Гендарная роўнасць у заробках: міф ці непазбежная будучыня?

Пра прынцыпы фарміравання заробкаў, гендарныя стэрэатыпы і тэндэнцыі ў аплаце працы Таццяна Ашуркевіч размаўляе з гендарнай даследчыцай Ленай Агарэлышавай у інтэрв'ю для Цэнтра новых ідэй. 

Ілюстрацыя iStock

Ілюстрацыя iStock

Мне складана пісаць пра тое, як павінна выглядаць тая самая «Новая Беларусь». Па-першае, таму што прадказаць, калі яна наступіць, цяжка. Па-другое, абсалютна правільнага адказу на пытанне, як павінна быць уладкавана грамадства, не існуе. Але я перакананая, што нягледзячы на цемру вакол, можна выбраць прынцыпы, якія ты хочаш бачыць, жывучы ў дэмакратыі, і прытрымлівацца іх ужо цяпер. Сярод маіх дакладна ёсць гендарная роўнасць, прычым ва ўсіх абласцях. У гэтым тэксце я разам з гендарнай даследчыцай Ленай Агарэлышавай абмяркоўваю, чаму ў сферы працы дагэтуль захоўваецца розніца ў аплаце працы жанчын і мужчын і што трэба рабіць, каб пазбавіцца ад гэтага эканамічнага разрыву.

Лена Агарэлышава — гендарная даследчыца, удзельніца фемгрупы Каардынацыйнай рады.

— Я вельмі часта чула ад скептыкаў, што ўсе праблемы з гендарнымі пытаннямі прыдумляюць феміністкі. У тым ліку праблему з аплатай працы жанчын. «Працуй лепш — будзеш зарабляць больш», «Пры роўных правах ніхто не перашкаджае жанчынам дамагацца поспехаў», — падобныя фразы прамаўляюцца пастаянна. Давайце звернемся да лічбаў. Ці ёсць нейкія статыстычныя даныя, якія пацвярджаюць, што гэтая праблема сапраўды існуе?

— Так, вядома: ёсць Міжнародны індэкс, які называецца Gender Pay Gap. Гэта спецыяльны паказчык, які дэманструе розніцу ў аплаце працы мужчын і жанчын. У гэтым выпадку бярэцца сярэдняе арыфметычнае значэнне па іх заробках у асобнай краіне або галіне, а затым разлічваецца розніца. Акрамя таго, на практыцы ў асобных арганізацыях і кампаніях індэкс можа разлічвацца па-іншаму: спачатку разглядаюцца абсалютна аднолькавыя спецыяльнасці і аднолькавыя часавыя нагрузкі ў жанчын і мужчын, а ўжо затым параўноўваецца, як адрозніваецца аплата іх працы.

Напрыклад, у кантракце ў чалавека прапісана, што малодшыя памочнікі і памочніцы менеджара ў Mcdonald's атрымліваюць 15 еўра ў гадзіну. Такім чынам, калі ў кантракце указана такая аплата, супрацоўнік павінен атрымліваць менавіта такую суму незалежна ад узросту, расы, нацыянальнасці і полу. Для многіх буйных арганізацый важна не дапускаць дыскрымінацыі, бо гэта з'яўляецца важным складнікам іх іміджу і рэпутацыі. Гэта не азначае, што ўсе работнікі будуць зарабляць аднолькава, незалежна ад сваіх дасягненняў. Хутчэй, ім важна, каб усё было зразумела і празрыста.

— А дзе такая практыка паспяхова ўжываецца?

— Некаторыя міжнародныя арганізацыі ўжо пачалі кантраляваць гэты разрыў у аплаце працы, арыентуючыся на міжнародны Gender Pay Gap. Яны ўкаранілі пастаянную практыку маніторынгу, каб пераканацца, што заробкі адпавядаюць прынцыпам роўнасці. У выніку гэтага ў некаторых выпадках стала ясна, што жанчыны на аднолькавых пазіцыях зарабляюць больш. Так што праблема гендэрнага разрыву не заўсёды працуе на шкоду жанчынам. Наадварот, часам гэты маніторынг можа паказваць выпадкі, калі мужчынам недаплачваюць, напрыклад, у Брытанскім музеі. (Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра тое ж сярэдняе арыфметычнае значэнне. Чым больш жанчын з кваліфікаванай спецыяльнасцю, тым вышэй іх сярэдні заробак ў параўнанні з мужчынамі. - Заўвага аўтара.)

Лена Агарэлышава. Фота svaboda.org (RFE/RL)

Лена Агарэлышава. Фота svaboda.org (RFE/RL)

— Давай пагаворым у прынцыпе пра фактары, якія ўплываюць на гэты разрыў у розных краінах і асобна  у Беларусі.

