«Летась звадзіў у паходы 500 чалавек». Сястра загінулага ў Карпатах распавяла пра брата
6 траўня ва ўкраінскіх Карпатах загінулі трое грамадзян Беларусі. Грузавік, якім яны падарожнічалі, абрынуўся з абрыву ў раку Чорны Чарамош з вышыні 30–40 метраў. Сярод смяротных ахвяраў і кіраўнік беларускай групы, якая павінна была сплаўляцца па рацэ, слонімец Яўген Іваноў. Радыё Свабода паразмаўляла з яго сястрой Анжэлай.
За мяжу з турыстамі Яўген ездзіў не
ўпершыню. Апошнія некалькі гадоў ягонае хобі — сплавы па рэках і вандроўкі —
сталі ягонай працай, якой ён зарабляў на жыццё. Іваноў быў заснавальнікам і
кіраўніком турыстычнага клюба «Круцім зямлю»
У сакавіку «Газета Слонімская» апублікавала вялікае інтэрв’ю з Яўгенам. Ён распавёў, што паходы пачаў арганізоўваць пяць гадоў таму.
«Ніколі не раблю рызыкоўных дзеянняў, старанна інструктую хлопцаў і вельмі строга сачу за тэхнікай бяспекі, няхай гэта будзе на вадзе, дарозе, пры абыходжанні з вострым інструментам, вогнішчам і да т. п. У клубе пра мяне ходзяць жарты з маіх цытат: «Бяспека — гэта маё другое імя», — сказаў тады Яўген.
Маршруты ён звычайна планаваў і распрацоўваў сам. Толькі летась у паходах з ім пабывала больш за 500 чалавек. Ён арганізаваў 37 сплаваў, лыжныя паходы і 3 вандроўкі ў Карпаты.
«Да гэтага ён працаваў у войску, Жэня — афіцэр. Але потым паходы сталі яго працай. Ён вельмі гэта любіў, — распавядае сястра Анжэла. — У Карпаты ён ездзіў і раней. Але групы не былі такія вялікія, таму ён выкарыстоўваў уласны транспарт, сам быў за стырном. Гэтым разам давялося здымаць транспарт, каб змясціць усіх ахвотных — гэта 23 асобы плюс ён сам».
У Івана-Франкоўскую вобласць Яўген са сваёй групай выехаў 4 траўня. Учора ўвечары ён патэлефанаваў з Украіны да жонкі ў Слонім.
«Размаўляў з ёй, але пра нейкія нюансы і мовы быць не магло. Жэня вельмі вопытны кіраўнік групы і заўсёды ўсё кантраляваў. Мы не можам да канца паверыць у гэта, калі шчыра. Я не магу асэнсаваць. Вельмі страшна будзе ўбачыць яго. Ён быў вельмі добрым чалавекам. Зайдзіце на яго старонку ў Вконтакте. Паглядзіце, як людзі пра яго выказваюцца. Ніводнага негатыўнага каментара. Проста кіроўца аказаўся недасведчаны. Ён не справіўся з кіраваннем. Адмовілі тармазы, гэта была кепская машына», — распавядае Анжэла.
Кіроўцам аўтамабіля ГАЗ-66 быў 47-гадовы жыхар адной з вёсак у Косаўскім раёне. Паводле паліцыі, ён не даў рады кіраванню на пад’ёме, у выніку чаго аўтамабіль пакаціўся ўніз і перакуліўся ў раку. Паведамляецца таксама, што кіроўца быў у стане алкагольнага апʼянення. Але відавочцы перадалі сястры Яўгена іншую інфармацыю.
«Яны кажуць, што ў яго пасля здарэння быў моцны шок, і таму яму далі алкаголь. Я не магу меркаваць, наколькі гэта праўда. Але кажуць, што ён выпіў ужо пасля. Я не ведаю, хто ў чым вінаваты. Нам цяпер не да гэтага. Але людзі, якія там былі разам з ім, прасілі перадаць, што Жэня ні ў чым невінаваты», — гаворыць сястра.
У бліжэйшы час Анжэла збіраецца выехаць ва Украіну, каб забраць цела брата на радзіму. Пахаванне мае адбыцца ў Слоніме, дзе ў Яўгена Іванова жыве мама, жонка і 2-гадовая дачка.
Разам з Яўгенам Івановым загінулі беларускі Тамара Ашухіна 1991 года нараджэння і Ангеліна Юшкевіч 1996 года нараджэння. Яшчэ 10 грамадзян Беларусі атрымалі раненні і шпіталізаваныя з траўмамі лёгкага і сярэдняга цяжару.