Ліквідацыя Цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў «Вясёлка» ў Мазыры адкладзеная
Пра гэта стала вядома сёння з рашэння Мазырскага райвыканкама №992 ад 25 траўня. Дата ліквідацыі Цэнтра перанесена з 1 ліпеня на 1 кастрычніка. Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка са спасылкай на бацькоў пракаментаваў сітуацыю.
— Калі бацькі дзяцей з асаблівасцямі вядуць вялікую барацьбу па захаванні ў Мазыры гэтага унікальнага Цэнтра, радуешся любым, няхай нават прамежкавым перамогам. Перанос даты яго ліквідацыі на час выбараў — добры пачатак! Як мінімум, дзеці-інваліды пачнуць новы навучальны год у роднай ім установе.
Праваабаронца таксама падзяліўся яшчэ адной свежай навіной. Адказваючы на калектыўную скаргу бацькоў Гомельскі аблвыканкам кажа пра неабходнасць функцыянавання Цэнтра.
Выказваючы асцярожны аптымізм, праваабаронца заяўляе, што пакуль рашэнне аб ліквідацыі Цэнтра у Мазыры не адменена, бацькі будуць працягваць выкарыстоўваць распачатую палітычную кампанію ў інтарэсах захавання Цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей-інвалідаў.
Адзначым, што рэабілітацыйны цэнтр «Вясёлка» ў Мазыры ўжо знаходзіўся пад пагрозай закрыцця. У 2016 годзе выхаванцам установы прыйшлося арганізаваць грамадзянскую кампанію і праводзіць збор подпісаў. Пад адной з петыцый падпісалася амаль 17 тысяч чалавек. Тады мясцовыя ўлады пад ціскам грамадскасці не пайшлі на ліквідацыю неабходнага для людзей з асаблівымі патрэбамі цэнтра.
Паводле gomelspring.org