Ілля Багданаў — яшчэ адзін падазраваны ў справе пра "здраду дзяржаве"

27 снежня наваполацкі актывіст аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Ілля Багданаў пабываў на допыце ў Віцебскай абласной управе КДБ. Яго дапытваў следчы Алег Барысевіч, які вядзе справу Андрэя Гайдукова, арыштаванага па падазрэнні ў супрацоўніцтве з замежнымі спецслужбамі. Падчас допыту Іллі Багданаву паведамілі, што са сведак яго пераводзяць у падазраваныя па гэтай самай справе.  



kgb_pasvedch.jpg

Паводле Іллі Багданава, допыт працягваўся больш за 4 гадзіны, і гэта не апошні допыт — наступны адбудзецца 9 студзеня 2013 года. Будуць і вочныя стаўкі — па ўсёй верагоднасці, з Андрэем Гайдуковым, распавядае Багданаў.

"Следчы кажа, што нашы з Андрэем паказанні разыходзяцца. І што з гэтай прычыны будзе праводзіцца дадатковае расследаванне. Пакуль мяне пакінулі на волі — хоць і ў статусе падазраванага", — адзначае Ілля Багданаў.

Што да Андрэя Гайдукова, то ён ужо амаль два месяцы знаходзіцца пад вартай. Ён быў затрыманы 8 лістапада ў Віцебску нібыта падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы. Па затрыманні Гайдукова спачатку змясцілі ў мінскі СІЗА КДБ, потым перавялі ў віцебскі СІЗА, а з 22 снежня зноў накіравалі ў Мінск. Дзе яго ўтрымліваюць зараз, дакладна невядома.


spring96.org