Крыніцы: Афіцэр спецназа КДБ збег з Беларусі за мяжу. Лукашэнкаўцы турбуюцца, што ён загаворыць
Як стала вядома «Н*шай Ніве» ад не звязаных між сабой крыніц унутры і за межамі Беларусі, нядаўна за мяжу збег вайсковец спецназа КДБ «Альфа». Пасля гэтага ягоную групу паставілі «на каранцін» і адхілілі ад выканання заданняў — правяраюць і шукаюць іншых патэнцыйных «здраднікаў». У той жа час яму пакуль няма даверу і за мяжой.
Аб уцёках спецназаўца выданню стала вядома ад суразмоўцаў у
сілавых органах, якія акцэнтавалі ўвагу на тым, што «кіраўніцтва рэпрэсіўнага
апарата застыла ў позе няёмкага чакання».
Папярэдне вядома, што ўцёк афіцэр у званні капітана.
Яго імя, пасада, а таксама ўзровень ягоных допускаў да
інфармацыі пакуль невядомыя. У якіх «аперацыях» ён браў удзел, таксама
няясна.
Вядома толькі, што нелегальны пераход граніцы адбыўся пры
канцы верасня. А калі факт уцёку з карнага органа стаў вядомы начальству, уся
група, дзе служыў перабежчык, адправілася «на карацін», што азначае часовае
адхіленне ад выканання заданняў. Спецназаўцаў правяраюць на лаяльнасць пасля
кроку калегі.
З крыніц у эміграцыйных структурах стала
вядома, што ў пераходзе мяжы спецназаўцу дапамагала антылукашысцкае падполле.
Вядома, што цяпер гэтага спецназаўца правяраюць
контртэрарыстычныя службы адной з сумежных дзяржаў, але «асаблівага даверу ён
не выклікае і мэты яго няясныя».
З пачатку 2020-га года маса сілавікоў адмовілася служыць
рэжыму Лукашэнкі, нейкая частка з іх перайшла ў адкрытую апазіцыю, у тым ліку
старэйшыя афіцэры спецслужбаў і МУС.
Самы знакаміты з такіх афіцэраў — падпалкоўнік Станіслаў
Лупаносаў, які, як лічыцца, вывез разам з сабой каласальны масіў даных з
інфармацыяй пра злачынствы рэжыму, а таксама інфармацыйныя базы.