Краязнаўчыя календары гродзенскага ТБМ зноў не трапяць у продаж
Прыватнае выдавецтва, якое павінна было надрукаваць наклад перакідных календароў на 2013 год, не атрымала дазволу на іх продаж у дзяржаўных крамах.
Краязнаўчыя календары старшыня гарадзенскай суполкі ТБМ Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч рыхтуе, пачынаючы з 2010 года.
Штогод ён спрабуе дамагчыся магчымасці прадаваць календары праз дзяржаўныя крамы, але кожны раз вымушаны друкаваць і распаўсюджваць іх прыватным чынам.
Аляксей Пяткевіч распавядае:
— Календары павінна была надрукаваць прыватная друкарня, але дазвол выпускаць наклад для продажу ў дзяржаўных крамах ёй можа даць толькі «Белкніга». Аднак адказу на зварот у «Белкнігу» друкарня так і не дачакалася, таму мы былі вымушаныя забраць замову.
Цяпер зноў будзем друкаваць прыватным чынам невялікую колькасць асобнікаў і распаўсюджваць без продажу.
Ужо некалькі разоў я спрабаваў дамагчыся, каб нашыя краязнаўчыя календары таксама былі ў крамах, але безвынікова. Усяляк супраціўляюцца, ім гэта непажадана, а друкарні адмаўляліся, тлумачачы фінансавай нявыгаднасцю.
Перакідны краязнаўчы каляндар Гарадзенскага «ТБМ» рыхтуецца на мясцовым матэрыяле. Ён распавядае пра вядомых асоб ( пісьменнікаў, мастакоў, вучоных ) і гістарычныя падзеі, юбілей якіх адзначаецца ў гэтым годзе.