«Футбаліста можна падкупіць і за 100 даляраў». Як у Беларусі праводзяць дамоўленыя матчы
Міліцыя затрымала футбалістаў «Ашмянаў» і менскай каманды «Прамень» пасьля гульні ў Першай лізе Чэмпіянату Беларусі па футболе. Іх абвінавачваюць у дамоўленым матчы. Наколькі часта ў нас здараюцца дамоўленыя гульні, і колькі каштуе падкупіць футбаліста, Свабодзе апавёў сябра сацыял-дэмакратычнай партыі і ігрок са стажам на букмекерскіх стаўках Павал Знавец.
«Дзіўных» матчаў у Беларусі стала ў чатыры разы болей
Дамоўленыя матчы здараюцца ва ўсіх краінах. Нават у СССР, дзе букмэкеры былі забароненыя, клюбы нярэдка «зьлівалі» матчы. Стваралі такія схемы самі трэнэры, каб, напрыклад, застацца ў Найвышэйшай лізе.
Цяпер жа дамоўленыя матчы ператварыліся ў бізнэс. Вядомы выпадак, калі брамнік зборнай Валерый Шанталосаў быў абвешчаны ў вышук. Шанталосава абвінавачвалі ў тым, што ў 2003 годзе ён падгаворваў гульцоў зборнай забяспечыць лік, патрэбны для расейскіх букмекерскіх кантор.
Летась у сусьветныя мэдыі патрапілі каманды Найвышэйшай лігі «Шахцёр» і «Слуцк». Навіна пра матч з’явілася на афіцыйным сайце «Шахцёру», вялася анлайн-трансляцыя з яе, а букмэкеры прымалі стаўкі. Насамрэч, гульні ў згаданы дзень паміж гэтым камандамі не было.
Па словах Сяргея Сафар’яна, першага намесьніка старшыні Асацыяцыі «Беларуская фэдэрацыя футболу» (АБФФ), за 2015 год колькасць «дзіўных» матчаў вырасла ў чатыры разы ў параўнанні з 2014-м.
«А што ўжо казаць пра ніжэйшыя лігі, — кажа Знавец. — Людзі там гуляюць за бутэрброды, і ёсць спакуса зарабіць на стаўках».
Знавец тлумачыць, як можна «купіць» матч. Па-першае, можна падгаварыць галкіпэра прапусціць пэўную колькасць галоў. Па-другое, можна паставіць на колькасць чырвоных картах у матчы.
Найвышэйшая ліга пад кантролем у міліцыі і спэцслужбаў
Вызначыць, што матч дамоўлены, можна па «прагрузы» — вялікай колькасці ставак на невідавочныя матчы. Часам, гэта робяць самі гульцы і іх сваякі, калі ставяць на свае ж галы ці выдаленні.
Таксама гэта могуць быць трэція асобы, якія купляюць ці асобных гульцоў, ці цэлую каманду.
«Нехта зь Нямеччыны, скажам, можа за пару тысяч даляраў падкупіць беларускую каманду, — кажа Знавец. — Для заробку грошай празь мясцовых можна набыць некалькі камандаў і зарабляць на гэтым неблагія грошы».
Менавіта з гэтай прычыны, большасць сусьветных букмэкерскіх кантор не каціруюць аніякіх беларускіх лігаў, акрамя Найвышэйшай.
Але нават калі каманду і заўважаць на дамоўленых матчах, даказаць яе намер вельмі цяжка. Ва УЕФА гэтыя матчы разьбіраюць так званыя афіцэры нораваў. У Крымінальным кодэксе Беларусі існуе артыкул 253, якім прадугледжвае адказнасць за подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійна-спартовых спаборніцтваў.
«Прынамсі Найвышэйшая ліга пад кантролем у міліцыі і спэцслужбаў», — кажа Знавец.
Калі матчы заканчваюцца з лікам 7: 0, 6: 0, ведайце — яны купленыя
А ў Першай і Другой лігах Чэмпіянату Беларусі, стаўкі на якія прымаюць літаральна некалькі букмэкерскіх кантор, цалкам магчымыя дамоўленыя матчы. Арганізатар дамоўленых матчаў Уілсан Радж Пэрумал з Сінгапуру параўнаў карумпаванасць беларускага футболу з альбанскай спартовай мафіяй.
«Ёсць яшчэ Беларусь, дзе шмат дамоўленых матчаў у ніжэйшых дывізіёнах, — пісаў з-за кратаў у сваёй кнізе пра дамоўленыя матчы Пэрумал. — Калі матчы заканчваюцца там з лікам 7: 0, 6: 0, ведайце — яны набытыя. Гульцы з Усходняй Эўропы гатовыя на ўсё, каб зарабіць на жыццё».
Знавец не выключае, што гульца з ніжэйшых лігаў, дзе часам
нават няма заробкаў, можна падкупіць літаральна за 100 даляраў.
«На жаль такое здараецца», — кажа Знавец.
Затрыманым у нядзелю гульцам «Промня» абвінавачванняў пакуль ня выставілі. Пра падазрэнне футбалістаў у дамоўленым матчы стала вядома толькі падчас затрымання Сяргея Булынёнка. Яго і іншых гульцоў абвінавацілі «ў змове з літоўцам», цытуе футбаліста TUT.BY.
Тым часам Сяргей Сафар’ян заявіў, што матч быў «нячэсным», і што адбывалася маніпулявання вынікам. У гэтым замяшаныя букмэкерскія канторы, сказаў ён Прэсболу.
«Пакуль ніякіх навінаў (зь міліцыі — Р.С.) няма, ідзе разбор справы, — сказаў Булынёнак Свабодзе. — З дамоўленымі матчамі ніколі ў сваім жыцці не сутыкаўся. І ні за якія грошы не гуляў бы іх. Я не дзеля гэтага займаюся футболам з самага дзяцінства».
У Міністэрстве ўнутраных спраў абяцаюць усе адказы наконт пасьляматчавых затрыманняў даць на афіцыйным сайце. У тым ліку наконт збіцьця Сяргея Булынёнка. Ён ужо трэці дзень знаходзіцца ў аддзяленні нэўрахірургіі ў менскім шпіталі. Заўтра яму зробяць аперацыю і праз два тыдні выпішуць.
Паводле Радыё Свабода