— Мы ў цэлым можам абмяркоўваць гэтую праблему на беларускім кейсе. На жаль, дыскрымінацыя ў нас пачынаецца яшчэ з моманту навучання ў школе, дзе дзяўчынкам часта кажуць, што тэхнічныя і прыродазнаўчыя прадметы не для іх (згодна з UNESCO, у адукацыйным працэсе ад дыскрымінацыі па гендару часцей пакутуюць дзяўчынкі і жанчыны).

Гэтая гісторыя працягваецца ва ўніверсітэце, асабліва на тэхнічных спецыяльнасцях, калі выкладчыкі адкрыта заяўляюць, што гэта ўсе гэтыя прафесіі створаны для мужчын. Яны нават могуць казаць, што для жанчын поспехам з'яўляецца шлюб да заканчэння вучобы.

— Так, гэта знаёмая сітуацыя. Я памятаю, што ў школе нам казалі пра тое, што фізіка і матэматыка  для хлопчыкаў, а гуманітарныя навукі  для дзяўчынак.

— Усё гэта адлюстроўвае ўстаноўкі, якія дагэтуль шырока распаўсюджаныя, і не толькі ў беларускім грамадстве.

З вельмі відавочных прыкладаў магу ўспомніць папулярнае ўяўленне, што роля жанчыны ў жыцці  займацца сям'ёй, а мужчыны  быць карміцелем. І калі гаворка на працы заходзіць аб будучай сям'і, сямейным мужчынам бывае лягчэй пабудаваць кар'еру, чым жанчынам. Апошнім даводзіцца дадаткова даказваць, што яны не плануюць станавіцца маці ў бліжэйшы час. Часам здаецца, што працадаўцы думаюць, быццам жанчына збіраецца нараджаць ужо на наступны дзень пасля працаўладкавання.

Глядзіце таксама

— Думаю, ад такога стаўлення пакутуюць не толькі жанчыны без дзяцей, але і тыя, у каго ўжо ёсць сям'я.

— Так, вядома. У тых, у каго ўжо ёсць сям'я, узнікае іншая дылема: як сумяшчаць клопат пра сям'ю і дзяцей і працу. А яшчэ даследаванні паказваюць, што пасля нараджэння дзяцей у кар'еры жанчын часцей здараецца перапынак. У мужчын, наадварот, наяўнасць дзяцей не ўплывае на рост заробку, а часам нават спрыяе кар'ернаму росту. Гэта падкрэслівае, што ён здольны займацца некалькімі задачамі. У грамадстве існуе стэрэатып, што мужчына з дзецьмі ўспрымаецца як больш адказны, а да жанчын узнікаюць пытанні аб тым, як яны збіраюцца сумяшчаць працу і мацярынства.

— А якія наогул існуюць стратэгіі для барацьбы з гэтай эканамічнай няроўнасцю? Уявім, што нам трэба будзе разабрацца з гэтай праблемай у Беларусі. Як можна змагацца з усім гэтым на заканадаўчым узроўні?

— У некаторых краінах ёсць закон аб роўнай аплаце працы. І ў такім выпадку, вядома, кантраляваць гэтае пытанне становіцца прасцей. Ты больш разумееш, што адбываецца, чаму гэта адбываецца, з'яўляецца ўяўленне, што з гэтым можна рабіць.

Складана ацаніць, наколькі востра стаіць праблема гендарнай няроўнасці аплаты працы ў Беларусі, паколькі для гэтага неабходна правесці адпаведныя даследаванні па асобных галінах і спецыяльнасцях, як гэта робіцца ў іншых краінах свету. У сярэднім заробак жанчын у Беларусі на 20% меншы, чым заробак мужчын. І гэты разрыў працягвае расці нават нягледзячы на тое, што колькасць працуючых жанчын у нас вышэй за мужчын. А сярод працуючых жанчын пры гэтым больш людзей з вышэйшай адукацыяй.

Глядзіце таксама

Я думаю, перш за ўсё трэба прасоўваць веданне, што роўная аплата працы — гэта не прывілей, а норма. І гэта выгадна ўсім. Калі жанчына — адзінокая маці з дзецьмі, то роўная аплата працы дазволіць ёй выдаткоўваць больш рэсурсаў на нармальнае выхаванне дзяцей, у тым ліку мужчын.

А яшчэ даследаванні паказваюць, што крэдыты на жаночае прадпрымальніцтва могуць быць больш выгаднымі, бо жанчыны менш рызыкоўныя і часцей выдаткоўваюць сродкі на сям'ю і дзяцей, што ў доўгатэрміновай перспектыве спрыяе развіццю рэгіёна. У прынцыпе самы галоўны факт, які важна разумець, заключаецца ў тым, што меншая занятасць жанчын у эканоміцы з-за розных стэрэатыпаў можа прывесці да меншага даходу краіны.