапамозе сродкаў сувязі становіцца для іх рызыкай, як міліцыя загадзя даведваецца пра акцыі пратэсту і месцы іх правядзення, нават калі сама магчымасць іх правядзення толькі абмяркоўвалася ў прыватных тэлефонных размовах.

«Для праваабаронцаў у Беларусі шыфраванне зьяўляецца апошняй лініяй абароны супраць рэпрэсіўнай дзяржавы і яе магутнага апарату назірання», — сказаў Джошуа Франка.

Amnesty International заклікала беларускія ўлады стварыць сыстэму стрымлівання і процівагі для практыкі назірання, каб прывесці яе ў адпаведнасць зь міжнароднымі стандартамі ў галіне правоў чалавека.

Amnesty International таксама заклікала тэлекамунікацыйныя кампаніі, якія валодаюць цалкам або часткова апэратарамі ў Беларусі, кідаць выклік законам, якія перашкаджаюць ім абараняць канфідэнцыйнасць сваіх кліентаў, і інфармаваць сваіх кліентаў, што іх зьвесткі будуць даступныя ўладам у любы час.

***

Тры найбуйнейшыя мабільныя апэратары ў Беларусі часткова належаць замежным кампаніям:

МТС сумесна належыць расейскай кампаніі МТС і дзяржаўнай беларускай кампаніі Белтэлекам. З МТС (Беларусь) не адказалі на лісты Amnesty International.​

velcom зьяўляецца стоадсоткавай даччынай кампаніяй Telekom Austria Group. Прадстаўнікі Telekom Austria расказалі Amnesty International, што кампанія была абавязана прытрымлівацца беларускага заканадаўства. Большасцю акцый Telekom Austria валодае мексыканская кампанія America Movil. America Movil не адказала на лісты Amnesty International.

life :) на 80% належыць турэцкай кампаніі Turkcell, якая ў сваю чаргу, на 38% належыць шведскай кампаніі TeliaSonera. У TeliaSonera сказалі Amnesty International, што кампанія мае цьвёрдую палітыку супрацьстаяння прамому доступу да тэлекамунікацыйных звестак, але таксама сказалі, што ня могуць узяць на сябе адказнасць за дзеянні Turkcell, таму што не зьяўляюцца ўладальнікамі кантрольнага пакету акцый. Turkcell не адказаў на лісты Amnesty International.

Amnesty International лічыць, што кампаніі парушаюць агульнапрынятыя стандарты ў пытаннях бізнэсу і правоў чалавека. У адпаведнасці з «Кіруючымі прынцыпамі ААН для адказнага бізнэсу», нацыянальныя законы там, дзе кампанія ажыццяўляе сваю дзейнасць, ня могуць быць выкарыстаныя для апраўдання парушэння правоў чалавека.

Паводле Радыё Свабода