Ліст у Генпракуратуру наконт ахоўных зон Курапат

Накіраваў старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.



kurapaty5.jpg

У лісце, між іншым, адзначаецца, што 27 лістапада Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры ўзгадняла праект зон аховы нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”.
Пры разглядзе гэтага пытання ў прысутнасці прадстаўніка Генпракуратуры Віктара Ляўшы былі зацверджаны зоны аховы Курапат з іх паўднёвага, заходняга і паўночнага бакоў. Дарэчы, менавіта на паўночным баку помніка гісторыі і археалогіі ягоная ахоўная зона мяжуе з плямай забудовы катэджнага пасёлку “Сонечны” (забудоўшчык СТАА “Арэна-Сэрвіс”). Але ў пратакол пасяджэння рады за подпісам намесніка міністра культуры, старшыні рады Аляксандра Яцко ўвайшла іншая фармулёўка:
“П.1.4. Прапанаваць у дадзеным праекце зон аховы: 1.4.1. Удакладніць усходні і паўночны участкі мяжы ахоўнай зоны, зыходзячы з узгодненага меркавання зацікаўленых адносна прапаноў па дэтальнаму плану забудовы тэрыторый, размешчаных з поўначы і з ўсходу ад гісторыка-культурнай каштоўнасці”.
Такое рашэнне стварае мажлівасці змяньшэння зон аховы, што прывядзе да пагаршэння ўспрымання каштоўнасці і рэжыму яе ўтрымання, павялічыць нагрузку на тэрыторыю ўрочышча, што супярэчыць артыкулам 27 і 28 закона аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама парушае пункт 3 артыкулу 29 гэтага ж закону, які забараняе распрацоўку горадабудаўнічай, землеўпарадкавальнай і іншай праектнай дакументацыі, рэалізацыя якой без устанаўлення ахоўных зонаў каштоўнасці або без іх нанясення можа аказаць уздеянне на помнік.
Удакладненне межаў зон аховы, “зыходзячы з узгодненага меркавання зацікаўленых адносна прапаноў па дэтальнаму плану забудовы тэрыторый”, мае прыкметы правапарушэння згодна артыкулу 20 закону аб барацьбе з карупцыяй, паколькі сведчыць пра аказанне дзяржаўнымі службовымі асобамі неправамернай перавагі інтарэсам інвестара пры падрыхтоўцы рашэнняў.
Усе названыя дзеянні маюць прыкметы самавольнага здзяйснення свайго сапраўднага ці меркаванага права з боку Аляксандра Яцко, а таксама прыкметы здзяйснення з ягонага боку дзеянняў, якія выходзяць за межы права і паўнамоцтваў, нададзеных па службе намесніку міністра культуры і старшыні рады. Дадзеныя дзеянні несумненна прывядуць да пагаршэння рэгламентаў утрымання каштоўнасці, што пацягне за сабой нанясенне шкоды інтарэсам грамадян, дзяржавы і грамадства (артыкулы 383 і 426 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь).
Старшыня грамадскага аб’яднання просіць Генпракуратуру ініцыяваць скасаванне рашэння рады ад 27 лістапада наконт узгаднення праекту зон аховы Курапатаў, правесці праверку законнасці працэдуры ўзгаднення радай праекту зон аховы ўрочышча, праверыць факты, маючыя прыкметы правапарушэння згодна артыкулу 20 закону аб барацьбе з карупцыяй, і прыцягнуць вінаватых да адказнасці, па выніках праверкі ўзбудзіць крымінальную справу супраць Аляксандра Яцко згодна артыкулаў 383 і 426 крымінальнага кодэксу.
У каментары карэспандэнту НЧ Антон Астаповіч адзначыў, што ўзнятая праблема характэрная не толькі для Курапатаў, бо тычыцца працэсу ўзгаднення праектнай дакументацыі адносна многіх помнікаў архітэктуры і горадабудаўніцтва.